“Інклюзіўная Беларусь: “Мы сярод вас”

Культура і адпачынак

Міжрэгіянальнае мерапрыемства пад такой назвай ладзілася ў Лідзе.

Як зазначыла старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Ірына Лыскоўская, Лідская раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў па зроку сумесна з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі гэту цёплую сустрэчу для сяброў з аб’яднання і людзей з інваліднасцю, каб нараўне з іншымі даць ім шанц перадаць свой унутраны свет на мове творчасці, рэалізаваць здольнасці, прадэманстраваць таленты.

У свяце прымалі ўдзел людзі з абмежаванымі магчымасцямі з Навагрудскага, Іўеўскага, Воранаўскага, Шчучынскага, Лідскага, Дзятлаўскага раёнаў.

Праграма мерапрыемства ўключала рознапланавыя выставы-продажы сувеніраў, вырабленых людзьмі з інваліднасцю, майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці: пластыцы, ароматэрапіі, вырабе мяккіх цацак, а таксама тэатралізаваную гульнёвую праграму, танцавальны флэш-моб і канцэрт “Разам зробім свет больш цікавым”.

Кіраўнікі гурткоў па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ЦСАН Дзятлаўскага раёна Валянціна Саламевіч і Валянціна Баландзіна прадстаўлялі выставу сумесных работ спецыялістаў і наведвальнікаў аддзялення “Праменьчык”, ім дапамагала старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Крэйдзіч.

У час канцэрта “Разам зробім свет больш цікавым” наведвальнікі “Праменьчыка” Таццяна Уласевіч, Ульяна Лукашэня, Аляксандр Калодка парадавалі гледачоў танцавальнай кампазіцыяй “Камарова”.

У гэты дзень гучала шмат добрых словаў, было цёпла і радасна ад падтрымкі сяброў. Гасцей свята парадавала і тэатралізаваная гульнявая праграма “Гэты свет мы дорым дзецям”, якая сабрала шмат удзельнікаў самых розных узростаў. Свята пакінула найлепшыя ўражанні і запомніцца дзятлаўчанам надоўга.

Алена КАЛЮЦІК,
загадчыца аддзялення “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *