Жыві, вёсачка

Падзеі

Дзятлаўшчына, змораная двухмесячнай спякотай і “абязводжаная” (увесь час не было ніводнага дажджу) дачакалася палёгкі ад прыроды – тэмпература паветра знізілася і ўноч з 21 на 22 чэрвеня з неба палілося. Аднак, палілося так, што дзятлаўчане не змаглі спаць спакойна. На раён абрынуўся лівень з моцным ветрам. Разгул стыхіі не быў доўгім – прыкладна каля гадзіны шалелі сілы прыроды. Аднак, гэтага хапіла, каб нанесці пэўны ўрон. Моцна пацярпелі населеныя пункты Данілавіцкага сельскага савета.

У вёсцы Зарой вялізнае дрэва павалілася на дарогу – перакрыла ўезд у вёску, абарвала электрычныя правады. Стараста вёскі Святаслаў Сас патэлефанаваў у неабходныя службы, а пасля ў рэдакцыю раённай газеты, расказаў пра тое, што здарылася. Мы прыехалі ў Зарой, каб паглядзець, ці “вызвалілася” з “дарожнага палону” вёска. Стараста сустрэў нас у добрым настроі і паведаміў, што ўсё добра, спецыялісты Дзятлаўскага раёна электрычных сетак проста малайцы – вельмі аператыўна прыехалі, распілавалі дрэва, аднавілі электразабеспячэнне ў вёсцы.

Месца падзення дрэва мы сфатаграфавалі, а пасля прагуляліся са Святаславам Паўлавічам па вёсцы, пагутарылі пра мясцовае жыццё-быццё, паглядзелі адметныя месцы, якімі ганарыцца стараста і ўсе жыхары. У Год малой радзімы паехаць не даведаўшыся, як жыве невялікая вёсачка, мы проста не маглі.

— Цяпер у Зароі жывуць 28 чалавек, — расказвае Святаслаў Паўлавіч. – Рады, што пераязджаюць сюды, на малую радзіму, землякі: хтосьці на пенсію выйшаў, хтосьці, як я, каб даглядаць састарэлых бацькоў. Падабаецца ў нашай вёсцы людзям. І сёлета прыедзе яшчэ адзін новы жыхар.

Падышлі да манумента вузкакалейцы Наваельня – Зарой – Навагрудак – Любча, які ўрачыста адкрылі ў 2016 годзе ў Дзень вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Манумент нагадвае пра час існавання вузкакалейкі і яе прызначэнне, а таксама ўтрымлівае спіс вяскоўцаў, якія на ёй працавалі. Ідэя ўстанавіць гэты манумент належала старасце. Грошы на яго стварэнне збіралі ўсёй вёскай. А з дакументамі на яго легалізацыю, як помніка, дапамог Дзятлаўскі райвыканкам – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі накіраваў абгрунтаванне ў Міністэрства культуры, атрымаў экспертнае заключэнне з аблвыканкама. Цяпер невялікі, але важны для Зароя, бо гэта гістарычная памяць вёскі, мемарыял – славутасць мясцовых жыхароў.

Вакол манумента прыгожыя кветкі. Пытаемся ў старасты, хто даглядае?

— Сам, і кветкі сам саджаю, — адказвае Святаслаў Паўлавіч. – Яшчэ трэба вакол абкасіць, ужо да свята (9 ліпеня дзень вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) навяду парадак. Увогуле хачу свята для вяскоўцаў арганізаваць з канцэртам. Насупраць праз дарогу пастараемся зрабіць пляцоўку для артыстаў. Старшыня мясцовай сельскай гаспадаркі “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур абяцаў дапамагчы. Ён, дарэчы, шмат дапамагае нашай вёсцы, ніколі не адмаўляе ў просьбах, вельмі яму ўдзячны. Ведаеце, да нас у Зарой на святы шмат гасцей прыязджае, больш за шэсцьдзесят чалавек збіраецца – вось і хочацца, каб было прыгожа, весела і цікава. Нават рознакаляровыя сцягі ўжо купілі, развесім па вёсцы.

Шмат клопатуаў у старасты. То магазін закрываюць, то клуб, то завея дарогу перамяце, то жыхары хварэюць – перажывае, непакоіцца, каб вёска не “памерла”.

— Шмат да ўладаў звяртаюся, прашу пра многае, не заўсёды правільна мяне разумеюць, але я хачу з імі сябраваць, — гаворыць Святаслаў Паўлавіч. – Як і дрэва гэта паваленае. Не вы ж ці сельсавет у гэтым вінаватыя – стыхія. Я рады, што вы прыехалі, мяне выслухалі і дрэва гэта злашчаснае сфатаграфавалі. Карыстаючыся момантам, запрашаю вас 9 ліпеня на свята.

На гэтай прыемнай ноце, падзякаваўшы за запрашэнне, мы развіталіся са старастам вёскі Зарой Святаславам Сасам. Няхай жыве вёсачка як мага даўжэй. Няхай ніколі да яе назвы не прыліпнуць балючыя словы “зніклая” ці “пустая”.

Ірына КАМАРОВА

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Читайте также:

Подзвігам герояў – жыць у пакаленнях

Ці застануцца ў Наваельні сосны?

Лепш без ямак. У райцэнтры ідзе рамонт дарог

Свята касцоў у Вензаўцы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *