Гродзеншчына – вобласць з вялікім патэнцыялам

Улада

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў правёў чарговую выязную прэс-канферэнцыю для журналістаў вобласці.

На гэты раз гасцей сустракалі Ашмяны.
У прэс-канферэнцыі таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Ашмянскага райвыканкама Міраслаў Сарасек, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

Cярэдняя заработная плата склала 823 рублі

У Гродзенскай вобласці выконваюцца ўсе ключавыя параметры эфектыўнасці. Паспяхова развіваюцца практычна ўсе галіны эканомікі.

– За пяць месяцаў тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту склаў 106,8% пры гадавой задачы ў 103,6%», – адзначыў Уладзімір Краўцоў. Ён падкрэсліў, што сур’ёзны рост адзначаецца ў прамысловасці (108%), сельскай гаспадарцы (звыш 104%). У студзені-чэрвені чакаецца павелічэнне экспарту тавараў на 17,6% (пры заданні ў 4,1%); экспарту паслуг – на 8,7% (пры заданні ў 3,4%).

Старшыня аблвыканкама акцэнтаваў увагу на тым, што прадукцыя гродзенскіх вытворцаў прадаецца на экспарт,  асвойваюцца новыя рынкі, у тым ліку скарачаецца доля ў гэтым плане расійскага рынку, павялічыліся пастаўкі ў краіны далёкага замежжа, Еўрасаюз.

Стабільная сітуацыя і на рынку працы. Вакансій сёння больш, чым беспрацоўных. Расце і сярэдняя намінальная налічаная заработная плата. У маі ў вобласці яна склала 823 рублі.

Увага развіццю сацыяльнай інфраструктуры

Чатыры новыя дзіцячыя сады, абсталяваныя ўсім неабходным, у тым ліку басейнамі, будуць уведзены ў эксплуатацыю ў Гродзенскай вобласці да канца 2018 года.

Шмат надзяляецца ўвагі будаўніцтву і адкрыццю ў рэгіёне спартыўных і культурных аб’ектаў. Таксама праводзіцца сістэмная праца па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Па словах Уладзіміра Краўцова, Гродзеншчына славіцца сваімі замкамі і практычна на ўсіх гэтых аб’ектах праводзяцца работы па рэстаўрацыі і кансервацыі. У 2018 годзе з фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва выдзелена звыш 1,1 мільёна рублёў на захаванне фрагментаў Гальшанскага і Крэўскага замкаў. За кошт, перш за ўсё, прыватнай ініцыятывы вядзецца аднаўленне замка ў Любчы і сядзібы ў Шчорсах у Навагрудскім раёне. Такія пачынанні атрымаюць падтрымку.

У сельскай гаспадарцы сітуацыя няпростая

Засуха ўнесла свае карэктывы ў планы аграрыяў. Адсутнасць дажджу моцна “ўдарыла” па корманарыхтоўцы.

– Ужо зразумела, што ў раслінаводстве аптымальных паказчыкаў дасягнуць не ўдасца. І ўсё ж, апускаць рукі недапушчальна, – заўважыў старшыня аблвыканкама. – Частка пасеваў была скошана на зернесянаж, палі тут жа засеялі сельскагаспадарчымі культурамі, якія здольныя выправіць становішча з травяністымі кармамі.

Жыхароў вобласці хвалюе тэма рамонту дарог

– Пастаўлена задача да канца года адкрыць рух на ўсім працягу трасы М6 Мінск-Гродна па чатырох палосах. Магчыма, толькі на некалькіх участках не будзе фінішнага пакрыцця, не дазволяць якасна яго вырабіць ўмовы надвор’я, – расказаў Уладзімір Краўцоў. Ён падкрэсліў, што большы аб’ём работ на трасе будзе завершаны да канца года, а фінішная кропка будзе пастаўлена да чэрвеня 2019 года.

Вызначаюцца крыніцы фінансавання на рэканструкцыю яшчэ аднаго важнага аб’екта для Гродзенскай вобласці – трасы М7, ад Мінска да Вільні. Актыўна праводзяцца рамонтныя работы на мясцовых дарогах. Запланаваны рамонт больш чым 220 км такіх дарог, уключаючы адрэзкі, на якіх размешчаны масты. Губернатар адзначыў, што стан такіх аб’ектаў хвалюе многіх жыхароў вобласці.

Інвестыцыйны клімат на Гродзеншчыне

Самымі галоўнымі інвестпраектамі Уладзімір Краўцоў назваў будаўніцтва Беларускай АЭС і новага азотнага комплексу ў Гродне. Побач з ААТ “Гродна Азот” ужо вызначана пляцоўка ў 57 гектараў, разглядаюцца варыянты фінансавання. Новы комплекс дазволіць атрымаць каля 10% валавой прадукцыі вобласці. Акрамя таго, тут прадугледжана стварэнне 600 працоўных месцаў.

Важнымі для развіцця раёнаў вобласці з’яўляюцца ўзаемавыгадныя адносіны з прадстаўнікамі дзелавых колаў іншых краін.  Сёння рэалізуюцца трансгранічныя праекты ў рамках міжнародных праграм “Польшча – Беларусь – Україна” і “Латвія – Літва – Беларусь”. У гэтым годзе, як адзначыў Уладзімір Краўцоў, у вобласці ўжо рэкамендаваны да фінансавання больш за 30 праектаў. І гэта не канчатковая лічба.

Падарожжа без візы

Прывабнай для турыстаў і развіцця бізнесу зрабіў Гродзеншчыну бязвізавы рэжым, лічыць старшыня аблвыканкама. Дарэчы, бязвізавы рэжым для жыхароў Кітая дапамог Гродзенскай вобласці наладзіць цеснае супрацоўніцтва з правінцыяй Ганьсу. У абласным цэнтры з’явіўся цэнтр кітайскай медыцыны, партнёры з усходняй краіны ўзялі на сябе рэканструкцыю гасцініцы “Гродна”. Акрамя таго, кітайскія партнёры актыўна цікавяцца магчымасцямі супрацоўніцтва ў сельскай і лясной гаспадарцы, прамысловасці.

Летась аб’ём турыстычных паслуг вырас у рэгіёне ў два разы, а гэта значыць, што турысты ўнеслі свой уклад у развіццё гандлю, стварэнне інфраструктуры.

Ірына КАМАРОВА

Читайте также:

Ці застануцца ў Наваельні сосны?

Адзіны дзень інфармавання прайшоў у раёне

Алена Шыпіла: “Дапамога студатрада гаспадарцы дарэчы”

Лепш без ямак. У райцэнтры ідзе рамонт дарог



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *