Вячаслаў Адамчык – герой мірнага часу

Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Чарнобыль. У назву гэтага старажытнага горада быццам закладзена нейкае змрочнае прадказанне – “было, быль”. На жаль, Чарнобыль – гэта не быль сівых стагоддзяў, не мінуўшчына, гэта наша “сёння”, нягледзячы на тое, што прайшло больш за трыццаць гадоў.  Усё таму, што на чарнобыльскі алтар многім беларусам давялося пакласці самае дарагое – родную хату, калыску, матчыну песню, красу навакольнай прыроды, душэўны спакой.

Пакінуў Чарнобыль свой глыбокі след і на лёсе нашага земляка Вячаслава Адамчыка, удзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Каб адчуць, што значаць для яго тыя далёкія падзеі, варта проста зазірнуць у вочы ў час размовы. Ці думаў Вячаслаў Лявонавіч, што аднойчы яму давядзецца стаць героем мірнага часу? Мяркую, што не.

Біяграфія нашага земляка самая звычайная: нарадзіўся на Дзятлаўшчыне ў невялікай вёсцы Ліжэйкі, скончыў 10 класаў Таркачоўскай сярэдняй школы, адслужыў у арміі, з 1981 года (калі звольніўся ў запас) працаваў вадзіцелем у Наваельнянскай міжрайсельгасхіміі.

Вячаслаў Лявонавіч адзначае, што шафёрская справа для яго – прызванне, і не злічыць тых кіламетраў, якія наездзіў за працоўнае жыццё. У якасці вадзіцеля ён і трапіў на ліквідацыю чарнобыльскай аварыі. Успамінае, што ў кастрычніку 1986 года іх (6чалавек) адправілі ў Брагінскі раён – вёску Лойнікі, якаязнаходзіцца за дваццаць кіламетраў ад Чарнобыля. Там ужо працавалі вадзіцелі, меліся машыны, таму ў камандзіроўку да месца работы ехалі на аўтобусе з Ліды. Ніхто не разважаў, што і як будзе – трэба было ехаць, значыць трэба.

Быў пачатак кастрычніка, прыгожая восень. Прыехалі ў вёску Лойнікі, а там – цішыня. Так бывае, калі ў вёсцы няма дзяцей.

Як і іншыя, Вячаслаў Лявонавіч выконваў работу, якую даручылі: вывозіў грунт. Працавалі на яго дэзактывацыі ў калгасах “Пераможца”, “Імя Ю. Гагарына”, вёсках Дублін, Масейка, Астрагляды Брагінскага раёна. Знаходзіўся Вячаслаў Адамчык там з 4 кастрычніка 1986 года на працягу чатырнаццаці сутак. Вазілі даламітавы пыл, засыпалі ім зямлю. Жылі ў інтэрнаце, кармілі ліквідатараў вельмі добра, але чамусьці ўвесь час хацелася піць. Адзенне, у якім працавалі, потым давялося спаліць.

З трывожным сэрцам Вячаслаў Лявонавіч вяртаўся дахаты. Па дарозе некалькі разоў мылі машыны, на якіх ехалі. Урэзаліся ў памяць знакі “Небяспечная зона”, на шляху іх было каля сотні.

У лютым 1992 года Вячаславу Лявонавічу было выдадзена пасведчанне ўдзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС .

Мінула больш за трыццаць гадоў, а нашаму земляку здаецца, што было ўсё гэта зусім нядаўна. Чарнобыль назаўсёды застанецца ў памяці ліквідатараў. Нельга і нам забываць гэтых герояў мірнага часу, якія, рызыкуючы сваім здароўем і жыццём, ратавалі Беларусь ад радыяцыі. Дзякуючы іх мірнаму подзвігу, на нашай роднай зямлі спяваюць птушкі, ідзе спорны дождж, застаюцца здаровымі людзі і дрэвы, ёсць надзея на шчаслівае дзяцінства і будучыню нашых яшчэ не народжаных дзяцей і ўнукаў.

Валерыя ВАЛОЖЫНА,
удзельніца аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” Наваельнянскай СШ

Стоит почитать:

Хроника пылающей деревни

Трагедыя, якая не павінна паўтарыцца

Попел жорсткіх падзей (+відэа)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *