Стараста вёскі Чырвоны Бор

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Складнікі поспеху нашага раёна

У кожнай вёсцы ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі і ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.

Вельмі любіць сваю вёсачку, робіць усё, каб яна была прыгожай, чыстай, самай лепшай стараста вёскі Чырвоны Бор Яўгенія Філідовіч. Яна лічыць, што навядзенне парадку на роднай зямлі, там, дзе ты жывеш, выгадаваў дзяцей – гэта абавязак кожнага чалавека.

Вёска Чырвоны Бор невялікая. З аднаго боку, здаецца, што няма нічога прасцей, чым утрымліваць некалькі дамоў у парадку. Аднак розных праблем хапае, і з імі ідуць да старасты, якая ніколі не адмовіць, падтрымае і дапаможа.

Нарадзілася Яўгенія Філідовіч у вёсцы Дзям’янавічы. Закончыўшы школу, паступіла ў Гродзенскі педагагічны інстытут. Пасля два гады працавала ў школе ў Лідскім раёне, потым перайшла ў Чырвоны Бор, а калі тут школу закрылі, працавала ў Дзям’янавіцкай школе. Настаўнічала там да пенсіі, на заслужаны адпачынак выйшла ў 2003 годзе з пасады дырэктара, аддаўшы педагагічнай дзейнасці 38 гадоў.

Замуж выйшла за пушчанскага хлопца. У іх нарадзіліся чатыры дачкі, ёсць дзевяць унукаў і ўжо два праўнукі.

Пасля выхаду на пенсію Яўгенія Уладзіміраўна стала нязменнай старастай вёскі Чырвоны Бор.

“Старастай мяне выбрала ўлада сельскага савета з падтрымкай мясцовых жыхароў, – успамінае яна. – Людзі давяралі мне свае радасці, прасілі дапамогі ў цяжкія хвіліны. Дапамагала, як магла. Хворым, напрыклад, хадзіла па лекі, выклікала хуткую дапамогу. Не магла я нікому адмовіць у просьбах, і людзі мяне палюбілі як “галоўнага чалавека” гэтага мястэчка”.

Шмат клопатаў у старасты вёскі, але яна ніколі не скардзіцца на нейкія цяжкасці або недахоп часу. Яўгенія Уладзіміраўна гаворыць, што раз на тыдзень стараецца абзваніць жыхароў сваёй вёсачкі, а тых, хто жыве бліжэй, наведвае дома. Яна расказвае ім навіны, цікавіцца, чым дапамагчы, разам абмяркоўваюць агульныя справы, якія неабходна рашаць. Своеасаблівым сходам старасты і жыхароў мястэчка становіцца прыезд аўталаўкі тры разы на тыдзень, калі можна зрабіць не толькі карысныя пакупкі, але і расказаць мясцовыя навіны, зрабіць нейкія аб’явы.

Страста вёскі клапоціцца і аб парадку на могілках, дзе ўвосень і ўвесну арганізуецца ўборка, таксама штогод праводзяцца красавіцкія суботнікі па навядзенні парадку каля кожнага дома. Вёска Чырвоны Бор і сапраўды выглядае вельмі дагледжанай.

Ва ўсім стараецца дапамагаць жыхарам і мясцовая ўлада. Іх наведваюць медыцынскія, сацыяльныя работнікі, з канцэртамі – раённыя артысты. Два гады таму ў вёсцы было арганізавана аматарскае аб’яднанне “Сярэбраны ўзрост”.

“Для нас часта арганізоўваюць канцэрты, дзеляцца навінамі раёна, – гаворыць Яўгенія Уладзіміраўна, – а мы, старэйшыя, дзелімся нашым жыццёвым вопытам і мудрымі парадамі. Вось так і жывём. Дзякуй Богу, што ў нас ёсць кавалак хлеба і да хлеба”.

Яўгенія Філідовіч не толькі адказная стараста, але і гасцінная гаспадыня, гаворыць, што вельмі любіць прымаць гасцей, гатаваць для іх пачастункі, асабліва ёй удаюцца мясныя стравы. А для душы – вырошчвае кветкі, і пакаёвыя, і ў агародзе. Любіць таксама чытаць часопісы і газеты, якія пастаянна выпісвае і бярэ ў бібліятэцы.

Пакуль жывуць у глыбінцы такія людзі, як Яўгенія Філідовіч, – жыццярадасныя, аптымістычныя, гатовыя дапамагаць людзям і клапаціцца пра сваю малую радзіму – будзе жыць Беларусь.

Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Стоит почитать:

Стараста вёскі Яблынька
Калі прафесія становіцца стылем жыцця
Работа па закліку сэрца


Теги:

1 комментарий по теме “Стараста вёскі Чырвоны Бор

  1. Крепкого здоровья и бодрости духа Евгении Владимировне!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий для Катя Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *