У дзятлаўчан дыпломы са “Славянскага базару”

Галоўнае Культура і адпачынак

Добрай традыцыяй для аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва Дзятлаўскага раёна стаў удзел у Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў у Віцебску, які штогод ладзіцца ў рамках “Славянскага базару”.

Сёлета наведвальнікі “Праменьчыка” і спецыялісты аддзялення вырашылі здзівіць удзельнікаў і гледачоў фестывалю “Віцебск-2018” арыгінальнымі выставамі творчасці і вакальнымі нумарамі. А таму Дзятлаўская дэлегацыя “заявілася” ў дзвюх намінацыях: “Народны і эстрадны вакал” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

У сталіцу фестывалю дзятлаўчане прывезлі дзве выставы – стрыманую, сучасную і даволі арыгінальную “Джынсавую фантазію”, дзе экспанаваліся вырабы ручной работы з джынсу на любы густ, і яркую, амбіцыёзную, характарную выставу “Лялькі народаў свету”, якая прываблівала гледачоў прыгожымі народнымі касцюмамі і адметнымі вобразамі прадстаўнікоў розных нацый.

На сцэну віцебскага фестывалю сёлета падняліся нашы землякі Ірына Бакшук з народнай песняй “А гармонік грае, грае” і Сяргей Малышчык, які выканаў эстрадную песню “Мілае Дзятлава” з паказам вымпелаў і сімвалаў (песню ў Дзятлаве ўжо паспелі перайменаваць у “гімн” горада).

Прафесійнае журы станоўча ацаніла выступленні і майстэрства дзятлаўчан. З Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў “Віцебск-2018” яны вярнуліся з дыпломам першай ступені – Алене Калюцік і Галіне Касцюк (прадстаўлялі выставы) “за дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, трэцяй ступені – Сяргею Малышчыку “за эстрадны вакал”, з дыпломам удзельніка – Ірыне Бакшук “за народны вакал”. Таксама дэлегацыя Дзятлаўскага раёна прывезла і перадала прызы фестывалю аддзяленню “Праменьчык” і клубу “Нам гады не бяда”.

Загадчыца аддзялення Алена Калюцік зазначае, што дастойная ацэнка нашага раёна – гэта заслуга агульная. Яна дзякуе за падтрымку, супрацоўніцтва і асабісты ўклад у папаўненне выставаў і прадрыхтоўку да паездкі кіраўніку клуба “Нам гады не бяда” Галіне Касцюк, кіраўнікам гурткоў па дэкаратыўна-прыкладной творчасці Валянціне Баландзіной і Валянціне Саламевіч, а таксама старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Валянціне Берднікавай.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *