Лета – час адпачынку і развіцця дзяцей

Падзеі

Набліжаецца лета, а гэта значыць, што хутка здейсняцца дзіцячыя мары – яны будуць адпачываць.

Згодна рашэння Дзятлаўскага выканаўчага камітэта ў раёне ў летні перыяд 2018 года запланавана аздараўленне 1400 дзяцей у аздараўленчых летніках, якія будуць арганізаваны ўстановамі адукацыі раёна і дзіцячым аддзяленем “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон”. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, установамі адукацыі актыўна вядуцца работы па падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі: праверка бяспечнасці вулічна гульнявога і спартыўнага абсталявання, папаўненне матэрыяльнай базы, падрыхтоўка педагагічных кадраў, планаванне займальнай, насычанай цікавымі падзеямі,  выхаваўчай работы ў летніках. На сайтах установаў адукацыі вядзецца рэклама летнікаў, якія будуць працаваць на іх базе.

Ва ўсіх школах раёна ў першую змену ў чэрвені будуць арганізаваны летнікі з дзённым знаходжаннем дзяцей, а ў сярэдніх школах №1 і №3 горада Дзятлава яны будуць працаваць у дзве змены: у чэрвені і ліпені − у сярэдняй школе №3; у чэрвені і жніўні − у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава. Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа ў чэрвені арганізуе  спартыўна-аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем для выхаванцаў, якія любяць займацца спортам. У раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў чэрвені будзе працаваць летнік з дзённым знаходжаннем “Бухта радасці” для дзяцей-інвалідаў. У другую змену з канца чэрвеня і амаль да канца ліпеня будзе працаваць летнік “Вектар” на базе  Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.

Для падлеткаў ва ўзросце ад 14 гадоў і старэйшых арганізаваны летнікі працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем у сярэдніх школах №1 і №3 горада Дзятлава, Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе і Гезгалаўскай сярэдняй школе. У Казлоўшчынскай сярэдняй школе плануецца работа такога летніка з кругласутачным знаходжаннем у дзве змены. У ім падлеткі будуць заняты працай у сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна, а вольны час напоўняць цікавыя сустрэчы, падарожжы, спартыўныя гульні.

Папулярнасцю сярод падлеткаў штогод карыстаюцца профільныя 9-дзённыя летнікі з кругласутачным знаходжаннем. Плануецца ў чэрвені работа трох такіх летнікаў ваенна-патрыятычнага накірунку  для юнакоў-дапрызыўнікоў: у сярэдняй школе №3 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай і Наваельнянскай сярэдніх школах, дзе юнакі 10 класа пройдуць вучэбна- палявыя зборы, а ў вольны час яны будуць займацца спортам, падарожнічаць па цікавых мясцінах Беларусі.

Профільныя турыстычна-краязнаўчыя летнікі будуць арганізаваны Дзятлаўскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства (у канцы чэрвеня і ў ліпені запрашае лагер “Сцяжынка”), у канцы чэрвеня – лагер Гезгалаўскай сярэдняй школы, а таксама два турыстычныя лагеры сярэдняй школы №3 горада Дзятлава. У Год малой Радзімы выхаванцам летнікаў будзе прадастаўлена магчымасць бліжэй пазнаёміцца са знакамітымі мясцінамі Дзятлаўшчыны.

Краязнаўчы профільны летнік “Юны археолаг” плануецца арганізаваць у гімназіі №1 горада Дзятлава ў ліпені, а ў жніўні прыме дзяцей летнік фізкультурна-спартыўнага профілю “Алімпіёнік” у сярэдняй школе №1 горада Дзятлава.

Летам 2018 года запланавана работа 4 профільных 9-дзённых кругласутачных летнікаў, якія будуць размешчаны ў жывапісных мясцінах. Запрашаюцца дзеці з усіх школ раёна.

У Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе будзе ўпершыню адкрыта змена духоўнага выхавання, а ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе плануюць змену эколага-біялагічнага  профілю. У Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе ўжо трэці год запар прыме дзяцей раённы летнік лінгвістычнага профілю  “Лінгваlаnd”, а ў Жукоўшчынскім дзіцячым садзе-базавай школе ў летніку “Праметэй” дзяцей чакаюць мерапрыемствы па правазнаўству, асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Кругласутачны летнік, які будзе працаваць у тры змены ў чэрвені і ліпені з працягласцю змены 18 дзён, арганізуецца на базе дзіцячага аддзялення “Баравічок” філіяла  “Санаторый “Радон”.

На працягу мая ў школах праводзіцца набор і запіс у аздараўленчыя летнікі дзяцей. Для гэтага бацькам неабходна загадзя звярнуцца ў школу.

Для залічэння дзяцей у летнікі з дзённым знаходжаннем і профільны кругласутачны  9-дзённы неабходна заява аднаго з законных прадстаўнікоў на імя дырэктара ўстановы адукацыі, якая арганізуе летнік. Працягласць змены з дзённым знаходжаннем – 18 дзён; большасць з іх будзе  працаваць з панядзелка па пятніцу з 9 да 16 гадзін, акрамя таго,  арганізуецца работа дзяжурных груп з 8 да 9 і з 16 да 18 гадзін пры неабходнасці.  У адпаведнасці з заканадаўствам у летнік з дзённым знаходжаннем з выкарыстаннем дзяржаўнай датацыі дзеці могуць быць накіраваны ў перыяд кожных канікулаў не больш, чым адзін раз. Адзін раз у каляндарным годзе яны маюць права атрымаць пуцёўку з выкарыстаннем дзяржаўнай датацыі, а дзеці-сіроты, і дзеці, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзеці з мнагадзетных і няпоўных сем’яў, дзеці непрацуючых пенсіянераў могуць выкарыстаць такое права двойчы ў год. Аздараўленне дзяцей па профілях, накірунках дзейнасці  працягласцю не больш за 9 дзён, а таксама ў летніках з дзённым знаходжаннем на працягу кожнага канікулярнага перыяду не выключае магчымасці накіравання іх на працягу года на аздараўленне ў летнікі з кругласутачным знаходжаннем і наадварот.

Папоўніць сілы, умацаваць здароўе і правесці вольны час карысна і цікава – гэта пажаданне бацькоў і дзяцей вырашаюць прышкольныя аздараўленчыя летнікі, якія цяпер з’яўляюцца  найбольш  зручным і танным спосабам арганізацыі вольнага часу і адпачынку дзяцей для большасці сем’яў. Сума  бацькоўскай даплаты да поўнага кошту пуцёўкі з улікам дзяржаўнай датацыі застанецца амаль на ўзроўні прошлага года і складзе ад 30 да 37 рублёў – у летнікі з дзённым знаходжаннем, ад 40 да 50 рублёў – у спартыўна-аздараўленчыя з дзённым знаходжаннем, 36-38 рублёў у летнікі працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем, 30-35 рублёў – у кругласутачных 9-дзённых, 165 рублёў – у кругласутачным летніку “Баравічок” .

Запрашаем вучняў правесці незабыўныя дні летніх канікул у аздараўленчых летніках.

Наталля ПАЗНЯК,
метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета

Стоит почитать:

Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Свята заклікае!

Пабудаваць дом мары і сустрэцца на “Скрыжаванні мастацтваў” – творчыя пляцоўкі фестывалю

Уручаны ўзнагароды сем’ям-пераможцам “Зецельскага фэсту”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *