Шчодрая дапамога і ніякай карысці: дабрачынны візіт галандцаў

Падзеі

Дзятлаўшчына часта сустракае гасцей-замежнікаў. Многія з іх прыязджаюць не проста паглядзець наш горад і пазнаёміцца з культурай краіны, але і для таго, каб прынесці якую-небудзь карысць. Ужо не першы раз да нас прыязджаюць прадстаўнікі дабрачыннай акцыі «Дзеці Чарнобыля» з Галандыі. У іх сфарміравалася традыцыя: двойчы на год дапамагаць людзям, якія жывуць на тэрыторыі, забруджанай пасля аварыі на ЧАЭС.

У нашым раёне галандцы супрацоўнічаюць з Дварэцкім і Мяляхавіцкім сельскімі саветамі. Сёлета еўрапейская дэлегацыя перадала гэтым сельскім саветам 130 пасылак з гуманітарнай дапамогай.

Галандская дабрачынная арганізацыя шмат дапамагае Дварэцкай амбулаторыі. Напрыклад, была аказана дапамога ў замене вокнаў, цяпер з’явяцца і новыя дзверы. У мінулы свой візіт замежнікі прывозілі матрацы. Для пацыентаў, якія знаходзяцца на ложку сястрынскага догляду, заўсёды прывозяць памперсы.

Дарэчы, гісторыя супрацоўніцтва галандскіх і беларускіх дабрачынных арганізацый пачалася яшчэ з 1993 года. Тады дзеці з Беларусі сталі прыязджаць у Галандыю для таго, каб паправіць сваё здароўе. Разам з тым, галандцы прапанавалі не толькі прымаць беларусаў у сябе, але і дастаўляць гуманітарную дапамогу на неабходныя тэрыторыі.

Пасярэдніцтва са шчодрымі еўрапейцамі на Дзятлаўшчыне аказала Рэгіна Марцута, якая працавала доктарам-інфекцыяністам ў Дзятлаўскай ЦРБ.

Адзін з членаў галандскай дэлегацыі, Пім Вісер, у нашым раёне ўжо шосты раз:

– Спачатку мы прывозілі адзенне, абутак і іншыя патрэбныя рэчы ў асноўным толькі для дзяцей. Потым вырашылі дапамагаць і дарослым, прывозіць прадукты харчавання. Але з-за вялікай адлегласці перавозіць прадукты было цяжка, таму мы пачалі купляць іх у Беларусі. Наогул, мы супрацоўнічаем з арганізацыяй «Чырвоны Крыж», і яна вядомая ва ўсім свеце.

Трэба адзначыць, што сябры з Галандыі прыехалі з падарункамі ў сімвалічны час: 8 мая будзе адзначацца Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца. Да таго ж, у ГА «Беларускі Чырвоны Крыж» дзейнічае штогадовая акцыя «Пачні дапамагаць вясной».

У якасці дабрачыннай дапамогі замежныя мецэнаты ўручылі 8 харчовы набораў тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк таксама ўручылі гасцям памятныя і салодкія падарункі. Некаторыя з галандцаў былі ў нас упершыню, таму падарункі ад беларусаў для іх былі асабліва прыемнымі.

– У вас прыгожая краіна, мне падабаецца ваш горад, тут добрыя людзі. Спадзяюся, што я прыеду сюды яшчэ і пазнаёмлюся з Беларуссю і яе культурай бліжэй. З вамі прыемна супрацоўнічаць, – сказаў Коас Баўман, які першы раз наведаў Дзятлаўшчыну і нашу краіну ўвогуле.

У наступны раз мецэнаты Галандыі прыедуць на Дзятлаўшчыну восенню.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *