Руда Яварская: ад назвы да гісторыі

Падзеі

У музей зайшоў наведвальнік з просьбай знайсці інфармацыю пра тое, дзе ў Дзятлаўскім раёне здабывалі жалезную руду. На логіцы, месцам яе здабычы магла быць вёска Руда Яварская, таму што паселішчаў з такой назвай хапае не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў нашых суседак — Польшчы і Расіі. Руда Ліпічанская, Рудня, Руды. Каля гэтых паселішчаў знойдзены залежы жалезнай руды і ў ранейшыя часы была наладжана вытворчасць.

Звярнуліся за ўдакладненнем да Міхаіла Іванавіча Лук’янчыка, мясцовага краязнаўцы, і ён даў вельмі цікавую даведку. Сапраўды, жалезную руду здабывалі каля вёскі Руда Яварская. І апошняй уладальніцай вытворчасці была маці Валерыя Урублеўскага, знакамітага паплечніка Кастуся Каліноўскага, Разалія Юроўска. У той час яна была таксама гаспадыняй маёнтка Явар у Дзятлаўскім раёне. На жаль, ад былой вытворчасці нічога не засталося, толькі каля моста праз рэчку Пад’яварку можна знайсці сляды перапрацоўкі жалезнай руды.

“Дваром Явар” маці генерала Парыжскай Камуны Валерыя Антонія Урублеўскага Разалія Юроўска  валодала, відаць, нядоўга. Бацька і маці Валерыя Урублеўскага жылі ў мястэчку Жалудок,  дзе ў 1836 годзе і нарадзіўся Валерый. Калі бацькі не стала, сям’я ўдавы Разаліі Урублеўскай перабіраецца ў Вільню да брата мужа — Яўстахія, які стаў для васьмігадовага Валерыя другім бацькам.

На пераломе ж 19 і 20  стагоддзяў, пасля пераезду сям’і Урублеўскіх у Гродна, зямля ужо належала іх родзічам Багушэвічам.

Калі ж магла пачацца на нашай дзятлаўскай зямлі здабыча жалезнай руды? Відаць, даўно, яшчэ да новага часу, калі здабыча руды і выплаўка металу былі прымітыўнымі, а жалеза цанілася вельмі настолькі высока, што жалезныя прадметы перадаваліся нашчадкам у спадчыну.

Першапачаткова здабыча жалеза была прымітыўнай: трэба было знайсці руду, а затым апрацаваць. Справа пачыналася з пошуку месцаў, дзе залягалі металічныя руды. У пошуку дапамагаў вопыт, які людзі назапасілі на працягу многіх стагоддзяў. Перш за ўсё, гэта радовішчы, якія выходзяць на паверхню зямлі. Па ўсёй Еўропе жалеза знаходзілі ў выглядзе камякоў руды:  зеленаватых — на дне азёр; рыжаватых — пад дзірваном; чырванаватых — у лясных балотах. Дно празрыстых азёр праглядалі з лодак альбо ныралі ў каламутную ваду ў пошуках кавалачкаў руды, якія выграбалі чарпакамі. Жалезную руду выяўлялі таксама па бурай расліннасці. Лугавы дзёран разразалі, здзіралі балотныя пласты, а  гняздо даставалі рыдлёўкамі. Часам такі луг пакрываўся тысячамі ям. Крыху пазней руду сталі здабываць у шахтах, якія дасягалі глыбіні да 500 метраў. Жалезную руду ўздымалі з шахт пад’ёмнымі механізмамі, а падземныя воды адпампоўвалі ручнымі помпамі. Шахцёрская праца ў сярэднія вякі выглядала прыкладна так:  рудакоп  у вузкім забоі дзёўб пароду, лежачы на ​​спіне або на баку, з усіх бакоў веяла холадам і паўзла волкасць, штохвілінна пагражаў абвал. У руду ўгрызаліся, ужываючы кайло і кірхі, свердзелы і зубілы, рыдлёўкі і распорные кліны, молаты. Каб зрабіць расколіны ў глыбах, іх палілі агнём, труцілі кіслатой. У расколіны устаўлялі клін з дрэва, пасля чаго палівалі яго вадой: клін разбухаў, расколваючы пароду. Для бяспекі звод падпіралі бярвёнамі.  Насільшчыкі нагружалі пародай мяшкі, бодні, кошыкі, валаклі іх да выхаду.  Узнятую руду везлі ў адвал тачкамі, дзе разбівалі на буйныя кавалкі.  Затым у каменных ступах іх  уручную драбілі.  Потым два месяцы сушылі, для ачысткі абпальвалі, прасявалі на сіце і прамывалі ў запрудах. Затым сушылі і зноў прасейвалі. У выніку атрымліваўся канцэнтрат, які быў без прымешак.  Для выплаўкі жалеза ўжываўся горн — невялікая печ з пліт вапняку. Для стварэння неабходнай тэмпературы ў агонь нагняталі паветра пры дапамозе скураных мяхоў. У выніку канцэнтрат плавіўся і атрымлівалася жалезнае «цеста». З атрыманай нарыхтоўкі кавалі  розныя вырабы. З 12 стагоддзя пачалі ўзводзіць домніцы з цэглы — горны трохметровай вышыні. З 14 стагоддзя з’явілася домна — печ пяціметровай вышыні. Домна магла выдаваць тону выдатнага жалеза ў суткі або 1,5 т чыгуну. Вадкі метал з домны выліваўся ў каўшы.

Сыравіны, бурага жалязняку і балотнай руды (ліманіту) было дастаткова і для прамысловай распрацоўкі. Тым больш што наяўнасць лясных масіваў давала і неабходны для выплаўлення драўняны вугаль. Паступова ўдасканальваўся тэхналагічны працэс і механізавалася праца рудакопаў. Акрамя нізкагатунковага жалеза навучыліся атрымліваць якасную сталь.

У эпоху сярэднявечча выплаўленне жалеза з мясцовай руды дасягала некалькіх тысяч пудоў. У пачатку 19 ст. ствараюцца буйныя металургічныя камбінаты (Налібоцкі) і чыгуналіцейныя заводы (Старынкоўскі, Барысаўшчынскі). Паступова ў сувязі з ўвозам больш якаснага і таннага металу з Расіі і Польшчы мясцовая прамысловасць стала  нерентабельной, і да 1870 амаль усе прадпрыемствы спынілі вытворчасць. З адкрыццём радовішчаў жалезнай руды і вугалю на Украіне, з ростам металургічных цэнтраў мясцовыя  заводы завяршылі сваё існаванне, а памяць пра іх засталася ў назвах вёсак: Рудня Камянёвая, Рудня Шлягіна, Руда Яварская…

Шкада толькі, што і следу не засталося ад той вытворчасці. Ды час, як вядома, бязлітасны да ўсяго. Няхай хоць зрэдку памяць нагадвае нам пра таямніцы гісторыі нашай малой радзімы.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Стоит почитать:

Абрад «Юр’я» на Дзятлаўшчыне
Беларусь хацелася наведаць даўно
Дзятлава наведала сям’я Дварэцкіх з Ізраіля


Теги:

1 комментарий по теме “Руда Яварская: ад назвы да гісторыі

  1. Всегда интересно прочитать что-то новое или хорошо забытое старое о своём районе.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *