Дружная кагорта хлебаробаў. Віншавалі перадавікоў КСУП “Дварэц-Агра”

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Пачатак бягучага  тыдня абвясціў новыя перамогі аграрыяў. 8 жніўня віншавалі з працоўнымі дасягненнямі адказных рупліўцаў сельскіх палеткаў КСУП “Дварэц-Агра”: лепшымі ў гаспадарцы сталі сямейны экіпаж камбайнераў Андрэя і Сяргея Ляўкевічаў, якія не першы год працуюць у тандэме на камбайне КЗС-1218, і вадзіцель МАЗ-555147 Дзмітрый Маліка, які сёлета працуе на адвозцы збожжа ад камбайнаў.

Павіншаваць працаўнікоў, перадавікоў сёлетняга жніва прыехалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Халява і старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алена Бераснева. Яны пажадалі хлебаробам моцнага  здароўя, радаснага настрою, новых дасягненняў, сямейнага дабрабыту і, нягледзячы ні на што, упэўненасці ў заўтрашнім дні, уручылі Падзячныя лісты і сертыфікаты на атрыманне грашовых прэмій, а таксама падарункі з прафсаюзнай сімволікай.

Словы віншаванняў перадавікам раёна выказалі старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Андрэй Сатараў, старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, кіраўнік КСУП “Дварэц-Агра” Дзмітрый Каско, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Сачык.

Яны выказалі хлебаробам падзяку за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі, высокія паказчыкі ў працы, старанне. Праца лепшых працаўнікоў раёна была адзначана каштоўнымі падарункамі.

Музычныя віншаванні хлебаробы прымалі ад работнікаў Дзятлаўскага дома культуры і народнай творчасці.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *