Людзі з вечна маладой душой
Опубликовал

Людзі з вечна маладой душой

У былым яны людзі розных прафесій, з рознымі інтарэсамі, поглядамі на жыццё, але іх звязала адна агульная любоў да песні, музыкі. Актыўныя, энергічныя, жыццярадасныя. Гаворка ідзе пра ветэранаў працы, пенсіянераў, якія не старэюць душой – народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі”, які ўжо крыху больш за трыццаць гадоў з’яўляецца сапраўднай гордасцю Дзятлаўшчыны. Пра жыццё хору, планы і дасягненні расказала яго мастацкі кіраўнік Таццяна Шостка:

— У калектыве на сёння 32 чалавекі. Самаму старэйшаму нашаму ўдзельніку ўжо 82-гі год, а самаму
маладому – крыху за 50. Яны ў мяне вельмі дружныя, заўжды бадзёрыя, нястомныя. Я вельмі іх цаню, у нас поўная ўзаемнасць. Мы нават усе святы адзначаем разам.

Ці шмат выступаеце?

— Нас запрашаюць на ўсе раённыя мерапрыемствы, калі атрымліваецца паўдзельнічаць, ніколі не адмаўляемся. Гэта Масленіца, 23 лютага, Зецельскі фэст, Дзень незалежнасці, на 9 Мая даём сольны канцэрт на плошчы. Падабаюцца нашы выступленні адпачывальнікам у санаторыі “Радон”, таму нас часта запрашаюць выступаць там. Давалі сольны канцэрт на мерапрыемстве, прымеркаваным да 30-годдзя раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Вельмі задаволеныя засталіся гледачы нашым канцэртам у “Русь-Агра”, да гэтага часу ўспамінаюць з удзячнасцю.

— Часта збіраецеся на рэпетыцыі?

— Звычайна рэпетыцыі ў нас ладзяцца два разы на тыдзень. Аднак перад сур’ёзнымі выступленнямі, напрыклад, фестывалем, сустракаліся кожны дзень. Яны ў мяне малайцы, на рэпетыцыі ходзяць спраўна, як на работу, хоць іх ніхто не прымушае. Не перашкода для іх і дрэннае надвор’е. Яны заўсёды з добрым настроем, такія жывыя. Часта прыводзяць на рэпетыцыі сяброў, якія, бывае, і застаюцца ў хоры. Нядаўна хор папоўніўся шасцю новымі выканаўцамі.

Нядаўна вы прымалі ўдзел у абласным фестывалі. Раскажыце пра яго.

— Так, у сакавіку праходзіў абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. Падзелены ён на два дні, у гэтым годзе праходзіў у Іўі (выступалі 14 калектываў) і Ваўкавыску (18 калектываў). Наш хор ездзіў у Іўе. На конкурс мы падрыхтавалі цэлую праграму: песні “Беларусачка”, “Майский парад”, “Мая Радзіма тут”, “Бубенцы”, “Хорошо, что ты пришёл”, “Эх, по сёлам”, “Беларусь мая”. Фестываль для ўдзельнікаў многа значыць. Яны сустракаюцца там са сваімі знаёмымі з іншых калектываў, размаўляюць, дзеляцца навінамі. Гэта для іх сапраўднае свята. Хто не змог паехаць, вельмі шкадаваў.

Пэўна, вярнуліся з узнагародамі?

— А як жа! Атрымалі дыплом за духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і актыўны ўдзел у фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”. Па вобласці мы ў пяцёрцы лепшых калектываў з трыццаці двух. Атрымалі ў падарунак электрычны чайнік. І мне, як кіраўніку, за высокі прафесіяналізм таксама далі падарунак.

Хочацца сказаць, што ў гэтым годзе выступленне нашай мужчынскай вакальнай групы асабліва ўразіла і журы, і гледачоў. Яе заўжды адзначалі, але давалі адзін падарунак на ўсіх. А вось сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю існавання гэтага фестывалю журы адзінагалосна прыняло рашэнне мужчынскую групу з Дзятлава – гэта Сяргей Малышчык, Аляксандр Маляўка, Васіль Шпігановіч, Аляксандр Шуміцкі, Валерый Герасіменка – прычым, кожнага асабіста, заахвоціць падарункам. Было вельмі прыемна, што зал ім заўзята апладзіраваў, гэта былі сапраўды шчырыя і заслужаныя апладысменты.

Дарэчы, прэзідыум Гродзенскага абласнога савета ветэранаў таксама адзначыў вакальную мужчынскую групу і вырашыў накіраваць на рэспубліканскі фестываль харавых калектываў ветэранаў працы і вайны, які пройдзе ў маі ў Мінску.

Сапернікі ў гэтым годзе былі моцныя?

— Сапернікі моцныя, але і мы трымаліся не горш за іншых. Многія выступалі з адным акампаніятарам – баянам ці акардэонам, да прыкладу, а ў нас іграла інструментальная група, у якую ўваходзяць выкладчыкі Дзятлаўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Сяргея Лішыка. Работа хору і музыкантаў зладжаная, гэта глядзіцца вельмі выйгрышна. Варта зазначыць, што ў дзятлаўскіх удзельнікаў хору і музыкантаў ёсць касцюмы, чаго многім калектывам не хапала, таму мы вельмі дастойна выглядалі, гэта таксама мае важнае значэнне.

Засталіся задаволеныя выступленнем на фестывалі?

— Было прыемна чуць, калі і гледачы, і іншыя ўдзельнікі фестывалю паміж сабой гаварылі: “Калі Дзятлава выступае? Нам абавязкова трэба паслухаць, бо вельмі моцны калектыў”. Нас ведаюць ужо. Нават калі пачуюць новую песню ў нашым выкананні, стараюцца яе знайсці і для сябе, перапяваюць пасля нас.

Якія творчыя планы надалей?

— Напрацовак шмат. Будзем абнаўляць наш рэпертуар. Хаця ў нас і так ужо столькі песень, што можна даць, можа, тры сольныя канцэрты. Бліжэйшыя канцэрты, да якіх будзем рыхтавацца, на 9 Мая і Зецельскі фэст.

А ў цэлым, і далей будзем жыць актыўна і пазітыўна. Запрашаем ўсіх жадаючых да нас у калектыў.

У гэтым годзе на фестываль у Іўе ездзіла і Таццяна Дудкіна, метадыст аддзела метадычнай работы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі:

— Мне прадаставілася магчымасць паслухаць поўнасцю ўвесь канцэрт як гледачу. Калі пачаўся конкурс, выступіў адзін, другі калектыў, я зразумела, што нашы – дастойныя, нашы будуць добра выглядаць на фоне іншых. Яны жывыя, усміхаюцца, ім гэта сапраўды падабаецца. Было прыемна, калі людзі гаварылі, што дзятлаўчане – малайцы, не шкадавалі апладысментаў, крычалі “Брава!”, і журы таксама. Нашы выступалі не горш за прафесійных выканаўцаў, нават у многім і лепш. Ва ўдзельнікаў нашай вакальнай групы было ўзаемадзеянне аднаго з адным, адчуваўся артыстызм.

Можна сказаць, што на канцэрце нашы артысты нястомныя. Пасля выканання сямі песень яшчэ адчувалі бадзёрасць, былі ў прыўзнятым настроі, гатовыя яшчэ паказаць сябе. Нават не ўсім маладым артыстам такое пад сілу. Малайцы.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Стоит почитать:

У Дзятлаве прайшоў VI Адкрыты рэгіянальны конкурс беларускай творчасці «Лянок»

«С добром, с любовью и весной!»

Праздничный концерт «Россия и Беларусь наш общий дом» (фоторепортаж)

1 1 147 10 Апрель, 2018 Культура і адпачынак Апрель 10, 2018

1 комментарий

  1. Nikolay33

    Эти точно вечно молодые и озорные

    Ответить

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *