З гісторыі Жукоўшчынскага парку
Опубликовал

З гісторыі Жукоўшчынскага парку

На паўднёвай ускраіне аграгарадка Жукоўшчына раскінуўся прыгожы парк пейзажнага тыпу. Выразнасць пейзажнай кампазіцыі дасягнута кантрастным спалучэннем высокіх дрэў з нізкай шчыльнай пасадкай кустоў і невялікімі палянкамі, а таксама чаргаваннем розных парод дрэў. Па перыметру парка праходзяць тры алеі: ліпавая, грабавая, яловая.

Сядзібна-паркавы комплекс быў закладзены пры Эдмундзе Корсаку ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Неагатычны палац праіснаваў у Жукоўшчыне да канца 40-х гадоў 20 стагоддзя. Ён складаўся з двухпавярховага пяціаконнага галоўнага корпуса, з правага боку была дабаўлена чатырохпавярховая квадратная вежа. Пры ўваходзе да палаца меўся ганак з двума слупамі, якія трымалі вялікі балкон. Палац быў размешчаны такім чынам, што галоўны фасад з балконам выдатна праглядаўся праз возера.

Вядома, што ў 30-я гады 20 стагоддзя ў палацы была асаблівая сістэма ацяплення: унутры сцен былі хады, куды з печак, што меліся ў кожным пакоі, ішло цёплае паветра. З-за гэтага сцены з надворку былі цёплымі і, прыхіліўшыся да іх можна было сагрэцца. Быў у палацы і пакой смеху з крывымі люстэркамі.

Паміж возерам, сажалкай і вежай палаца быў вялікі луг, на якім спраўлялі дажынкі, каляды і іншыя святы, характэрныя для таго часу. Меўся тут і басейн з карпамі.

У 1940 – 1941 гады ў палацы размяшчалася школа, у гады Вялікай Айчыннай вайны ён гарэў, а пасля яго ўзарвалі і разабралі на будаўнічыя матэрыялы мясцовыя жыхары.

У 1869 годзе быў заснаваны вінакурны завод, які працаваў пры дапамозе пара. Гэта быў двухпавярховы мураваны будынак. Меліся два вінныя склепы. Завод працаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а затым у напалову зруйнаваным будынку была лазня. Пасля вайны, калі пачалі ўсё адбудоўваць, цэглу са сцен завода перавезлі ў вёску Парэчча Дзятлаўскага раёна.

З сядзібна-паркавага комплексу да цяперашняга часу захаваўся толькі парк, які быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Стоит почитать:

Часовенка рядом с Поклонными камнями в деревне Горка

Наваельня (шмат фота)

2 0 183 03 Апрель, 2018 Крокі да родных мясцін Апрель 3, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *