Яркі колер спартыўнага адпачынку. Летнік “Алімпіёнік” завяршыў сваю работу

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Летні адпачынак самы працяглы па часе, таму і правесці яго неабходна не толькі цікава, але і карысна. Тут вернымі дарадчыкамі дзяцей і іх бацькоў выступаюць педагагічныя ўстановы, якія на працягу ўсіх канікулаў актыўна праводзяць аздараўленчую кампанію.

Аматараў фізічнай культуры і спорту 30 ліпеня на базе сярэдняй школы №1 горада Дзятлава сабраў дзевяцідзённы спартыўна-аздараўленчы летнік з кругласутачным знаходжаннем пад назвай “Алімпіёнік”.

Педагогі загадзя паклапаціліся аб камфортным знаходжанні выхаванцаў: правялі маніторынг інтарэсаў і пажаданняў сярод дзяцей і іх бацькоў, прадумалі асноўныя накірункі праграмы, належным чынам падрыхтаваліся да прыёму дзяцей.

У час работы летніка адміністрацыяй навучальнай установы былі прыняты меры па стварэнні бяспечных умоваў знаходжання, адпачынку і аздараўлення, па недапушчэнні гібелі і траўматызму дзяцей і работнікаў летніка. Былі створаны адпаведныя ўмовы для пражывання: абсталяваны ўтульныя пакоі для адпачынку, на базе школьнай  сталовай арганізавана пяціразовае харчаванне, добраўпарадкаваны душавыя кабінкі і санвузлы.

План летніка выхавальнікі арганізавалі так, каб кожны дзень адпавядаў пэўнай тэме: у цэнтры ўвагі – спорт і здароўе, а таксама экалогія, бяспека, краязнаўства і іншыя.

Ладзіліся для выхаванцаў актыўныя гульні, займальныя віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы па баскетболе, футболе, піянерболе, валейболе. Прадэманстраваць свае таленты дзеці змаглі ў інтэрактыўных конкурсах.

– На ваш погляд, ці запамінальным быў адпачынак для дзяцей?

Начальнік аздараўленчага летніка Ала Сіняк:                                                                                                         

– Неабходна адзначыць, што летнік з кругласутачным знаходжаннем упершыню быў арганізаваны на базе нашай школы і ўжо з першых дзён яго работу стала зразумелым: мы не прагадалі. У змене адпачывалі 25 дзяцей рознага ўзросту. У сувязі з тым, што асноўны накірунак летніка – фізічная падрыхтоўка і спорт, а пераважная частка выхаванцаў летніка – хлопчыкі, больш за ўсё тут ладзілася спартыўных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, актыўных гульняў і конкурсаў. Не забываліся і пра карысныя справы: дапамагалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, арганізоўвалі працоўныя дэсанты. Не засталіся па-за ўвагай  сустрэчы з прадстаўнікамі духавенства, інспектарамі РАУС і РАНС, супрацоўнікамі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Кожны вечар ладзіліся тэматычныя дыскатэкі.

Выхавальнік  летніка – настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Райдзюк:                                                               

– Акрамя інтэнсіўных трэніровак, спаборніцтваў і гульняў для пашырэння кругагляду дзяцей дэманстраваліся фільмы пра вядомых сусветных спартсменаў. Каб адпачынак быў паўнавартасным, былі арганізаваны экскурсіі ў Ліду, Навагрудак, Літоўку. Таксама ладзіліся экалагічныя паходы, мерапрыемствы па бяспецы жыццядзейнасці. Неабходна адзначыць, што агульныя мерапрыемствы ў час сумеснага  адпачынку аб’ядналі дзяцей рознага ўзросту, паспрыялі іх сяброўству.

Пагутарыўшы з дзецьмі ў апошні дзень працы летніка, становіцца зразумелым, што адпачынак атрымаўся насычаным і  актыўным, сумаваць не прыходілася.

Выхавальнік  летніка Юлія Юргель:

– У памяці нашых дзяцей надоўга застануцца прыемныя ўражанні аб актыўных мерапрыемствах і займальных экскурсіях у Літоўку Навагрудскага раёна, спартыўная гульня з шэрагам азартных заданняў пад назвай “Лазертак” у клубе “Ратнік”(горад Ліда). У планах на будучы год  – наведаць Лядовыя палацы ў Лідзе і Баранавічах, сустрэцца з таленавітымі спартсменамі раёна.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ     



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *