Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі
Опубликовал

Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі

На палетках раёна знаёмлюся з дзяўчынай, чыю прафесію не проста назваць дзявоцкай: аграном-аграхімік, але яе стойкасці і  мужнасці можна пазайздросціць. Алена Піваварчык нарадзілася і вырасла ў вёсцы Круцілавічы Дзятлаўскага раёна, а значыць – наша зямлячка.

– З дзіцячых гадоў я марыла стаць доктарам, – расказвае мне Алена, – хацелася дапамагаць людзям. Але адзіны бал, якога не хапіла  пры паступленні, марам маім не дазволіў  здзейсніцца. Першага  верасня таго ж года я стала студэнткай факультэта “Аховы раслін” Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага  ўніверсітэта, які стаў маім домам на бліжэйшыя пяць гадоў. І вы ведаеце, я ніколі аб гэтым не пашкадавала. Прафесіяналізм выкладчыкаў, сярод якіх дацэнты, кандыдаты сельскагаспадарчых навук,  педагогі з вялікім прафесійным вопытам, змястоўнасць і  дынамічнасць праграмы поўнасцю захапілі мяне, і праз некаторы час адчула: я на сваім месцы, вучоба – цікавая.

Калектыў ААТ “Граніт-Агра”, дзе ўжо тры гады працуе Алена, адзначае асаблівую адказнасць, самастойнасць, высокі ўзровень здольнасцей маладой дзяўчыны і ганарыцца тым, што сталі калегамі ў пачатку яе працоўнай дзейнасці.

Галоўны аграном гаспадаркі Антон Тарасевіч гаворыць:

– Алена – чалавек, на якога можна разлічваць у любы момант, на якога са спакойнай душой  магу пакінуць абавязкі, чалавек, якому поўнасцю давяраю і на якога, як на памочніка ў асабліва занятыя дні, разлічваю.

–  Свой прафесійны шлях вы пачалі, як кажуць, у родных сценах.

– Я адчувала, што адказнаць на мне ляжыць удвая большая: па-першае, не хацелася падвесці людзей, сярод якіх расла і чые меркаванні для мяне маюць вялікае значэнне, а па-другое, пацвердзіць набытыя веды ў ходзе працы на практыцы.

– З  чаго складаецца ваш працоўны дзень?

– Зразумела, што ў час вясенняй пасяўной працоўны дзень у гаспадарках пачынаецца зацемна і заканчваецца з надыходам цемнаты. І наша гаспадарка не выключэнне. Шмат якія даручэнні мне прыходзіцца выконваць у кабінеце: як кажуць, “папяровая работа”. Такі від дзейнайсці – неад’емная і важная частка нашай працы, але лепш за ўсё я сябе адчуваю ў час сезонных палявых работ: тут спорыцца справа, пастаянны рух. “Дзяўчына ў трактары” –  аклікаюць мяне і калегі, і вадзіцелі ў праязджаючых міма машынах. Ва ўсіх я выклікаю добрую ўсмешку і сама ў адказ усміхаюся.

– Ад вашай працы, па сутнасці, залежыць будучы ўраджай?

– Ад работы калектыву гаспадаркі ў цэлым і ад мяне, як аграхіміка, у прыватнасці, ад правільнасці маіх дзеянняў. Своечасова дапамагчы раслінам – мая галоўная задача.

– Сярод прафесіяналаў вашай справы можна пачуць, што аграхімік – гэта прафесія рамантыкаў з дапытлівым розумам. Вы згодны з гэтым меркаваннем?

– Дзейнасць аграхіміка вельмі шматгранная: работа з глебай, раслінамі, хімічнымі сродкамі апрацоўкі. Неабходна ўвесь час сачыць, каб усе работнікі былі ў спецадзенні і экіпіраваны сродкамі індывідуальнай абароны, неабходна кантраляваць правільнасць развядзення і ўнясення ўгнаенняў у глебу, весці бесперапынны кантроль  за раслінамі, аналізаваць іх стан: выяўляць сімптомы захворванняў, пашкоджанняў, неабходнасць своечасовага ўнясення рэгулятараў росту.

– Алена, ад вашых калег давялося пачуць, што вы дзяўчына з талентам вядучай.

– Талент мой раскрыўся яшчэ ў школьныя гады, у нас быў дружны і творчы клас. А цяпер, праз гады, здольнасці мае прыйшліся даспадобы калегам. На вечарынах і мерапрыемствах нашы работнікі прымаюць актыўны ўдзел, і я – не выключэнне. Увогуле, калектыў наш малады, дружны, вясёлы, з усімі ў мяне выдатныя адносіны. Паміж намі і работа спорыцца.

– Чым вы займаецеся дома вечарамі?

– Такія вечары бываюць толькі зімой, калі ўсе сельскагаспадарчыя работы выкананы. А калі выдаюцца вольныя гадзіны, люблю чытаць, пераважна дэтэктывы, а яшчэ ходзім з калегамі ў трэнажорную залу, імкнёмся падтрымліваць фігуру.

– Алена, падзяліцеся сваімі планамі на будучыню.

– У бліжэйшы час планую паступаць на факультэт юрыспрудэнцыі ў Акадэмію пры Прэзідэнце.

– Зноў вучоба. А замуж калі? – пытаюся. Алена ўсміхаецца і, паразважаўшы крыху, адказвае:

– Хлопец, які падабаецца, ёсць, а ці выйду замуж – пакажа час. Пачуцці неабходна правяраць, каб цэлымі пранесці праз усё жыццё.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Юліі БАКУНОВІЧ

Стоит почитать:

Вячаслаў Адамчык – герой мірнага часу

Толькі памяць зберагае аднятае лёсам…

Дятловчанин Максим Комаров, магистрант БГТУ, в числе лучших молодых ученых республики

2 0 225 27 Апрель, 2018 Хто крылы расправіў на роднай зямлі Апрель 27, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *