Ад Года навукі – да Года малой радзімы

Падзеі

У суботу, 3 сакавіка, адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця Года навукі ў Дзятлаўскім раёне.

Перад пачаткам цырымоніі ў фае Цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілася выстава навуковых інавацыйных пректаў, якія прадставілі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, гімназія, сярэднія школы №1 і №3 горада Дзятлава, Наваельнянская і Вензавецкая сярэднія школы.

Шмат педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў сабралася ў раённым Цэнтры культуры, каб падвесці вынікі Года навукі ў Дзятлаўскім раёне, падзяліцца сваімі поспехамі і дасягненнямі, атрымаць заслужаныя ўзнагароды.

Павітаў усіх удзельнікаў мерапрыемства старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Ён зазначыў, што Год навукі ў нашым раёне прайшоў цікава, а самае галоўнае – вынікова, падзякаваў ўсім, хто плённа працаваў, пажадаў усім дабрабыту, удачы і новых здзяйсненняў.

Узгадалі сёння і імёны знакамітых дзятлаўчан – выпускнікоў школ раёна, якія дасягнулі высокіх вынікаў у розных галінах навукі.

Пачынаючы з 2008 года 16 навучэнцаў і 2 педагогі нашага раёна атрымалі ўзнагароды спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных і таленавітых навучэнцаў і студэнтаў і ўнесены ў рэспубліканскі банк. Выступіла стыпендыятка гэтага фонду Марыя Каско.

Былі ўзгаданы сёння і 15 навучэнцаў школ Дзятлаўшчыны, якія атрымлівалі ў розныя гады прэмію Аляксандра Дубко. У свой час яе атрымаў Дзмітрый Кузьма, які выступіў перад прысутнымі.

Галоўная місія сённяшняга мерапрыемства – ушанаванне маладых дараванняў, іх педагогаў і бацькоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у Год навукі. Для ўручэння ўзнагарод на сцэну запрасілі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталлю Белаус. Яна ўручыла Падзячныя лісты настаўнікам за прафесійную кампетэнтнасць, распрацоўку інавацыйных і варыятыўных методык, творчы падыход да справы, выніковы ўдзел у алімпіядах, выставах, конкурсах сярод педагогаў.

Таксама Падзячныя лісты атрымалі педагогі за важкі ўклад у падрыхтоўку навучэнцаў да алімпіядаў, конкурсаў, эфектыўную работу з адоранымі навучэнцамі, дзейнасць па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу.

Падзячныя лісты атрымалі педагогі за далучэнне навучэнцаў да захавання гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, фарміраванне ў падрастаючага пакалення грамадзянскасці і патрыятызму, развіццё матывацыі да актыўнага ўключэння ў пошукава-даследчую дзейнасць.

За дапытлівасць, праяўленне цікавасці да вучэбных прадметаў, працалюбства, настойлівасць у дасягненні мэтаў, высокія вынікі ў вучэбнай дзейнасці, алімпіядным руху, навукова-даследчай рабоце Падзячныя лісты атрымалі навучэнцы школ раёна, а таксама іх бацькі за стварэнне ўмоваў для інтэлектуальнага і творчага развіцця дзяцей, прывіццё ім працалюбства, дапытлівасці, падтрымку творчых пачынанняў.

Цудоўны настрой усім прысутным дарылі артысты раёна.

Год навукі завяршыўся, і радасна ад таго, што ён упісаў новыя імёны ў гісторыю нашай Дзятлаўшчыны. Сёння быў дадзены старт Году малой радзімы. Няхай гэты год стане стымулам для кожнага праявіць стваральную ініцыятыву.

Святлана ГРЫШЫНА

Фота Юліі БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *