Вясна. Вялікдзень. Прыгажосць

Падзеі

Вялікдзень – свята святаў у хрысціянстве. Нашы продкі рыхтаваліся да яго грунтоўна: трымалі пост, хадзілі ў храмы, у Вербную нядзелю па-мастацку ўпрыгожвалі галінкі вярбы, у Вялікую суботу – велікодныя кошычкі, у якіх асвячалі яйкі, пасхі, кулічы. Выдатна, што гэтыя светлыя хрысціянскія традыцыі падтрымліваюць сучаснікі, асабліва радуе, што іх актыўна пераймае моладзь.

Шмат гадоў запар з ініцыятывы грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” на велікодным тыдні ў нашай краіне ладзіцяца моладзевыя фестывалі-выставы “Велікодны куліч”.

У рамках фестывалю тэрытарыяльныя арганізацыі саюза моладзі рыхтуюць выставачныя экспазіцыі з велікодных кулічоў, кампазіцый, творчых фотаработ, малюнкаў дзяцей і моладзі. У нашым раёне такая выстава адкрыта і дзейнічае ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Паколькі “Велікодны куліч” – гэта не толькі выстава, а яшчэ і моладзевы конкурс, работы ўдзельнікаў ацаніла журы. У якасці незалежных экспертаў былі запрошаны Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель храма Праабражэння Гасподня ў горадзе Дзятлаве Іаан Кісель і ксёндз-пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула. Святары высока ацанілі творчыя здольнасці ўдзельнікаў конкурсу і адзначылі, што амаль усе работы дастойны прызавога месца.

Спраўды, журы было складана вызначыць лепшых у конкурсных намінацыях. Удзел у выставе сёлета прымалі навучэнцы ўстановаў адукацыі раёна, аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” і клуб “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, жыхары Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.

Яркія фарбы выставы, сярод якіх пераважалі чырвоны, жоўты і блакітны, радавалі вока. Майстры для стварэння сваіх велікодных работ выкарысталі розныя дапаможныя матэрыялы – лён, тканіну, бісер, пер’е, паперу, ніткі, нават макароны, сена, кару дрэва. У кошычках ляжалі не толькі пісанкі, кветкі і галінкі вярбы, з некаторых з іх гарэзліва выглядвалі штучныя курачкі з куранятамі.

Лепшай “Велікоднай кампазіцыяй” была прызнана калектыўная работа аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Гэта кампазіцыя ўключала ў сябе работы ў тэхніцы модульнага арыгамі, вырабы з прыродных матэрыялаў, арыгінальныя велікодныя кампазіцыі, сярод якіх вылучаліся па-майстэрску пашытыя з яркіх шматкоў тканіны жывёліны і птушкі. Другое месца намінацыі заняла работа Аксаны Кайро з Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната – вышытае бісерам на тканіне велікоднае яйка. На трэцяй пазіцыі замацаваліся майстрыхі клуба “Нам гады не бяда”, работы якіх стварылі міні-экспазіцыю да свята.

У намінацыі “Малюнак” вызначыўся Раман Вашкевіч, навучэнец Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, які намаляваў від з акна ў дзень свята. Навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы Таццяна Аляшкевіч заняла другое месца. Тройку лепшых замкнула навучэнка Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы Аксана Сербін.

У конкурсе фотаздымкаў “Вялікдзень у нашым жыцці” журы аддало перавагу святочнаму фотасюжэту ў спалучэнні з кампазіцыяй, якія падрыхтавала навучэнка сярэдняй школы №3 Лада Жэгалік. Фотаработа Кірыла Гурнача з Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы заняла другое месца, фотаздымак Анастасіі Макарчык з Казлоўшчынскай сярэдняй школы – трэцяе месца.

Парадаваў журы і конкурс на лепшы куліч. Выдатная духмяная выпечка атрымалася ў навучэнак сёмых класаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, якім прысудзілі першае месца. На другой пазіцыі аказалася работа маладой настаўніцы Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Анастасіі Жыдко. Аднак увагу журы таксама прыцягнулі прыгожыя штучныя кулічы. Найлепшы з іх атрымаўся ва ўдзельніцы клуба “Нам гады не бяда” Надзеі Бяржанінай. Ён і заняў трэцяе месца ў намінацыі.

Усе пераможцы атрымаюць дыпломы і падарункі ад раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Ірына КАЎКЕЛЬ

Стоит почитать:

Пасха в Дятлово. Освящение яиц и куличей (+видео)

Пасха вачамі дзяцей

Абрад “Вялікдзень” на Дзятлаўшчыне



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *