Слова аб зямлі Яварскай

Падзеі

Явар (Явор) – вёска ў Дзятлаўскім раёне. У аснове назвы – дрэва явар.
                       В. Жучкевіч. “Кароткі тапанімічны слоўнік Беларусі”

“Як будзеш так хінуцца к яму, як каліна да явара”.
                        Янка Купала.

Явар – з ліку самых старажытных вёсак Дзятлаўшчыны. Паселішча раскінулася на маляўнічай мясцовасці – між лясоў, рэчак, крыніц, што расквечваюць рэльеф Навагрудскага ўзвышша. Як кіруешся да Явара з боку вёскі Гернікі, то над люстрам штучнага возера вынікае краявід, падобны да швейцарскага. Адметная пазнака вёскі – царква Раства Багародзіцы (пачатак XX стагоддзя) – месціцца на даўнейшым гандлёвым і транспартным шляху з Зецела-Дзятлава ў Казлоўшчыну і далей у Слонім.
Ведаем, што Канстанцін Астрожскі валодаў Дзятлавам з 1498 па 1530 год. Двор і землі перадаў у спадчыну. Падканцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1608 годзе перадаў свае ўладанні, у склад якіх уваходзілі і навакольныя вёскі, сыну і князю Льву-Казіміру Сапегу. Можна меркаваць, што былі перададзены і яварскія землі.
Гісторык і даследчык Леў Гурын у навуковай працы “Сокращенная родовая, судебная и владельческая история князей Полубенских” адзначыў, што “…па завяшчанні свайго дзядзькі князя Льва-Казіміра Сапегі, падканцлера Літоўскага, Аляксандр-Гілярый Палубінскі (1626-1679) атрымаў у 1659 годзе маёнткі Здзецол, Явар, Вензавец, Глаўшэвічы, Віціноўку і Васілічы ў павеце Слонімскім, … Бешенкевічы ў павеце Полацкім і Зельву ў павеце Валкавыскім”. Аўтар даследавання паведамляе і пра тое, што А. Г. Палубінскі – заснавальнік пры касцёле Дамініканаў у Дзярэчыне курса філасофіі, алтара ў касцёле Базіліянаў у Жыровічах пабудаваў для сваіх падданых цэрквы ў Вазавіцы, Дзярэчыне, Здзецелі, Горках і Бабруйску. Памёр 3 лістапада 1679 года і быў пахаваны 7 снежня ў мястэчку Дзярэчын.
Землі і маёмасць перайшлі ў спадчыну да сына Крыштафа Палубінскага. 11 кастрычніка 1672 года яго дачка Ганна Марыя пайшла замуж за князя Дамініка Мікалая Радзівіла. 22 жніўня 1685 года паміж дзвюма сёстрамі з мужамі было заключана пагадненне аб раздзеле спадчыны. Падканцлер Дамінік Радзівіл і яго жонка Ганна Марыя, княжна Палубінская, атрымалі ў валоданне маёнткі Глуск Дубровіцкі, Рудабелку, Цімкавічы, Кольчыцы, Быстрыцу ў Навагрудскім ваяводстве; Здзецел, Явар, Вязавец, Гарадок – у Мінскім ваяводстве, палац на вуліцы Мядовай у Варшаве, двары ў Гродне і Навагрудку.
Актам ад 17 верасня 1685 года ён (Крыштаф Палубінскі) адпісаў дочкам атрыманыя ад бацькі маёнткі “Явароў, Здзецел, Вязавец у Слонімскім ваяводстве”, Зэльву ў Ваўкавыскім ваяводстве і іншыя. Пасля гэтага ён амаль што адразу і памёр, адзначыў Леў Гурын.
Дамінік Мікалай Радзівіл валодаў Дзятлавам і навакольнымі маёнткамі да 1687 года. Яго жонка Ганна Марыя памерла ў 1690 годзе. Мікалай Фаустын Радзівіл валодаў тутэйшымі землямі да 1746 года. Затым уладарнічалі Удальрык Крыштаф Радзівіл, Станіслаў Радзівіл.

Дзесьці ў гэты час узнікла паданне “Вяселле ў Радзівілаўскім замку”. Паводле падання, у Явары (больш дакладна: між Яварам і Сачыўлянамі) XVIII стагоддзя мясціўся замак Радзівіла. Ад замка быў выкапаны  падземны ход. Працягнуўся ход на 25 вёрстаў, “паўз Лукашоў сад”, у Навагрудак. У князя Радзівіла была дачка, якая гатавалася да шлюбу. І зажадаў князь такое вяселле згуляць, каб на векі вечныя запомнілася і гасцям, і падданаму люду. Вось што прыдумаў. Летнім днём выехалі з варотаў замка ўпрыгожаныя сані, у якія былі запрэжаны тры мядзведзі. Слізгалі сані па белым насыпе. Але быў гэта не снег (дзе яго пасярод лета ўзяць?!), а цукар. Паўз белай дарогі стаяў просты люд, які сагналі сюды, каб вітаць дзівосны картэж. А можа, і не зганялі. Людзі самі сышліся паўзірацца на небывалае.
Але не ўпадабалі падданыя княскую пыху. Раз’юшыліся і паўсталі. Усчалася бойка. Кроў лілася, палаў маёнтак. Злавеснымі ценямі мільгалі між вогнішча постаці старога князя і маладой князёўны. Зніклі, як дым. А назаўтра наляцела з Навагрудка конніца на чале з князем. Падземным ходам уцёк князь у Навагрудак і вярнуўся, каб адпомсціць за бунт. Гэтак казалі.
Тады як Радзівілы валодалі тутэйшымі землямі, ахвотнікаў хапіцца за шаблю ставала. Секліся польская Рэч Паспалітая, Руская дзяржава, Швецыя. Гарэлі вёскі, нішчылася дабро. Паўночная вайна 1700 – 1721 гадоў прайшлася і па яварскай зямлі. На Слонім праз Явар ішлі шведы. У заходняй ваколіцы Явара яны сутыкнуліся з рускімі. Сведчыць пра бойку “шведскі капец” – курган-магільнік. Укрыты дзірваном, аселы праз час – вышынёю крыху больш за метр. Падножжа авальнае, дыяметрам 15 метраў.

Потым Расія ваявала з напалеонаўскай Францыяй (1812 год). Праз Дзятлаўшчыну адступала руская армія Баграціёна, несла страты. Ар’ергард арміі стаў заслонам на паўднёвым усходзе ад Явара – напамінкам пра бойку застаўся яшчэ адзін курган-магільнік – пахаванне рускіх і французскіх ваяроў.
Станіслаў Солтан (1756-1836) выкупіў у свайго цесця Станіслава Радзівіла Дзятлаўскія землі. Граф прымкнуў да польскага нацыянальнага паўстання 1831 года, пасля яго паражэння збег за мяжу. А маёмасць графа была секвестравана ў дзяржаўную казну Расійскай імперыі.
Пад уладай імперыі Явар нічым значным у гісторыі не адзначыўся. Аб расійскай імперскай прысутнасці нагадвае хіба што магіла палкоўніка імператарскай арміі Маслакаўца, што да сёння захавалася на тутэйшых вясковых могілках.
Колькі часу “дваром Явар” валодала маці генерала Парыжскай Камуны Валерыя Антонія Урублеўскага Разалія Юроўская. Бацька і маці Валерыя Урублеўскага жылі ў мястэчку Жалудок, дзе ў 1836 годзе і нарадзіўся Валерый.
На пераломе стагоддзяў пасля пераезду сям’і Урублеўскіх у Гродна зямля належала іх родзічам Багушэвічам
З гістарычных дакументаў вядома, што ў 1900 годзе ў Явары працавала народнае вучылішча, якое давала дзецям пачатковую адукацыю. Існуе афіцыйны дакумент – пасведчанне, выдадзенае Сцяпану Гаўрылавічу Буйко аб заканчэнні курса навучання Яварскага народнага вучылішча ў 1900 годзе.
Першая сусветная вайна 1914 – 1918 гадоў Явар, вядома, не абмінула. Жыхар вёскі Сцяпан Гаўрылавіч Буйко быў мабілізаваны ў 2-ую дзеючую армію Самсонава, якая была разбіта ва Усходняй Прусіі. Яварцу Буйко ўдалося праз польскія лясы выйсці з акружэння і далучыцца да бежанцаў пад польскім горадам Познань.
Сярод удзельнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначыўся Аляксандр Карпавіч Касцюшка. Ён удзельнічаў у знакамітым штурме Зімняга палаца.
Потым была Грамадзянская вайна. Чырвоная Армія ў 1920 годзе вырушыла на Варшаву. Чырвонаармеец Іван (гэтак на помніку) да Варшавы, як і ўся армія, не дайшоў – пахаваны ў Явары. Яго магілу даглядае мясцовы жыхар Міхаіл Мікалаевіч Буйко.
Па Рыжскай дамове 1921 года яварская зямля да 1939 года трапіла пад уладу Польшчы.
На карце 1923 года адміністрацыйная прыналежнасць Явара вызначана наступным чынам: фальварак Явар, Навагрудскае ваяводства, Слонімскі павет, гміна сельская, Раготна.
Жыхары вёсак Явар і Сачыўляны Міхаіл Буйко, Алена Адамік, Георгій Барысевіч, Марыя Жук, Лідзія Ражко, Любоў Белавус прыпамінаюць вясковае жыццё ў польскі перыяд 1921 – 1939 гадоў. Яварскімі землямі валодалі памешчыкі, якія наймалі на працу малазямельных мясцовых сялян – батракоў. І сёння тэрыторыя ад былых Яварскай школы да сельскага клуба ў Сачыўлянах па-мясцоваму называецца “батракі”.
На памяці людзей прозвішчы памешчыкаў і асаднікаў, якія валодалі тут маёнткамі. Сярод іх памешчык Руткоўскі, уладальнік вадзянога млына Малашка, памешчыкі Новік і Плаўскі. У 1927 годзе быў пабудаваны яшчэ адзін вадзяны млын, уладальнікам якога быў Адам Рэгіневіч. Па суседстве з млыном Малашкі працаваў бровар, вырабляў спірт і гарэлку. Недалёка ад былой канторы калгаса “Новае жыццё” знаходзяцца мураваныя рэшткі замка Радзівіла (так іх называюць мясцовыя жыхары). Кажуць, што гэта быў двухпавярховы будынак, у якім нават разводзілі стронгаў (фарэль). Жыве і паданне аб існаванні падземнага ходу. На прысядзібным участку, які належаў Наталлі Венскай, ёсць невядомая падземная вельмі трывалая цагляная мураванка і мураваная пліта.
За агародамі яварскіх вяскоўцаў цяпер ляжыць поле і меліярацыйны канал, па якім цячэ колішняя рэчка Пад’яварка. Раней там білі празрыстымі ключамі крыніцы, раслі вялікія вольхі, многа было дрэваў явару і кустоў каліны, іншага кустоўя. Па-мясцоваму гэта месца называлі “звярынец”.
На высокім пагорку ў 1926 годзе пачалося будаўніцтва праваслаўнай царквы. Будавалі з рэшткаў хутара сям’і Ермаловічаў, якія жылі ва ўрочышчы Ліпавец. У 1927 годзе над Яварам і Сачыўлянамі пранёсся ўраган, які пабурыў шмат дамоў. Закрануў і будынак царквы. Пасля ўрагану пачалося яе аднаўленне. Прыхаджане на агульным сходзе вырашылі будаваць царкву не драўляную, а з бетонных блокаў. Блокі выраблялі на месцы пабудовы самі вяскоўцы. Па навакольных вёсках збіралі на будоўлю ахвяраванні. Царкву пабудавалі ў 1933 годзе. Каля царквы мясцілася пачатковая школа, у якой настаўнічала сям’я Гусараў. Непадалёку склалі дом для свяшчэнніка – плябанію.
Улада ў вёсцы Явар змянілася 18 верасня 1939 года. Прыйшлі Саветы. Вясною 1940 года ў Явары быў створаны першы калгас – імя Будзённага.  У калгас запісаліся 15 жыхароў вёскі. Першым старшынёй калгаса стаў Вікенцій Белы.
Вайна прынесла гора і пакуты на яварскую зямлю. Да канца чэрвеня 1941 года ўвесь Дзятлаўскі раён быў акупіраваны. Явар не стаў месцам актыўных ваенных дзеянняў, але тут глыбокай восенню 1941 года моладзь стварыла камсамольска-моладзевае падполле на чале з Сяргеем Белым. Многія мясцовыя жыхары падтрымлівалі сувязь з партызанамі, за што і пацярпелі. Так, Аляксандр Буйко быў схоплены паліцыяй і адпраўлены ў дзятлаўскую турму, а затым спалены ў курпешскай цагельні. Многія вяскоўцы былі прымусова вывезены акупантамі на работу ў Германію.
Па заданні партызанскага камандавання будынак школы быў спалены.
Нямецкая акупацыя для Явара скончылася 9 ліпеня 1944 года.

Пачаўся перыяд аднаўлення гаспадаркі. Явар у 1949 годзе з’яўляўся цэнтрам сельскага Савета і калгаса імя Будзённага. Старшынёю адноўленага калгаса стаў Іосіф Белы. Брыгадзірам выбралі Івана Адаміка. “Са старых гумнаў у 1946 годзе на новым месцы пачалі складваць школу. Дырэктарам школы з 1948 па 1952 год працаваў І. Тамковіч, а першы выпуск дзясяцігодкі адбыўся ў 1951 годзе”, – расказала першая выпускніца школы, потым настаўніца гісторыі, цяпер пенсіянерка Алена Адамік.
З 50-х гадоў XX стагоддзя пачалася навейшая гісторыя вёскі.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, краязнаўца

 

Фота прадастаўлены аўтарам артыкула.

Читайте также:

Турыстычная прывабнасць

Жыццё ў яркіх фарбах

Акадэмік вярнуўся дадому



Теги:

2 комментария по теме “Слова аб зямлі Яварскай

  1. Велiкае дзякуй за публiкацыю про веску Явар. Много цiкавага даведалася пра родную веску.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  2. Да, много у нас в районе таких привлекательных, исторических местечек.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *