Святочная імша ў Дзятлаўскім касцёле (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

15 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.

Нягледзячы на будні дзень, сабралася шмат вернікаў, ксяндзоў, каб ушанаваць Маці Божую Унебаўзятую – галоўную апякунку касцёла.

Напачатку ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных. Ён адзначыў, што сёння ў Дзятлаўскай парафіі дажынкі, а таксама яшчэ адна нагода: павіншаваць з 40-годдзем служэння ксяндза Юзафа Занеўскага.

Шчыра і ад усяго сэрца віншавалі ксяндза Юзафа дзеці і моладзь араторыя. Пажадалі радасці, моцнага здароўя, добразычлівасці ад людзей, нязгаснага запалу ў веры, сілаў у душпастырскай паслузе.

Сястру Хэлену, якая сёлета таксама адзначае свой юбілей – 15-ю гадавіну служэння ў манастве, таксама павіншавалі, выказалі самыя найлепшыя пажаданні: “Мы ўсе вас вельмі любім. На вашым твары ніколі не знікае ўсмешка, вы заўсёды падтрымліваеце добрым словам і прыкладам”.

Ксяндзу Здзіславу дзеці падзякавалі за яго адкрытае сэрца, непагасную любоў да прыхаджан, добрыя вочы і цёплую ўсмешку, за Божае слова, якое пасеяў у сэрцах. Пажадалі моцнага здароўя, сілаў, радасці.

 

Ад імя ўсіх парафіян адна з прыхаджанак павітала гасцей, якія прыехалі ў Дзятлава. Яна нагадала, што сёння спаўняецца чатыры гады святарскай працы ксяндза Здзіслава Пікулы на Дзятлаўшчыне. Падзякавала яму за яго служэнне, самаахвярную працу, добразычлівасць, абвяшчэнне Божага слова. Пажадала, каб яго сэрца заўсёды было напоўнена супакоем і любоўю.

Святары і вернікі ўсе разам памаліліся, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай.

Запаленая свечка, букет каляровых кветак, каласы збожжа з садавіной і агароднінай, сноп, хлеб – усё гэта стала дарамі, якія вернікі касцёла прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці ў знак удзячнасці. Прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна прынеслі снапкі з каласоў новага ўраджаю.

Напрыканцы службы вернікі касцёла асвяцілі кветкі, садавіну і агародніну. Завяршылася свята хрэсным ходам вакол касцёла.

 

 

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *