На палетках КСУП “Жукоўшчына” ва ўсю кіпіць работа – стартаваў самы адказны для аграрыяў час – жніво. Распачала ўборачную кампанію гаспадарка з уборкі азімага рапсу.
За аграгарадком Жукоўшчына непадалёк ад дарогі чутны прыемны гул камбайнаў – адразу некалькі адзінак тэхнікі працуюць другі дзень запар на ўборцы алейнай культуры.
– На сёняшні дзень на ўборцы рапсу ва ўрочышчы Жукоўшчына працуюць тры камбайны маркі КЗС-1218, якія абсталяванны так званымі рапсавымі сталамі для забеспячэння якасці ўборкі насення, што дае магчымасць пазбегнуць стратаў, – расказвае начальнік вытворчага ўчастка Дзмітрый Галавенка. – У жніве задзейнічаны тры экіпажы камбайнераў. На адным з камбайнаў працуюць два Уладзіміры – Паўлоўскі і Тадарэнка. Другі працоўны экіпаж – Валерый Орсік і Вадзім Трубко. Экіпаж Валерыя і Яўгена Малчаноўскіх працуюць на трэцім камбайне. Тэхнікай пажарнага прыкрыцця ГАЗ 3307 кіруе Сяргей Смяцкі, які сочыць за бяспекай у час аграрных працэсаў. Разам з тым усе камбайны абсталяваны кандыцыянерамі, укамплектаваны медыцынскімі аптэчкамі, сродкамі тушэння пажару.
На адвозцы рапсавага насення працуюць вадзіцелі МАЗаў Аляксандр Пышко і Валерый Шаркут.
У кожнай гаспадарцы раёна, і ў нашай у прыватнасці, на кожным работніку ляжыць свая адказнасць за будучы ўраджай, за якасць яго ўборкі. Для своечасовай прасушкі насення працуе збожжасушыльны комплекс КЗСВ-25, які знаходзіцца ў вёсцы Страла.
На пытанне як праходзяць першыя дні жніва Дзмітрый Галавенка адказаў:
– З пачатку ўборкі сабраны 132 тоны рапсавага насення, ураджайнасць складае 39 цэнтнераў з гектара. Першымі днямі ўраджай сабраны з плошчы 34 гектары. Усяго ў гаспадарцы сёлета алейнай культурай засеяна 200 гектараў. Плануем хутка справіцца з пастаўленай задачай па ўборцы рапсу і прыступіць да збору збожжавых культур. Усе спадзяванні на добрае надвор’е і на спраўнасць тэхнікі.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Хорошего урожая аграриям!
Рейтинг комментария:00