Пажарная небяспека ў лясах

Здарэнні і бяспека

Нядбайныя адносіны людзей да выпальвання сухой травы і парушэнне правілаў пажарнай бяспекі становяцца асноўнымі прычынамі ўзгаранняў у лясах. Таму работнікі дзяржаўнай лясной аховы Дзятлаўскага лясгаса прынялі дадатковыя меры па ўзмацненні аховы лясоў ад пажараў. Праводзіцца больш частае патруляванне ляснога фонду і штодзённае дзяжурства на працягу ўсяго светлага часу сутак. Таксама задзейнічана сістэма відэаназірання за своечасовым выяўленнем ляснога пажару. Відэакамеры ўсталяваны на тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў Дзятлаўскага лясгаса, Казлоўшчынскага доследна-вытворчага, Рудаяварскага і Гезгалаўскага лясніцтваў.

Дзятлаўскім лясгасам забяспечана поўная гатоўнасць лесапажарных каманд да выезду на ліквідацыю лясных пажараў. Уведзены кантроль за выкананнем работнікамі абавязкаў па арганізацыі і правядзенні дзяжурстваў па ахове лясоў ад пажараў.

Варта нагадаць, што Правіламі пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь на працягу ўсяго пажаранебяспечнага сезона забараняецца:

разводзіць вогнішчы ў хвойных дрэвастоях і маладняках, на участках пашкоджаных лясных насаджэнняў, тарфяніках, у месцах высечак, якія не вычышчаны ад пасечаных рэшткаў і нарыхтаванай драўніны, у месцах з падсохлай травой;

пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тлення (падпаленыя запалкі, акуркі, гарачы попел);

пакідаць прамасленыя або прамочаныя лёгкаўзгаральнымі і гаручымі вадкасцямі матэрыялы;

запраўляць паліўныя бакі машын і механізмаў у неўстаноўленых месцах, выкарыстоўваць машыны з няспраўнасцямі, якія прыводзяць да выцякання лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў, а таксама курыць або карыстацца адкрытым агнём паблізу машын, якія запраўляюць гаручым;

выпальваць галлё, лясны подсціл, траву і іншыя лясныя гаручыя матэрыялы на землях ляснога фонду.

За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры да 12 базавых велічыняў, а за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках – штраф у памеры да 50 базавых велічыняў.

Дзятлаўскі лясгас заклікае выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лясах і на тэрыторыях, якія прымыкаюць да ляснога фонду. Заўважыўшы ў лесе дым, неадкладна паведаміце ў бліжэйшае лясніцтва або ў лясгас па тэлефоне 6-10-70.

Міхаіл КАРЭНКА,        
інжынер па ахове лесу Дзятлаўскага лясгаса



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *