Ушанавалі памяць бязвінна загінулых

Падзеі

Штогод 30 красавіка ў лясным масіве за горадам Дзятлава ля брацкай магілы, дзе пахаваны 2800 яўрэяў Дзятлаўскага гета, якія былі растраляны фашыстамі ў гэты дзень у 1942 годзе, праходзіць акцыя памяці. Не стаў выключэннем і 2018 год.

На месце расстрэла сабраліся педагогі і навучэнцы дзіцячага аддзялення “Баравічок” філіяла “Санаторый “Радон”, за якімі замацавана шэфства над брацкім пахаваннем, прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны, нераўнадушныя госці з розных куткоў нашай краіны, з Польшчы і Расіі. Удзел у сустрэчы прынялі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснік Ігар Кухарэвіч, галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Максімовіч.

Настаўніца Жанна Нагавонская, якая доўгі час займалася вывучэннем гісторыі Халакосту на Дзятлаўшчыне, расказала падрастаючаму пакаленню пра жахі Вялікай Айчыннай вайны і растрэл насельнікаў Дзятлаўскага гета.

Міхаіл Айнбіндэр, у якога ў брацткай магіле пахаваны родныя, звярнуўся да прысутных з заклікам памятаць сумныя падзеі гісторыі, каб падобнае не паўтарылася на нашай зямлі. Ён расказаў, што знайшоў магілу блізкіх, дзякуючы кнізе “Памяць” і Тамары Кельнер, якая прымала ўдзел у яе распрацоўцы.

Кандыдат медыцынскіх навук Мікалай Мазур, які ў свой час быў галоўным доктарам санаторыя “Радон”, расказаў, што санаторый даўно ўзяў шэфства над пахаваннем і клапоціцца аб ім. Мікалай Уладзіміравіч выказаў спадзяванне, што і наступныя пакаленні будуць шанаваць памяць загінулых і мірнае жыццё.

Словы класіка “Хто не памятае мінулага, у таго няма будучыні” працытаваў Аляксандр Дубовік. Ён падзякаваў удзельнікам сустрэчы за павагу да роднай гісторыі і пахаваных тут землякоў.

Прадстаўніца яўрэйскай абшчыны Лілія Айнбіндэр расказала, што не ведала сваіх бабуляў і дзядуляў, бо яны былі растраляны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Лілія Самуілаўна – настаўніца, і яна

стараецца данесці да падрастаючага пакалення асноўныя чалавечыя каштоўнасці, а таму ўзгадала пра “праведнікаў свету” – людзей якія, рызыкуючы ўласным жыццём, ратавалі яўрэяў у гады вайны, пажадала дзецям расці ў міры, паважаць адзін аднаго і добра вучыцца.

Бязвінна загінулых 30 красавіка 1942 года ўшанавалі хвілінай маўчання і па традыцыі запалілі ля помніка свечкі, а таксама ўсклалі да магілы кветкі.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Стоит почитать:

“ Ноты весны”

На сельскім сходзе ў Круцілавічах



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *