І была вайна
Опубликовал

І была вайна

(Маўклівыя сведкі Першай сусветнай на Дзятлаўшчыне)

18 лістапада 2018 года спаўняецца 100 гадоў з дня заканчэння Першай сусветнай вайны, якая пачалася 1 верасня 1914 года. Усяго ў вайне ўдзельнічала 38 дзяржаваў з насельніцтвам больш за 1,5 мільярда чалавек.

Восенню 1914 года на Дзятлаўшчыне пачалася мабілізацыя ў шэрагі царскай арміі. На сёння няма магчымасці вызначыць, колькі дзятлаўчан прынялі ўдзел у падзеях, якія разгарнуліся на франтах Першай сусветнай вайны. У Дзятлаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі заховаўюцца звесткі аб тых, хто ваяваў. Сярод іх былі Максім Вікенцьевіч Кавальчук з вёскі Марозавічы, Рыгор Міхайлавіч Дзянісік з вёскі Доўбневічы, Апанас Аляксандравіч Рамашэўскі, ураджэнец вёскі Накрышкі, Іван Іванавіч Мацюкевіч з вёскі Гернікі, Аляксандр Карпавіч Касцюшка з вёскі Сачыўляны, Уладзімір Міхайлавіч Саўка з вёскі Ананічы, браты Сасінскія і іншыя.

Кайзераўскія нямецкія войскі захапілі Дзятлава ў другой палове верасня 1918 года. У 1915-1918 гадах наша тэрыторыя, якая ўваходзіла ў склад Слонімскага і часткова Навагрудскага паветаў Гродзенскай губерніі, была акупіравана войскамі Кайзераўскай Германіі.

Даследчыкі гісторыі Дзятлаўшчыны І. А. Фёдараў і Я. А. Місарэвіч адзначаюць, што “нямецкія гарнізоны былі ў Дзятлаве, на чыгуначнай станцыі Наваельня, у Казлоўшчыне, у вёсках Зарой і Парэчча. На штабных картах акупіраваная частка Беларусі, куды ўваходзіла і Дзятлаўшчына, значылася пад назвай “Зямля Оберост”. Мяжа праходзіла на ўсходзе па лініі Дзятлава – Ліда – Воранава. Камандаваў Дзятлаўскім гарнізонам капітан Гейстліхэн. Разам са старастам мястэчка ён адказваў за нармальны рух цягнікоў па чыгунцы, што звязвала Ліду з Баранавічамі, Баранавічы са Слонімам.  Камендатуры, пагражаючы зброяй, старанна сачылі за тым, каб жыхары плацілі шматлікія падаткі і паборы. Акупанты вывозілі прамысловую прадукцыю з тых нямногіх прадпрыемстваў, што дзейнічалі ў мястэчку, – ватнай фабрыкі, цагельнага і скуранога заводаў, лесапілкі, 5 мёдаварак, на якіх працавалі 48 рабочых.

Мірны дагавор, заключаны ў Брэсце 3 сакавіка 1918 года паміж Германіяй і Савецкай Расіяй, ненадоўга прадоўжыў існаванне акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, у тым ліку і на Дзятлаўшчыне”.

Аб падзеях гэтай вайны на тэрыторыі нашага раёна засталіся ўспаміны мясцовых жыхароў і “маўклівыя сведкі” – пабудовы ваеннага тыпу. Разам з былым дырэктарам Дзятлаўскага музея Фёдарам Красюком мне пашанцавала ўбачыць такія збудаванні недалёка ад вёскі Краглі, Погіры. Гэта нямецкія бункеры, зробленыя з жалеза і бетону. Некаторыя вельмі добра захаваліся, а некаторыя – узарваны.

Бункер каля вёскі Васявічы мне паказаў мясцовы жыхар Віктар Адамавіч Жых. Даўжыня яго звыш 15 метраў, а выкарыстоўваемая ўнутраная частка прыкладна 75 метраў квадратных. Ён расказваў, што яго бацька, Адам Іванавіч Жых, і яго былая суседка былі сведкамі будаўніцтва бункера. Коннымі падводамі бетон прывозілі з Дварца. Унутраная аддзелка была з драўлянай вагонкі, а дзверы – металічныя. І сёння на сцяне знаходзіцца дата пабудовы ўмацавання – 1917 год. Бункер быў прыстасаваны для палявога ваеннага шпіталя. Усярэдзіне – аркападобная столь, якая была ўмацавана металічнымі супрацьасколачнымі перакрыццямі. Па баках бункера былі замураваны чыгуначныя рэльсы. Таўшчыня сцен – да 1,5 метра, таўшчыня столі дасягала звыш 2-х метраў. У столі былі зроблены паветраадводныя вокны. Уваходы ў бункер, а  іх было не менш за два, былі з ліставога жалеза. Зверху бункер накрываўся тоўстым слоем дзёрну, што дазваляла яму быць незаўважанымі для паветранай разведкі часоў Першай сусветнай вайны. Перад адступленнем германскай арміі бункер хацелі ўзарваць, але ад выбуху паміж столлю і сценамі засталася толькі невялікая трэшчына.

Бункеры мелі прызначэнне рознага характару. Гэта былі палявыя шпіталі (у дадзеным выпадку бункер у Васявічах), камандныя пункты (за вёскай Краглі недалёка ад бункера быў назіральны пункт), склады боепрыпасаў, гаспадарчыя склады. На вялікі жаль, сучасныя нарыхтоўшчыкі металалому выразалі і вывезлі амаль што ўсе металічныя ўмацаванні.

Сведкамі вайны таксама з’яўляюцца вайсковыя пахаванні салдат каля вёсак Зарой і Галаўлі. 11 лістапада 1918 года Першая сусветная вайна скончылася. Германія і яе саюзнікі пацярпелі паражэнне. Гродзенская губернія была поўнасцю вызвалена ў лютым 1919 года. Але хутка пачалася савецка-польская вайна, і наш раён апынуўся пад уладай буржуазнай панскай Польшчы на перыяд  з 3 сакавіка 1921 года да 18 верасня 1939 года.

 

Гістарычная даведка: Першая сусветная вайна доўжылася больш за 4 гады. Загінулі і памерлі ад ран каля 10 мільёнаў чалавек, былі паранены больш за 20 мільёнаў чалавек, каля 10 мільёнаў чалавек памерлі ад эпідэмій і голаду.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Стоит почитать:

З гісторыі Жукоўшчынскага парку

Часовенка рядом с Поклонными камнями в деревне Горка

Трагедыя, якая не павінна паўтарыцца

0 0 105 14 Май, 2018 Крокі да родных мясцін Май 14, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *