Стратэгічная задача – зніжэнне затрат на выраб прадукцыі

Галоўнае Свежыя навіны Улада

З рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц. У час візіту ён пабыў у ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” і сустрэўся з калектывам прадпрыемства. У складзе рабочай групы таксама былі старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік і начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Алег Урбановіч.

Каля прахадной гасцей павітала часова выконваючая абавязкі дырэктара ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” Вольга Болцік і запрасіла ў актавую залу, дзе ўжо сабраліся работнікі.

Аляксандр Дубовік коратка ахарактарызаваў завод, зазначыўшы, што заснаваны ён у 1945 годзе, цяпер тут працуюць 246 чалавек, гэта валаўтваральнае прадпрыемства раёна, доля якога 40% у агульнай вытворчасці прадукцыі і 60% у агульным экспарце раёна.

– Падобныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі вышэйшых адказных асобаў нашай краіны, міністраў Рэспублікі Беларусь праходзяць па ўсёй тэрыторыі дзяржавы, на большасці прадпрыемстваў. І мне пачэсна сустрэцца з вамі, адказаць на пытанні, пазнаёміцца з калектывам, падзякаваць за вашы поспехі ў 2017 годзе, – пачаў сваё выступленне Леанід Заяц. – У вас добрыя вытворчыя і эканамічныя паказчыкі, “Сырная страна” захавала лідзіруючыя пазіцыі адносна прадпрыемстваў Беларусі, дзякую вам за гэта.

Аднак у далейшым, каб быць паспяховымі, варта скіроўваць увагу на шэраг пазіцый. Трэба павялічваць экспартныя пастаўкі прадукцыі, разгружаць склады, павышаць прадукцыйнасць, зніжаць затраты і на фоне пералічанага павышаць заработную плату. Гэта патрабаванне кіраўніка дзяржавы. Яно правільнае, бо кожны грамадзянін нашай рэспублікі павінен жыць дастойна, а крыніца дабрабыту людзей – заработная плата. Рэзервы для развіцця яшчэ ёсць.

Паколькі я курырую аграпрамысловы комплекс, адказваю за харчовую бяспеку краіны, магу зазначыць, што мы з вамі насыцілі ўнутраны рынак прадуктамі харчавання айчыннага аграпрамысловага комплексу. Выніковымі былі 2016-2017 гады: прырост склаў 351 тысячу тон малака і практычна 79 тысяч тон мяса. Мы загрузілі перапрацоўчыя прадпрыемствы і выпусцілі неабходную колькасць прадукцыі, каб забяспечыць нашых спажыўцоў і лішкі прадаць за межы дзяржавы. Упершыню ў 2017 годзе краіна забяспечыла ўдой на карову 5 тысяч кілаграм малака і выйшла на паказчык 7 мільёнаў тон. Лідзіруючыя пазіцыі займаюць Брэсцкая, Гродзенская, Мінская вобласці. Ёсць лідары і ў вытворчасці зерня. За кошт экспарту сельгаспрадукцыі валютная выручка краіны летась склала 5 мільярдаў долараў ЗША.

Шмат сродкаў укладзена ў развіццё гаспадарак, удасканаленне тэхналогій, арганізацыю вытворчасці прадукцыі. Сродкі, укладзеныя ў аграпрамысловы комплекс, даюць аддачу (за 2011-2016 гады выкарыстаны 8,3 мільярда долараў ЗША бюджэтных грошай, а валютнай выручкі атрымалі 28 мільярдаў долараў ЗША). У першым паўгоддзі 2018 года за кошт экспарту сельгаспрадукцыі краіна “выручыла” 2 мільярды 70 мільёнаў долараў ЗША, што на 127 мільёнаў вышэй, чым за аналагічны перыяд 2017 года.

Цяпер наша галоўная задача – убраць усё, што вырасла на палях. Складаныя ўмовы надвор’я паўплывалі на фарміраванне ўраджаю і вытворчасць кармоў. Ужо зжата па рэспубліцы 368 тысяч гектараў зерневых, намалочана адзін мільён 72 тысячы тон зерня, аднак ураджайнасць амаль на два цэнтнеры ніжэй, чым летась. Прагнозы на ўраджай кукурузы, цукровых буракоў, бульбы дастаткова аптымістычныя, сёлета плануем сабраць іх больш. У планах – нарыхтаваць астаткі травяністых кармоў – 28,6 ц/га, забяспечыць поўны рацыён жывёлы з разлікам, каб выйсці на прыбаўкі прадукцыі з ростам 2,4% адносна 2017 года і павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі малака і мяса, а значыць, экспарт і валютную выручку не менш, чым на 8%.

Канкурэнцыя на знешніх рынках вельмі жорсткая, хаця беларускі прадукт якасны і не саступае прадукцыі іншых краін. Вялікія гандлёвыя сеткі спрабуюць дыктаваць сваю палітыку нашым вытворцам, хаця простыя людзі з задавальненнем набываюць беларускія тавары. Наша дзяржава спрабуе асвойваць рынак Кітая, але там нявыгадная для нас цэнавая палітыка. Каб знізіць цэны на малочныя тавары, мы павінны максімальна знізіць затраты на іх вытворчасць. Гэта – стратэгічная задача для кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў Беларусі.

Што тычыцца рэальнага сектара эканомікі, у нашай краіне 1380 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 11,5% з якіх – затратныя. Прэзідэнт нядаўна падтрымаў прапанову ўрада аб фінансавым аздараўленні гаспадарак, якія бралі крэдыты на будаўніцтва малочнатаварных фермаў. Рашэнне перааснасціць малочнатаварныя фермы было правільным, бо яны былі на ручным упраўленні. За кошт мадэрнізацыі дзяржава значна павялічыла вытворчасць малака і мяса. Цяпер мы маем якасны прадукт, і яго дастаткова, каб накарміць сваіх грамадзян і прадаць лішкі за мяжу.

Наша новая задача – захаваць усе набыткі і развівацца далей, каб дастойна жылі прадпрыемствы, жыла краіна, жыў чалавек.

Напрыканцы свайго выступлення Леанід Заяц зазначыў, што яму прыемна было сустрэцца з паспяховым калектывам, дзе так многа маладых работнікаў, ён пажадаў дзятлаўскім сыраробам і іх сем’ям шчасця і дабрабыту.

У сваю чаргу старшыня Дзятлаўскага райвыканкама падзякаваў міністру сельскай гаспадаркі і харчавання, што, нягледзячы на сціслы рабочы графік, ён знайшоў час прыехаць на Дзятлаўшчыну і пагутарыць з людзьмі.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *