У жыццё выходзім з сям’і (Раённы фестываль-конкурс “Сям’я ХХІ стагоддзя”)
Опубликовал

У жыццё выходзім з сям’і (Раённы фестываль-конкурс “Сям’я ХХІ стагоддзя”)

З ініцыятывы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” на Дзятлаўшчыне прайшоў раённы фестываль-конкурс “Сям’я ХХІ стагоддзя”, у якім прынялі ўдзел 15 дружных, творчых актыўных сем’яў з розных куткоў нашага раёна.

Загадзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Дзятлаўшчыны ладзіліся бацькоўскія суботы, вывучаўся вопыт лепшых сем’яў і выбіраліся сем’і, якія прадставяць установы на раённым свяце. Затым канкурсанты афармлялі заяўкі і рыхтавалі так званае “хатняе заданне”, якое журы ацэньвала завочна. Гэта былі візітоўкі-прэзентацыі “Мая сям’я” і яркія, арыгінальныя партфоліа ўдзельнікаў з фотаздымкамі.

Яшчэ адным заданнем, якое выконвалася непасрэдна ў дзень конкурсу, была “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. У фае перад актавай залай сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, дзе праходзіў фестываль, сем’і ладзілі свае міні-экспазіцыі. Выстава “Свет нашых захапленняў” атрымалася насычанай і рознапланавай. Вабілі вока яркімі фарбамі намаляваныя і вышытыя карціны, было тут і выпальванне па дрэве. Сярод упрыгажэнняў ручной работы вылучаліся далікатныя кветкі і банты ў стыле канзашы з атласных стужак. У ліку экспанатаў для дызайна інтэр’ера былі філігранныя сурвэткі, звязаныя кручком, арыгінальныя вырабы з лёну, тапіарыі з розных матэрыялаў, кошычкі з папяровай лазы. Журы пры ацэнцы гэтага конкурсу ўлічвала не толькі майстэрства выканання экспанатаў, але і іх функцыянальнасць у побыце.

Галоўная дзея фестывалю разгортвалася на сцэне, дзе сем’ям-удзельніцам належала выступіць з творчым заданнем “Сямейныя традыцыі”. Выступленні канкурсанатаў пацвердзілі, што на Дзятлаўшчыне багата добрых сямейных традыцый: тых, што дасталіся нам ад продкаў, і новых, якія ўстанаўліваюць сучасныя крэатыўныя таты і мамы, іх творчыя дзеці. Багата наша малая радзіма і талентамі. Са сцэны гучалі шчырыя прызнання і пяшчотныя водгукі, падзякі блізкім у песнях і вершах, добрыя пажаданні, музычныя кампазіцыі. Сакрэты сямейнага дабрабыту ўдзельнікі раскрывалі ў творчых спаборніцтвах: расказвалі пра свае захапленні з дапамогай інтэрактыўных гульняў, ператваралі сцэну ў тэатральную і спартыўную пляцоўкі, а падтрымлівалі канкурсантаў родныя, сябры і калегі. Напрыклад, падтрымаць сям’ю Макарчыкаў з Наваельні прыехалі навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы. Каманда балельшчыкаў падбадзёрвала Макарчыкаў гучнымі вершаванымі крычалкамі.

Для журы было нялёгкай задачай падвесці вынікі іспытаў. Пераможцаў і прызёраў вызначылі ў кожнай з намінацый, а па агульнай колькасці балаў былі вызначаны лідэры фестывалю.

Пераможцай намінацыі “Візітоўка” стала сям’я Кузьма, на другім месцы сям’я Гаўрош, трэція – Гародкі. У намінацыі “Партфоліа” перамога дасталася Міхалоўскім, другія – Санцэвічы, трэція – Комары. Самым высокім балам за выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці адзначана сям’я Бортнік, другое месца ў сям’і Губко, трэцяя сям’я Юч. Лідэрам намінацыі “Сямейныя традыцыі” сталі Макарчыкі, на другім месцы – Шаўчукі, трэція – Сямёнавы. Пераможцамі раённага фестывалю-конкурсу “Сям’я ХХІ стагоддзя” сталі Макарчыкі, ім жа дастаўся прыз ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Дыплом фестывалю другой ступені атрымала сям’я Сямёнавых, дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджана сям’я Шаўчук. Кожная школа для сем’яў-ўдзельніц падрыхтавала падарункі ад пярвічных арганізацый ГА “БСЖ”.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Стоит почитать:

Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Свята заклікае!

Пабудаваць дом мары і сустрэцца на “Скрыжаванні мастацтваў” – творчыя пляцоўкі фестывалю

Уручаны ўзнагароды сем’ям-пераможцам “Зецельскага фэсту”

2 0 314 18 Май, 2018 Раённыя падзеі Май 18, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *