Стараста вёскі Міроўшчына

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнай вёсцы ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі і ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.

Пра сваё жыццё, дасягненні і абавязкі расказала стараста вёскі Міроўшчына Марыя Сасінская:

— Нарадзілася я ў вёсцы Яхноўшчына. Скончыла Раготнаўскую школу і паступіла ў Мінскае тэхнічнае вучылішча №93 на спецыяльнасць швачка-матарыстка. Працавала на Навагрудскай швейнай фабрыцы, у Дзятлаўскім яслі-садзе, надомнай рабочай на заводзе “Металіст”. Шаснаццаць гадоў адпрацавала паштальёнам, мяне і сёння памятаюць многія жыхары вёсак Нямковічы, Труханавічы, Пацаўшчына, Міроўшчына, дзе я разносіла пошту.

— Пэўна, маеце ўзнагароды за шматгадовую работу?

— Так. Маё імя двойчы было занесена на паштовую Дошку гонару – на раённую і абласную. Не раз узнагароджвалі граматамі і падзякамі за добрасумленную працу і высокія паказчыкі. Двойчы я атрымлівала граматы Гродзенскага аблвыканкама.

— А чаму памянялі месца работы?

— Зараз я працую санітаркай у Дзятлаўскай раённай бальніцы. Прыйшлося перайсці на другое месца работы з-за праблемаў са здароўем. На пошце працаваць падабалася, але цяжка, калі працуеш з людзьмі, на сябе часу зусім не застаецца.

— Як даўно з’яўляецеся старастай сваёй вёскі?

— Ужо васямнаццаць гадоў я стараста вёскі Міроўшчына Вензавецкага сельскага савета. На гэту пасаду мяне прызначыў старшыня Вензавецкага сельсавета, якога падтрымалі жыхары Міроўшчыны.

— Што ўваходзіць у вашы абавязкі як старасты?

— Я ўдзельнічаю ва ўсіх суботніках і розных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў нашай вёсцы. Дапамагаю работнікам культуры арганізоўваць канцэрты, святы, бо ведаю, што людзям гэта будзе цікава. Прымаю актыўны ўдзел ў арганізацыі паездак, напрыклад, экскурсій па святых мясцінах нашага раёна.

— А часта звяртаюцца да вас з просьбамі аднавяскоўцы?

— Часта. Напрыклад, калі няма святла, калі па вуліцах бегае шмат бадзяжных сабак, што прайсці немагчыма. Телефануюць мне, прыходзяць. Неяк прасілі, каб пасадзейнічала ў рамонце дарогі. Часта разам праводзім суботнікі, асабліва каля інтэрната. Я сачу, каб было чыста ў вёсцы, калі заўважаю, што трэба прыбрацца, прашу аб гэтым гаспадароў падворкаў. А ўвогуле, наша Міроўшчына вельмі чыстая вёска, усе жыхары ў гэтым плане дысцыплінаваныя.

— Ці лічыце пасаду старасты адказнай, важнай?

— Так. Адказнасць ёсць, і немалая. Але, думаю, што спраўляюся. Пэўна, і аднавяскоўцы, і кіраўніцтва мною задаволены, бо ўжо столькі гадоў з’яўляюся старастай. Неяк гаварыла старшыні сельсавета, што трэба было б ужо іншага чалавека выбраць, але не хочуць.

— Цэняць?

— Ну, пэўна ж (усміхаецца). Я стараюся, усё раблю па добрай ініцыятыве. Да старасты ў вёсцы асаблівыя адносіны – усе паважаюць, давяраюць, і прыходзіцца гэтыя адносіны апраўдваць.

— Ці дапамагаюць вам родныя ў вашай дзейнасці як старасты?

— Сям’я ў нас дружная, ва ўсім адзін аднаму дапамагаем, заўжды падтрымліваем. Разам з мужам мы выгадавалі траіх цудоўных дзетак і аднаго прыёмнага. Дзеці ўжо дарослыя.

— У вольны ад работы і клопатаў час, чым любіце займацца?

— Вельмі люблю чытаць. Вязаць люблю, але часу не хапае. Шмат у мяне пакаёвых кветак, якія старанна даглядаю.

— Што б вы пажадалі сваёй вёсцы?

— Росквіту і каб будавалася ў нас пабольш дамоў, каб пашыралася, расла вёска, каб прыязджала моладзь, тады і будзе жыць наша малая радзіма. А сваім аднавяскоўцам зычу здароўя – гэта, лічу, самае галоўнае.

Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *