Лавіся, рыбка! Свята рыбака ў Гезгалах

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сёння, 21 ліпеня, на беразе возера ў Гезгалах разгарнулася Свята рыбака ў рамках раённага праекта «Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім». Рыбаловы закідвалі свае вуды і чакалі… Хто — залатую рыбку, хтосьці — вялікую, а камусьці важна было, каб клюнула хоць якая-небудзь. У той жа час на святочнай сцэне ладзіліся танцы, спяваліся песні — усё было звязана, канешне, з «рыбнай» тэмай.

Павітаў гасцей свята Няптун, і яго з’яўленне дазволіла яшчэ больш акунуцца ў атмасферу свята, якое звязана з водным царствам.

Павіншаваў са святам прысутных старшыня Жукоўшчынскага сельскага выканаўчага камітэта Валерый Верамейчык. Ён адзначыў, што Свята рыбака ў нашым раёне праходзіць ужо трэці раз, і заўсёды прыемна бачыць, што людзі прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Таксама Валерый Верамейчык пажадаў рыбакам «ні хваста, ні лускі», што на рыбацкай мове азначае ўдачу.

Пакуль рыбаловы хаваліся з вудамі ў ціхіх месцах, арганізатары свята запрасілі работнікаў раённых арганізацый да ўдзелу ў вясёлай спартыўнай эстафеце.

У спаборніцтве ўдзельнічалі каманды КСУП «Жукоўшчына», Дзятлаўская ЦРБ, КСУП «Вензавец», Дзятлаўскае РУП ЖКГ.

Спаборніцтвы праходзілі ў займальнай і напружанай барацьбе. Удзельнікі лавілі кардонную рыбу, «мяшалі юшку», закідвалі мячы.

Рыбалка — гэта азарт, падстава ганарыцца сабой, калі ўлоў выдаецца добрым. Дарэчы, рыбачылі сёлета і жанчыны. Так, Святлана Раманоўская злавіла 30 грамаў рыбы і атрымала за гэта трэцяе месца. Удача паспрыяла і Арцёму Лукашыку, які прынёс здабычу вагой 225 грамаў. Лідарам сярод рыбаловаў-сапернікаў стаў Аляксей Кастусік, які паспеў злавіць 590 грамаў рыбы. Магчыма, пераможца адправіўся «разбірацца» са сваім уловам, таму дыплом і падарунак арганізатары перадалі жонцы Аляксея.

Не забыліся і пра самага маленькага ўдзельніка спаборніцтваў Мікіту Раманоўскага. Хлопчык рыбачыў з 5 гадзін раніцы і вельмі жадаў перамагчы. Яго мэтанакіраванасць падтрымалі арганізатары конкурсу, уручылі памятны падарунак і пажадалі поспехаў у наступным рыбацкім сезоне.

На працягу свята для гасцей выступалі артысты Дзятлаўшчыны. Малеча забаўлялася на атракцыёнах, не змяншалася колькасць людзей каля гандлёвых палатак з салодкай ватай, папкорнам і цацкамі.

Таксама на невялікай спартыўнай пляцоўцы валейбалісты-аматары паказвалі майстар-клас па валейболе.

Напрыканцы вясёлага мерапрыемства падвялі вынікі спартыўнай эстафеты.

Перамагчы атрымалася тым, хто быў больш спрытным, хуткім, смелым і ўмелым. Так, першае месца заняла каманда КСУП «Вензавец», другое месца — у Дзятлаўскага РУП ЖКГ, тройку пераможцаў замкнула КСУП «Жукоўшчына». Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў. Прыз за чацвёртае месца дастаўся камандзе Дзятлаўскай ЦРБ.

Цёплае летняе надвор’е і добры настрой прысутных спрыялі ўдаламу адпачынку і выдатнаму святу.



1 комментарий по теме “Лавіся, рыбка! Свята рыбака ў Гезгалах

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *