Кнігі для прытулка з подпісам аўтара

Падзеі

У прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, каб павіншаваць выхаванцаў са святам і надыходам летніх канікулаў, наведаліся старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Алена Бераснева і старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Ірына Жэгала.

У якасці падарунка для прытулка Алена Бераснева прывезла кнігі з уласнай калекцыі, сярод якіх выданні аб гісторыі, славутасцях і цікавых мясцінах Прынёманскага краю: “Гродна турыстычны”, “Аграгарадкі Гродзеншчыны”, “Падарожжа па Прынямонні”, “1941-ы”, мастацкая літаратура.

– Пачалася даўгачаканая пара – летнія канікулы, – звярнулася да выхаванцаў прытулка Алена Бераснева. – Вы будзеце адпачываць, загараць, купацца, але я лічу, што таксама варта больш чытаць. Спадзяюся, вы вырасцеце адукаванымі, разумнымі людзьмі, а таму прывезла вам кнігі з маёй уласнай бібліятэкі. Пераважна гэта літаратура для сур’ёзных людзей, якая шмат цікавага раскажа вам пра нашу вобласць. Ёсць сярод іх і аўтарскія кнігі з подпісамі, якія падарылі мне самі пісьменнікі. Вам я перадаю іх, каб абавязкова прачыталі. Адзін з аўтараў, Віктар Кудлачоў, мой добры сябар. Ён дзіцячы паэт, сляпы, але творы піша вельмі цікавыя. Кнігу, якую я трымаю ў руках, падпісвала яго жонка.

Таксама я хачу падарыць вам на памяць кнігу, якую некалькі гадоў таму да 70-годдзя газеты “Гродзенская праўда” пісалі мы з Аляксандрам Богушам. Я па прафесіі журналіст і спадзяюся, што хто-небудзь з вас вырасце і прысвеціць сваё жыццё гэтай цікавай прафесіі, магчыма, напіша кнігу пра сябе, сваіх блізкіх і сяброў. Гэту кнігу я вам падпішу сама для сацыяльна-педагагічнага цэнтра. А калі мы сустрэнемся ў наступны раз, вы мне раскажаце, што цікавага прачыталі за лета.

Дырэктар цэнтра Ала Жэгалік і выхаванцы падзякавалі гасцям за цікавую сустрэчу і выдатныя падарункі.

Пасля адыходу гасцей дзеці адразу ўзялі ў рукі кнігі. У адной з іх адшукалі фотаздымкі аграгарадкоў Дзятлаўскага раёна. Мяркую, у бліжэйшы час выхаванцы прытулка перагледзяць усе ілюстрацыі і прачытаюць найбольш цікавае ў падораных выданнях, а ўчэпістая дзіцячая памяць надоўга захавае атрыманую інфармацыю.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Стоит почитать:

Работа па закліку сэрца

“Дзякуй, настаўнік! Прымайце паклон да зямлі!”

Цудоўнаму бібліятэкару прысвячаецца

 

 



1 комментарий по теме “Кнігі для прытулка з подпісам аўтара

  1. Сённяшнія дзеці вельмі мала чытаюць, таму ім трэба часцей дарыць кнігі.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий для Святлана Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *