Здароўе для ўсіх
Опубликовал

Здароўе для ўсіх

У рамках Сусветнага дня здароўя 10 красавіка ў Цэнтральнай раённай аптэцы №55 горада Дзятлава прайшло інфармацыйна-асветніцкае мерапрыемства «Здароўе для ўсіх». Работнікі аптэкі запрашалі наведвальнікаў да ўдзелу ў аздараўленчай акцыі, частавалі вітамінамі, гематагенам і лячэбным чаем.

Вядома, дзяцей больш прыцягвалі медыцынскія прысмакі, а дарослым было цікава даведацца пра свой артэрыяльны ціск. Кожнага «пацыента» рэгістравалі валеолагі Дзятлаўскай ЦРБ і Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Крупенік і Наталля Юрэня. Як высветлілася, большасці дзятлаўчан, якім памералі ціск, стрэлка танометра паказала лічбы вышэй за норму. Тым, у каго ціск быў высокім, прапаноўвалі талончык да доктара-тэрапеўта ў раённай бальніцы. З гэтым квіточкам можна прыйсці на прыём у любы час і без чаргі.

Яшчэ адны лічбы, якія цікавілі дзятлаўчан, — гэта ўласная вага. Арганізатары акцыі дапамагалі жыхарам раёна не толькі памераць вагу, але і вылічыць індэкс масы цела. Гэта дапамагае высветліць, ці ёсць у чалавека атлусценне. У такіх эксперыментах больш смела ўдзельнічалі мужчыны. Некаторыя дзятлаўчанкі сціпла агучвалі вынікі ўзважвання, бо вагу, як і ўзрост, жанчыны любяць трымаць у сакрэце.

З удзельнікамі акцыі таксама праводзілі анкеціраванне ранняга выяўлення захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, дэманстравалі тэматычныя відэаролікі.

На працягу дня акцыі ў Цэнтральнай раённай аптэцы ўсім пакупнікам сёння прадастаўляецца зніжка да 5% на тавары беларускай вытворчасці і да 2% — на імпартныя тавары.

Тэкст і фота Юліі БАКУНОВІЧ

4 0 190 10 Апрель, 2018 Раённыя падзеі, Сацыяльная сфера Апрель 10, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *