Пры надзвычайных сітуацыях не разгубяцца. Добраахвотныя пажарныя падраздзяленні і санітарныя дружыны праверылі сябе

Падзеі

Ва ўрочышчы «Рыбакі» сёння было масава і мітусліва. Чаму мужчыны і жанчыны сабраліся тут з раніцы, ды яшчэ ў спецыялізаваным адзенні? 

Прадстаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый, Дварэцкага льнозавода, Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў і Дзятлаўскага лясгаса ўдзельнічалі ў штогадовых спаборніцтвах добраахваотных пажарных падраздзяленняў і санітарных дружын.

Мерапрыемства пачалося з урачыстага пастраення, на якім намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі пажадаў усім удзельнікам вынослівасці, добрых стартаў і, канешне, перамогі.

Потым каманды рызышліся па сваіх участках спаборніцтваў.

Сандружыны праверылі аснашчэнні, а таксама дасканала перабралі ўсё, што ўкамплектавана ў медыцынскіх сумках.

Тут і нашатырны спірт, і ёд, і лейкапластыр — нарматыўны пералік медыкаментаў вялікі, таму не ва ўсіх удзельнікаў у камандах былі патрэбныя рэчы. А калі чагосьці няма — мінус у рэйтынгу.

Далей — ядзерны ачаг, дзе трэба прадэманстраваць валоданне тэарэтычнымі ведамі па медыцынскай дапамозе. Тут усё, як на экзамене: адказ па білетах і атрыманне адзнакі.

У шпітальным аддзяленні сандружыны паказвалі навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі. Дарэчы, с такімі заданнямі яны спраўляліся хутка і якасна.

Яшчэ адзін іспыт — адказы на пытанні па інфекцыйных хваробах. Тэарэтычныя веды ўдзельнікаў мерапрыемства былі добрыя. Відаць, да спаборніцтваў рыхтаваліся адказна.

Пра тое, каб удзельнікі спаборніцтваў набраліся сіл пасля напружаных момантаў у гонках за перамогу, паклапаціліся актывісты раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

Напрыканцы выпрабаванняў прадстаўнікі каманд пачаставаліся гарачым чаем.

Таксама ў іх была магчымасць паспрабаваць сапраўдную салдацкую кашу.

Паралельна ў той жа час на «баявым полі» адбывалася пажарная эстафета.

Мужна і адважна ўдзельнікі на хуткасць пераадольвалі перашкоды, дэманстравалі свае ўменні карыстацца прыладамі для пажаратушэння, змагаліся з сапраўдным вогнішчам.

Самая доўгачаканая і напружаная частка мерапрыемства — падвядзенне вынікаў. Каманды-супернікі зноў сабраліся на фінальным пастраенні, а члены журы не сталі доўга трымаць інтрыгу.

Трэцяе месца ў пераадоленні 100-метровай паласы з перашкодамі заняў Сяргей Кохан.

Другое месца — Аляксандр Сачык,

Першае месца ўзяў Павел Каско.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі ўручыў пераможцам узнагароды.

У пажарнай эстафеце на трэцім месцы аказалася каманда ААТ «Граніт-Агра», другія — калектыў Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў, а пераможцы — працоўны калектыў КСУП «Хвінявічы».

У баявым разгортванні ад пажарнага аўтамабіля бронзу атрымаў калектыў Дзятлаўскага лясгаса, срэбра — Дварэцкі льнозавод, а золата — у Наваельнянскага камбіната хлебапрадуктаў. Па выніках у раённым спаборніцтве па пажарна-прыкладных відах спорту на трэцім месцы стаў калектыў «Дварэц-Агра». Другое месца ўзялі прадстаўнікі ААТ «Граніт-Агра», а пераможцам стаў калектыў КСУП «Хвінявічы».

Пераможцы, акрамя граматаў, атрымалі і грашовыя прэміі.

Лепшым сандружынам уручыла прыемныя падарункі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Ганаровую грамату за лепшыя адказы ў ядзерным ачагу атрымала каманда КСУП «Хвінявічы».

У шпітальным аддзяленні лепшыя вынікі паказалі прадстаўнікі КСУП «Войневічы». На тэарэтычным этапе перамагла сандружына КСУП «Жукоўшчына».

Старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак падтрымаў удзельнікаў спаборніцтваў грашовымі прэміямі.

Па выніках спаборніцтва санітарных дружын сёлета трэцяе месца заняла сандружына КСУП «Русь-Агра». Другое месца атрымалі прадстаўнікі КСУП «Дварэц-Агра», а перамагла ў спаборніцтвах сярод санітарных дружын каманда ААТ «Граніт-Агра».

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “Пры надзвычайных сітуацыях не разгубяцца. Добраахвотныя пажарныя падраздзяленні і санітарныя дружыны праверылі сябе

  1. Малайцы не толькі пераможцы, але і ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий для Святлана Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *