Сустрэчы ў працоўных калектывах
Опубликовал

Сустрэчы ў працоўных калектывах

19 красавіка ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэмы: “Барацьба з карупцыяй – найважнейшая задача дзяржавы і грамадства”, “Папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у пажаранебяспечны вясенне-летні перыяд”.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка наведала Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм і сустрэлася з калектывам.

– Першае пытанне, якое стаіць на прадку дня, вельмі важнае, і ў час нядаўняга выступлення кіраўніка дзяржавы праблеме барацьбы з карупцыяй была нададзена асаблівая ўвага, – звярнуўся да прысутных Аляксандр Дубовік. – Для простых работнікаў яна таксама актуальная, асабліва ў час всенне-палявых работ. Як зазначаў Прэзідэнт, хтосьці можа недаатрымаць зарплаты і вырашыць ўзяць сваё вядром саляркі, а гэта ўжо супрацьзаконны ўчынак.

І другое пытанне не губляе сваёй актуальнасці. Летась мы не дапусцілі, каб у нашым раёне на пажарах загінулі людзі. Такая ж задача пастаўлена на гэты год. Але спрыяльнае надвор’е, на жаль, уносіць свае карэктывы: кожны дзень ратаўнікам даводзіцца выязджаць на здарэнні, бо людзі паляць вогнішчы, падпальваюць сухую траву. Нядаўна ў Ваўкавысскім раёне ратаўнікі, якія тушылі траву, знайшлі там загінулага пажылога мужчыну. Таму і другога дакладчыка папрашу паслухаць уважліва. Калі напрыканцы ўзнікнуць пытанні па тэмах або асабістыя – звяртайцеся да мяне, да спецыялістаў, якія тут прысутнічаюць як удзельнікі інфармацыйнай групы.

З тэматычнымі дакладамі перад прысутнымі выступілі першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Святоха і намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Беленка.

– Карупцыйныя правапарушэнні наносяць каласальны ўрон дзяржавам. Калі разглядаць лічбы статыстыкі, то штогод у свеце на хабар траціцца прыкладна трыльён долараў ЗША, – пачаў сваё выступленне Уладзімір Святоха. – У Беларусі створаны і рэалізуюцца на практыцы механізмы дзяржаўнай антыкарупцыйнай палітыкі, якія апраўдалі сваю эфектыўнасць. Пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Прэзідэнта. У час свайго выступлення на ўрачыстым мерапрыемстве да 100-годдзя органаў дзяржаўнай бяспекі ён адзначыў, што “карупцыю ўдалося ўтаймаваць”. Для прыкладу, у Беларусі ўдзельная вага злачынстваў карупцыйнай накіраванасці складае 2-3% ад агульнай колькасці зарэгістраваных, аднак ліквідаваць карупцыю, на жаль, не ўдалося ні ў адной дзяржаве. У беларускім заканадаўстве карупцыя адзначана, як “наўмыснае выкарыстанне службовага становішча ў мэтах супрацьпраўнага атрымання маёмасцi або iншай выгады, а таксама подкуп службовай або прыраўнаванай да яе асобы”. У нашым грамадстве пераважаюць негатыўныя адносіны да карупцыйных з’яваў. Згодна даследванняў аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце 77,5% рэспандэнтаў указваюць, што карупцыя недапушчальна і адмоўна ставяцца да яе. У краіне створана эфектыўная заканадаўчая база па барацьбе з карупцыяй ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Прававыя асновы гэтай базы вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На рэалізацыю норм Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў накіраваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 лiпеня 2015 г. № 305-З “Аб барацьбе з карупцыяй”. Адказнасць за правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, і карупцыйныя правапарушэнні ўстаноўлена Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, іншымі актамі заканадаўства. Барацьбу з карупцыяй ажыццяўляюць органы пракуратуры, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі. Дзяржаўным органам, адказным за арганізацыю барацьбы з карупцыяй, з’яўляецца Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь.

У рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацыях, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, абласных, гарадскіх, раённых выканкамах, мясцовых адміністрацыях раёнаў, кіруючых кампаніях холдынгаў створаны камісіі па супрацьдзеянні карупцыі. У пасяджэннях камісій, як правіла, удзельнічаюць прадстаўнікі пракуратуры, органаў унутраных спраў, сродкаў масавай інфармацыі. Праз спецыяльную форму, прадугледжаную на сайтах дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць барацьбу з карупцыяй, грамадзяне маюць магчымасць паведаміць аб вядомых ім фактах (у тым ліку ананімна), а таксама звярнуцца за тлумачэннем пытанняў, падаць заяву, прапанова, скаргу.

У Беларусі, у залежнасці ад наступстваў карупцыйных злачынстваў, існуе адміністрацыйная, дысцыплінарная, грамадзянска-прававая і крымінальная, адказнасць. У пераліку карупцыйных злачынстваў за якія асобы нясуць адказнасць у крымінальным парадку 10 артыкулаў – крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам, усе віды хабару, атрыманне, дача і пасрэдніцтва ў дачы хабару, злоўжыванне ўладай або службовым становішчам і іншыя.

У Дзятлаўскім раёне ў 2017 годзе былі выяўлены 2 злачынствы карупцыйнай накіраванасці: адна справа ўзбуджана пракурорам, другая – Следчым камітэтам. У выніку адна з іх была спынена, другая знаходзіцца ў вытворчасці (адказная асоба парушыла працэдуру закупак тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў).

У Гродзенскай вобласці летась усяго ўлічана 214 злачынстваў і фактаў карупцыі (у 2016 годзе – 234). У даход дзяржавы вернуты вялікія сумы незаконна патрачаных і прысвоеных парушальнікамі заканадаўства грошай. Пакаранні за карупцыйныя злачынствы практычна такія ж сур’ёзныя, як за злачынствы супраць асобы – забойствы, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

 

– Любую праблему варта вывучаць не толькі па лічбах рэспубліканскай і абласной статыстыкі, але і на канкрэтных прыкладах свайго раёна, – пачынаючы выступленне зазначыў Аляксандр Беленка. – За 3 месяцы 2018 года ў рэспубліцы адбылося 1613 пажараў (2017 – 1425 пажараў), загінулі 177 чалавек, з іх 1 дзіця (2017 – 139 чалавек, з іх 1 дзіця). У Гродзенскай вобласці за гэты перыяд адбылося 245 пажараў (2017 – 202 пажары), загінула 16 чалавек (2017 – 12 чалавек). Што тычыцца Дзятлаўскага раёна, летась тут зарэгістраваны 23 пажары (2016 – 29), гібелі людзей на іх не дапушчана. Гэта сведчыць аб тым, што дастойна арганізавана работа на ўзроўні раённага выканаўчага камітэта, рабочай групы, разумее важнасць праблемы насельніцтва нашага раёна. Мы дабіліся разумення ў людзей, і хочацца яго захаваць надалей.

У першым квартале 2018 года таксама адзначаецца зніжэнне колькасці пажараў з пяці да чатырох. Але апошні з іх зарэгістраваны літаральна 18 красавіка ў вёсцы Каменка. Паведамленне паступіла ў 14 гадзін, прычына ўзгарання ўстанаўліваецца, гаспадара дома не было.

На што варта звярнуць асаблівую ўвагу – гэта пачатак пажаранебяспечнага перыяду. З-за цёплага надвор’я ў ратаўнікоў значна павялічылася колькасць выездаў менавіта на пажары, звязаныя з гарэннем сухой расліннасці. У 14 выпадках тушылі сухую траву, якая загарэлася з-за разведзенага вогнішча з парушэннямі правілаў бяспекі, адзін факт – наўмыснае выпальванне сухой расліннасці на корані, і чалавек прыцягнуты да адказнасці. Штрафы за падобныя парушэнні значныя: ад 10 да 40 базавых велічыняў за выпальванне травы, за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах – да 12 базавых велічыняў, таксама за падобныя парушэнні заканадаўствам прадугледжана крымінальная адказнасць. Аднак вельмі хочацца, каб людзі баяліся не штрафаў, а трагічных наступстваў сваіх учынкаў, і менавіта па гэтай прычыне захоўвалі патрабаванні супрацьпажарнай бяспекі.

Напрыканцы сустрэчы работнікі Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм мелі магчымасць задаць пытанні. Са сваёй праблемай да Аляксандра Дубовіка звярнуўся Мікалай Альшэўскі. Пытаўся, ці ёсць магчымасць ажыццявіць дрэнаж участка ля хаты бацькоў у Скіпоравічах. Старшыня райвыканкама паабяцаў адрасаваць пытанне спецыялістам і трымаць яго на кантролі.

Ірына СТЫРНІК

Стоит почитать:

“Дом без гвалту!”. Першая рабочая нарада

«Это здоровье нации и идеология» — Александр Лукашенко о важности спорта как приоритета госполитики

1 0 284 19 Апрель, 2018 Раённыя падзеі Апрель 19, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *