“Пазнанне” каля крыніц з жывой і мёртвай вадой

Культура і адпачынак

На пенсіі ў чалавека шмат вольнага часу, які можна бавіць цікава і з карысцю, як наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Напрыклад, удзельнікі клуба “Пазнанне”, створанага пры аддзяленні, любяць бываць у цікавых мясцінах нашай малой радзімы, у суседніх раёнах. Мэтай нядаўняй паездкі “Пазнання” былі ўнікальныя крыніцы з жывой і мёртвай вадой, якія знаходзяцца паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары Навагрудскага раёна.

Праз сродкі масавай інфармацыі мы даведаліся, што вада з гэтых крыніц вылечвае ад хваробаў, надае сілы. Сабралі каманду актыўных і энергічных аднадумцаў і мікрааўтобусам накіраваліся паглядзець на незвычайны скарб прыроды.

Аказалася, што крыніцы з жывой і мёртвай вадой знаходзяцца ў маляўнічых мясцінах Навагрудчыны. Іх абступае густы і высокі, нібыта казачны, лес, дзе залівіста спяваюць птушкі, пахне скошанай травой і вільгаццю. А на ўзвышшы ў квітнеючых кустах язміну і дзікай ружы патанае стары адзінокі хутар. Любуючыся прыгажосцю прыроды, па вузкай сцежцы мы выйшлі да крыніц.

Вось яны – два калодзежы. У зямлю ўбіты бетонныя трубы, з якіх струменіцца вада. Адзін калодзеж накрыты драўляным вечкам, другі – ацынкаванай. Першы – чысты, вада ў ім светлая, а ў другім сцены пакрыліся бурым налётам, аднак вада таксама празрыстая і халодная. Жывая вада цурчыць, нібы спявае, мёртвая цячэ без “эмоцый”, спакойна. Падысці да калодзежаў можна па камянях, якія пакладзены побач з крыніцамі.

Як даўно з’явіліся гэтыя крыніцы, ніхто дакладна не ведае. Б’юць яны са спрадвечных часоў. Некаторыя сцвярджаюць, што вада тут яшчэ з ледніковага перыяду сочыцца з-пад зямлі. Іншыя кажуць, што крыніцы прабіліся, калі нейкі манах-пустэльнік аб гару стукнуў кіем, і што тут пад зямлёй на вялікай глыбіні шмат срэбра ды золата. Вада іх абмывае і на паверхню выходзіць ачышчанай.

Старажылы сцвярджаюць, што мёртвая вада чысціць арганізм, забівае бактэрыі і мікробы, а жывая – аднаўляе арганізм. Таму на ноч варта ўжываць мёртвую ваду, а раніцай – жывую, і не толькі піць, але і абмываць “балячкі”.

Да крыніц прыязджае шмат падарожнікаў, і прыемна, што месца гэта добраўпарадкавана, што людзі тут не смецяць. Мы даведаліся, што па благаславенні Уладыкі Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага, крыніцы былі асвечаны ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. З духоўнага пункту гледжання любая святыня нясе людзям Божую дапамогу. Вада ў асвячоных крыніцах карысная, мае гаючую сілу і аднолькава жыватворная ў абодвух калодзежах – мы набралі яе з сабой.

Наша вандроўка была цікавай і пазнавальнай, наперадзе ў нас яшчэ шмат падобных мерапрыемстваў, а таму запрашаем у наша аддзяленне пенсіянераў, якія не прывыклі сядзець у адзіноце, жадаюць карысна бавіць вольны час. Чакаем вас па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, д. 56. Кантактны тэлефон 6-11-84.

Алена МАКОЎСКАЯ,
спецыяліст па сацыяльнай рабоце Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна

Стоит почитать:

«Наши агрогородки»: Хвиневичи

Руда Яварская: ад назвы да гісторыі

Палац Радзівілаў у Дзятлаве



2 комментария по теме ““Пазнанне” каля крыніц з жывой і мёртвай вадой

  1. Цікава, што людзі вераць у цудадзейныя ўласцівасці «жывой» і «мёртвай» вады

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Почему не верить. Во что-то же нужно верить. Кто-то в бога, кто-то в гороскопы, кто-то в целебную воду.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий для Святлана Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *