Ёсць у кожнага любы сэрцу куток

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

2018 год, як вядома, аб’яўлены Годам малой радзімы. А яна, гэтая самая малая радзіма, найбольш блізкі і дарагі сэрцу куточак, ёсць у кожнага.

І перш за ўсё ў тых, хто ў свой час перабраўся з вёскі ў горад. Жыве сёння, напрыклад, на шостым ці дзявятым паверсе тыповай шматпавярхоўкі, дзе ёсць усе зручнасці, здавалася б, даўно ўжо звыкся з напружаным рытмам гарадской мітусні, а ўспаміны не-не ды і вернуць іншы раз у далёкае дзяцінства, калі яшчэ на золку будзіў спеў гарластых пеўняў, а раніцай можна было басанож прабегчы па роснай траве, выпіць з матуліных рук шклянку цёплага пахучага сырадою…

Вёскі, вёсачкі, хутары…

Нарадзіўся я на Дзятлаўшчыне, у невялічкай вёсцы Прунцаўшчына, што амаль на мяжы аж некалькіх раёнаў: Мастоўскага, Слонімскага, Зэльвенскага. Хаця, гэта была нават не вёска, а хутар, дзе налічвалася з паўтара дзясятка разрозненых сялянскіх сядзіб. Прычым сядзіб нават па тым часе даволі моцных. Гультаёў тады на вёсцы не было. Людзі працавалі ад цямна да цямна, хоць і атрымлівалі за гэта капейкі. Але жылі ў згодзе ды з павагай ставіліся адзін да аднаго. Існавала тады на вёсцы і такое, што мала дзе можна было ўбачыць на дзвярах замок. Адлучыліся, скажам, гаспадары недзе па справах, зачынілі веснічкі, прыставілі да іх звонку звычайную палку і ўсё. Гэта значыла, што нікога ў хаце няма, і ніхто туды не пойдзе…

Мае землякі, як я ўжо адзначаў, былі простымі працаўнікамі. Далей райцэнтра мала дзе тады хто з іх бываў. Не тое, што іх дзеці ці ўнукі. Асабліва добры шанц у гэтым плане мелі хлопцы, якія прызываліся на службу ў армію. У час службы можна было апынуцца ў любой кропцы вялікага Савецкага Саюза. І аказваліся хлопцы з Прунцаўшчыны, навакольных вёсак у Літве ці Карэліі, у Сярэдняй Азіі ці нават на Далёкім Усходзе. І ўжо за вялікае шчасце лічылася, калі выпадала трапіць у Маскву ці Ленінград…

Вось адзін толькі прыклад. Жыла на Прунцаўшчыне звычайная кабета – Мар’я Бяляўская. Дачка яе знайшла сабе справу ў Слоніме, а сын Уладзімір, калі пайшоў у армію, пасля службы таксама вырашыў застацца ў горадзе. А службу ён праходзіў менавіта ў Маскве. Там і стаў працаваць у міліцыі. Ды яшчэ не абы дзе, а ў знакамітым МУРы – у Маскоўскім крымінальным вышуку, даслужыўся да падпалкоўніка міліцыі.

І вось цікавая дэталь. Калі Уладзімір Бяляўскі займаў ужо даволі высокую пасаду, ён штогод свой чарговы водпуск праводзіў у родных мясцінах. Стараўся дапамагчы маці, якой было ўжо пад 80, даражыў ён і сустрэчамі з сябрамі свайго дзяцінства. У такіх выпадках абавязкова наведваўся і ў хату майго цесця, Эдуарда Цынса, які жыў у Падвялікім. За традыцыйнай пры такіх сустрэчах чаркай гарэлкі мужчыны вялі сваю нетаропкую гаворку, успаміналі дзяцінства, аднагодкаў. Пра свае міліцэйскія справы Уладзімір Бяляўскі расказваў мала. А я і сёння са шкадаваннем іншы раз успамінаю той час: колькі цікавага мог я тады пачуць з вуснаў сталага опера з легендарнай Пятроўкі, 38…

Маёй роднай Прунцаўшчыны даўно ўжо няма. Яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя пачаўся знос падобных пасяленняў. І хутаране, без асаблівай, праўда, ахвоты сталі перабірацца на новае месца жыхарства: хто ў бліжэйшую ад іх вёску Падвялікае, хто ў Дзянісава – на цэнтральную сядзібу мясцовага калгаса “Слава працы”.

А вось што тычыцца вёскі Падвялікае, дык з гэтай вёскай мяне і сёння звязвае вельмі многае. Сюды я пайшоў у першы клас і правучыўся тут амаль чатыры гады, пакуль і наша сям’я не пераехала на новае месца. Праўда, дабірацца да школы, якая знаходзілася ад дому на адлегласці трох кіламетраў, было нялёгка, асабліва ўзімку, калі ногі так і патаналі ў снезе.

А Падвялікае на той час было цэнтрам сельсавета. Тут дзейнічалі васьмігадовая школа, прасторны клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі.

Яшчэ ў канцы 70-х – пачатку 80-х жыццё тут біла, як тады казалі, ключом. І вечарыны ладзіліся, на якія збіралася моладзь з навакольных вёсак, і вяселлі гулялі.

Сярод жыхароў гэтай вёскі было нямала людзей заслужаных, паважаных. Узяць хаця б адну толькі сям’ю Журавых, хата якіх знаходзілася амаль пасярэдзіне вёскі. Гаспадар, Уладзімір Ягоравіч, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, меў шмат баявых узнагародаў. Яго жонка, Ганна Пятроўна, усё жыццё працавала настаўніцай у мясцовай школе.

Калі жывеш на вёсцы, дык, здаецца, да дробязей ведаеш усё і пра ўсіх. Аказваецца, гэта не заўсёды так. Калі ў 80-я гады пачалі друкавацца ўспаміны тагачаснага Генеральнага сакратара ЦК КПСС Л. І. Брэжнева і сярод іх выйшла кніга “Малая зямля”, высветлілася, што непасрэдным удзельнікам тых гераічных падзеяў быў і Уладзімір Жураў.

Шкада толькі, што няма ўжо сёння сярод жывых вельмі і вельмі многіх з тых, хто жыў і працаваў у той час. Няма, на вялікі жаль, і той школы, і клуба. Ды і сама вёска ўсё больш і больш пусцее…

А вось яшчэ адна, ужо больш блізкая, практычна, сучасная гісторыя. За некалькі кіламетраў ад Падвялікага знаходзіцца невялічкая вёсачка Скрундзі. Сярод іншых яе жыхароў я добра ведаў дзве сям’і Кедукоў. Гэта браты Эдуард і Вайцех. І сем’і гэтыя таленавітыя, тут кожны мужчына – надзвычай здольны музыкант-самавучка. Напрыклад, адзін з Кедукоў – Уладзімір Эдуардавіч – у свой час працаваў музычным кіраўніком у Гродзенскім электратэхнічным каледжы імя І. Счаснага. На жаль, ён даволі рана пайшоў з жыцця: яго сэрца раптоўна спынілася прама на працы.

Па слядах бацькі пайшоў і сын Кірыл, які сёння без усялякага перабольшвання знаходзіцца на музычным Алімпе. Ён з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных конкурсаў, выступаў з канцэртамі ў Іспаніі, Францыі, Расіі, Украіне, іншых краінах. Закончыў аспірантуру

Каралеўскага Паўночнага каледжа музыкі ў Манчэстэры. І хоць нарадзіўся Кірыл Кедук у Гродне, дзе і атрымаў першыя прафесійныя навыкі, усё ж прыемна, што ў знакамітага музыканта-піяніста і нашы, тутэйшыя карані…

Калі заходзіць гаворка пра маю малую радзіму, я заўсёды з асаблівай цеплынёй узгадваю яшчэ адзін мілы сэрцу куточак, утульны, непаўторны па сваёй прыгажосці – Рэчаньку, што знаходзіцца ля ракі Шчары паміж вёскамі Скрундзі і Трахімавічы. “Рэчанька” – такую назву ў свой час атрымаў Дом адпачынку, ініцыятыва пабудаваць які для працаўнікоў гаспадаркі належала тагачаснаму старшылі калгаса “Слава працы” Паўлу Сарадоеву. Вось і з’явіўся ў канцы 60-х побач са Шчарай двухпавярховы будынак “санаторыя” мясцовага значэння. Калгаснікі, вядомая справа, прывыклі працаваць без адпачынку, ды і часу на гэта не было. Затое сталічных гасцей тут можна было сустрэць вельмі часта. Расказвалі, неяк завітаў сюды паэт Пятрусь Броўка. Пабыў, адпачыў, а калі вярнуўся ў Мінск, настойліва раіў сваім сябрам: “Адпачываць, хлопцы, абавязкова едзьце ў “Рэчаньку”. Там вада ў Шчары чыстая-чыстая, няма транзістараў, а калі па вечарах заспяваюць дзе-небудзь у бліжэйшай вёсцы жанчыны, дык сэрца замірае…”

Рэчанька ўспамінаецца мне яшчэ і з такой нагоды. Навакольныя мясціны – партызанскі край. Адзін з партызанскіх лагераў у вайну знаходзіўся зусім побач. Нават захаваліся былі партызанскія зямлянкі. У 70-80-ыя гады іх даглядалі навучэнцы Казлоўшчынскага ПТВ, падтрымлівалі тут парадак.

У той жа час летам, у дзень вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тут, на беразе Шчары, праходзіла асабліва хвалюючае мерапрыемства – сустрэча баявых сяброў. Заўсёды было шматлюдна і ўрачыста. Гучалі песні, моцна абдымалі адзін аднаго баявыя таварышы, успаміналі мінулае, падымалі чарку за тых, хто загінуў у баях ці памёр ад атрыманых ран ужо пасля вайны.

Мне пашчасціла быць на адной з такіх сустрэч яшчэ ў час праходжання ў рэдакцыі “Перамогі” вытворчай практыкі. Вядома ж, сустрэў там нямала знаёмых мне людзей і быў здзіўлены, калі бачыў на грудзях амаль кожнага з іх баявыя ўзнагароды. Але асабліва ўразіў наступны эпізод, калі я спыніўся ля адной з групкаў удзельнікаў свята, якія размясціліся прама на траве вакол няхітрага паходнага “стала”, дзе меліся кансервы, свежыя агуркі, памідоры і ўсё астатняе. Гамонка тут была асабліва ажыўленай, да яе ўважліва прыслухоўваліся і іншыя ўдзельнікі свята, што таксама размясціліся побач.

А ў цэнтры гэтай кампаніі выдзяляўся чалавек, які хоць і быў апрануты па-простаму і таксама меў баявыя ўзнагароды, аднак, мяркуючы па ўсім, займаў нейкую высокую пасаду. Так яно і аказалася. Гэта быў намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Ілья Глазкоў, былы камісар партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола, што ў гады вайны дзейнічала ў гэтых мясцінах. І звяла ўсіх іх разам памяць аб былых баявых паходах, сябрах-таварышах…

Замест пасляслоўя.

Трэба дома бываць не госцем

Паняцце малая радзіма ўключае ў сябе вельмі многае. І шмат аб чым яшчэ можна было прыгадаць, шмат якія падзеі засталіся не закранутымі. Вось толькі шкада, што з цягам часу мы як бы аддаляемся ад родных мясцін, ад таго, што калі страціш, то назад ужо ніяк не вернеш. І праўду казаў паэт: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем”. Трэба памятаць і шанаваць свае карані, каб іх ведалі і шанавалі нашы дзеці і ўнукі. І ганарыліся ўсім гэтым.

Уладзімір ТОМЧЫК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *