Калі рукі не ведаюць стомы
Опубликовал

Калі рукі не ведаюць стомы

Прыемныя абставіны сабралі нас на палетках КСУП “Дварэц-Агра”, дзе ўжо доўгі час працуе спакойны, разважлівы механізатар і разам з тым руплівы працаўнік, якому даверана адказная праца сейбіта, – Анатоль Апанасік. Яго асабістыя дасягненні з году ў год радуюць  кіраўніцтва гаспадаркі і калег. Вось і сёлета за высокія паказчыкі ў час вясенняй пасяўной кампаніі Анатоль Уладзіміравіч адзначаны Падзячным лістом і падарункамі, якія ў гэты дзень прыехаў уручыць механізатару старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

– Моцна мяне цягнула да тэхнікі яшчэ з юнацкіх гадоў, – успамінае Анатоль Уладзіміравіч. – У старэйшых класах на занятках ВВК вучыўся на трактарыста-машыніста, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Пазней працягнуў вучобу ў Гродзенскім ДТСААФе, атрымаў пасведчанне іншай катэгорыі. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны калгас.

Менавіта тут Анатоль Апанасік працягнуў спасцігаць усе тонкасці прафесіі механізатара, якая стала сэнсам яго жыцця, а духоўнай асновай стала сям’я. Ён бацька сына і дачкі і клапатлівы дзядуля маленькай ўнучкі.

– Увесь вольны час я стараюся праводзіць з сям’ёй, адпачываць, летам хаджу ў грыбы, люблю парыбачыць, – дзеліцца  Анатоль Уладзіміравіч. – А калі вернуцца страчаныя сілы – цягне ў поле, да “жалезнага сябра”.

Вось і сёлета Анатоль Апанасік у перадавіках. За ўвесь час веснавой кампаніі ён пасеяў 516 га яравых культур, у тым ліку зерневыя, лён, аднагадовыя і шматгадовыя травы.

Не абыходзіцца без механізатара і праца па нарыхтоўцы кармоў летам, не ведаюць спакою рукі Анатоля Апанасіка і ў зімовы час. Пасля заканчэння ўсіх палявых работ клапатліва падрыхтоўвае механізатар тэхніку да наступнага сезона: рамантуе, змазвае запчасткі, начышчае агрэгаты.

– Тэхніку я люблю і з павагай адношуся да яе, – расказвае Анатоль Уладзіміравіч. – Стараюся хутка і якасна адрамантаваць, бо праца не любіць доўгага адпачынку.

Вось і калегі пацверджваюць, што ў кароткія хвіліны перапынку не ведае Анатоль спакою, увесь час круціцца каля трактара: правярае вузлы, рэгулюе агрэгаты.

Напрыканцы сустрэчы назіраем, як  “жалезны сябра” механізатара “павольнай хадою” працягвае сваю штодзённую справу: малюе шматраддзе на ўзаранай зямлі, і ў глебу апускаецца адборнае насенне пад нястомным наглядам Анатоля Апанасіка.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Стоит почитать:

Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі

Вячаслаў Адамчык – герой мірнага часу

Сэрцам адданы роднай зямлі

6 0 246 28 Апрель, 2018 Хто крылы расправіў на роднай зямлі Апрель 28, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *