Пайсці ў лес і вярнуцца
Опубликовал

Пайсці ў лес і вярнуцца

Хутка паспеюць ягады, вырастуць першыя грыбы. Каб паход у лес не ператварыўся ў трагедыю, міліцыя раіць аматарам ціхага палявання ведаць правілы бяспечных паводзінаў.

Калі збіраецеся ў лес, папярэдзьце аб гэтым родных ці суседзяў, на крайні выпадак пакіньце запіску з прыкладным маршрутам. Паклапаціцеся, каб хапіла бензіну, калі плануеце ехаць, а не ісці пешшу.

Абавязкова бярыце з сабой мабільны тэлефон з зараджанай батарэяй. Калі згубіліся, тэлефануйце родным або ў спецыяльныя службы, кантралюйце зарад батарэі. У кішэні (не ў сумцы) у вас павінны быць нож і сухія запалкі, на руцэ – гадзіннік, па якім можна арыентавацца, як па компасе. Апранайцеся ярка (у камуфляжы вас могуць не заўважыць і з трох метраў), старайцеся не сыходзіць са знаёмага маршруту, не ўжывайце спіртнога, пры неабходнасці захапіце з сабой лекі. Перш чым зайсці ў лес, зарыентуйцеся па сонцы, у які бок вам выходзіць назад.

Калі вы ўсё ж такі заблукалі, не панікуйце. Спыніцеся і падумайце, адкуль прыйшлі, прыслухайцеся, ці не чутно гукаў машын, трактароў, цягнікоў, сабачага брэху. Пры іх адсутнасці лепш за ўсё адшукаць ручай і ісці ўніз па цячэнні: вада прывядзе да ракі, дзе можна сустрэць людзей.

Накірунак можна вызначыць з дапамогай моху (расце на дрэвах з паўночнага боку), мурашнікаў (размяшчаюцца з паўднёвага боку), дуплаў дзятла (з паўднёвага боку), лясных ягад (з паўднёвага боку чырванейшыя, чым з паўночнага), сонца (у 14 гадзін знаходзіцца на поўдні, а цені падаюць на поўнач).

Калі дакладна ведаеце, што вас будуць шукаць, заставайцеся на месцы, распаліце вогнішча, спявайце песні (па дыме і голасе чалавека лягчэй адшукаць). Калі давялося заначаваць, зрабіце пасцель з лапніку, вогнішча падтрымлівайце ўсю ноч, для чаго кіньце ў яго некалькі тоўстых галін. Часовую стаянку неабходна ладзіць на сухім месцы. Пабудуйце з дапаможных матэрыялаў шалаш, запасіцеся прыроднай ежай, вадой і чакайце людзей. Стаянку можна абазначыць з дапамогай высокага (метры тры) крыжа з яловых галін, іншага заўважнага арыенціра. Каля лясной сцяжынкі, якая вядзе да стаянкі, можна пакласці некалькі кучак камянёў, на якія звернуць увагу ратаўнікі, пакінуць іншыя знакі, якія звычайна не сустракаюцца ў прыродзе.

Калі самі адшукваеце дарогу, старайцеся не пятляць, добра, калі патрапіце на лінію электраперадачы, газаправод, чыгунку. Падаваць гукавыя сігналы можна ўдарамі палкі аб дрэвы. Не старайцеся скарачаць шлях, не палохайцеся, калі пачалі кружыць (гэта з’ява – “фокус правай нагі”), проста пачніце праз кожныя 100-150 метраў выбіраць заўважныя арыенціры, што асабліва важна, калі на шляху сустракаецца кустоўе, паваленыя дрэвы, з-за якіх лёгка адхіліцца ад прамога маршруту.

Аляксандр БІЛЬ,

начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама

 

0 0 64 14 Июнь, 2018 Бяспека Июнь 14, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *