Электронныя рэцэпты і база незанятых у эканоміцы

Важнае Грамадства

19 ліпеня ў КСУП “Русь-Агра” прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Абмяркоўваліся актуальныя пытанні – здароўя і працоўнай занятасці насельніцтва.

Тэму павышэння якасці і даступнасці медыцынскіх паслугаў для насельніцтва закранула галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Максімовіч.

Яна зазначыла, што ў раёне выконваюцца асноўныя дзяржстандарты ў сферы медыцыны, развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў аховы здароўя, аднак і само насельніцтва павінна быць зацікаўленым у захаванні здароўя. Так, напрыклад, інфаркт міякарда неабходна паспець дыягнаставаць і пачаць лячэнне ў першыя 12-15 гадзін, гэта дае больш гарантый, што чалавек вернецца да нармальнай жыццядзейнасці, пры інсультах гэты час “сціскаецца” да чатырох гадзін.

Другая праблема, якую ўзняла галоўны доктар, – захворванне і смяротнасць ад анкалагічных паталогій, іх ранняе выяўленне і прафілактыка. Поспех у яе вырашэнні таксама залежыць не толькі ад медыкаў, але і ад таго, ці пройдзе кожны чалавек як мінімум раз у год медыцынскі агляд. Прычым, доктару варта расказаць усе праблемы са здароўем, якія ўзнікалі за гэты перыяд. Каб не быць галаслоўнай, Марыя Максімовіч прывезла анкеты з пытаннямі аб здароўі для работнікаў гаспадаркі і папрасіла іх сур’ёзна і ўдумліва адказаць на пытанні.

Цікава было пачуць аб інфарматызацыі ў медыцыне. У раёне медработнікам дапамагае 131 камп’ютар, на 21 з іх устаноўлены спецыялізаваныя праграмы. Выкарыстоўваюцца праграмы “Цыталогія”, “Я доктар”, “Электронны рэцэпт”. Апошняя, напрыклад, дае магчымасць адмовіцца ад папяровых носьбітаў і пасылаць інфармацыю пра выпісаныя лекавыя сродкі ў аптэку па інтэрнэт-сетцы. Да 2020 года плануецца поўнасцю перайсці на электронныя рэцэпты, а ў 2022 годзе ўкараніць для кожнага пацыента асабісты электронны кабінет, куды будуць заносіцца ўсе даныя аб стане здароўя і назначэннях.

Да галоўнага доктара звярнуліся з пытаннем. Цікавіліся наконт магчымасці атрымаць талоны з дапамогай анлайн-рэгістратуры адразу да некалькіх спецыялістаў. Марыя Максімовіч патлумачыла, што гэта не заўсёды магчыма з-за абмежаванай колькасці прапановаў: на аднаго спецыяліста выдзяляецца адзін электронны талон. Раён наш сельскі, пажылыя людзі найчасцей не карыстаюцца камп’ютарамі, і падобныя талоны застаюцца незапатрабаванымі, у той час як у рэгістратуру пацыенты звяртаюцца і па тэлефоне, і асабіста. Тым не менш, галоўны доктар паабяцала прааналізаваць сітуацыю і прыняць адпаведныя рашэнні.

Другое пытанне тычылася дзіцячага неўролага, якога няма ў раёне, а таму даводзіцца маленькіх дзетак вазіць у Гродна. Марыя Максімовіч адказала, што сітуацыя яшчэ некаторы час застанецца нязменнай. У раён накіраваны спецыяліст, але гэта доктар для дарослых, у далейшым плануецца накіраваць яго на навучанне і па дзіцячай неўралогіі.

Праблему здароўя адной з найбольш актуальных лічыць намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, а таму ён папрасіў прысутных не ігнараваць парады медыкаў, своечасова звяртацца па дапамогу, каб пасля не было занадта позна. Таксама не лішне пазбаўляцца ад дрэнных звычак.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Волкава расказала аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ”Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Яго галоўная задача: дайсці да кожнага, дапамагчы набыць прафесію і працаўладкаваць. Дэкрэт дазволіць зрабіць эканоміку больш празрыстай, вывесці з ценю тых, хто працуе, але не плаціць падаткі, каб размеркаванне сацыяльных выгодаў было больш справядлівым. Каб рэалізаваць пастаўленыя задачы, пры раённых выканаўчых камітэтах ствараюцца камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама ад 1 чэрвеня 2018 года ў нашым раёне створана такая камісія, зацверджаны графік яе работы. Пасяджэнні ладзяцца кожны першы і трэці панядзелкі месяца з 14 да 16 гадзін. Задача камісіі: выслухаць кожнага, зразумець сітуацыю, аказаць садзейнічанне. Калі чалавек трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, але праходзіць перанавучанне, актыўна шукае работу – санкцыі яго не закрануць. Тыя, хто працуе за мяжой, могуць анлайн пацвердзіць занятасць. Пастаянная камісія будзе круглы год дапамагаць адшукаць хаця б часовую работу. Калі ж беспрацоўе – стыль жыцця, прэтэндаваць на фінансавую падтрымку дзяржавы несправядліва. Спіс незанятых у эканоміцы працаздольных грамадзян будзе сфарміраваны да 1 снежня 2018 года. Уключаныя ў яго людзі пачнуць па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, аплачваць гарачае водазабеспячэнне, газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных ацяпляльных газавых прыбораў, цеплазабеспячэнне.

У Святланы Волкавай пацікавіліся, ці будуць уносіць у базу незанятых у эканоміцы людзей, якія вядуць дапаможную гаспадарку. Спецыяліст адказала, што такіх людзей будуць лічыць занятымі.

Ірына СТЫРНІК   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *