На Дзятлаўшчыне створаць музей піянерыі
Опубликовал

На Дзятлаўшчыне створаць музей піянерыі

У гімназіі №1 горада Дзятлава прайшоў 15 Пленум раённага савета ГА “БРПА” па тэме “Піянерскі рух на Дзятлаўшчыне: роўныя магчымасці для дзяцей і дарослых”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі члены гарадскога піянерскага штаба, Дзіцячай палаты, пярвічных арганізацый ГА “БРПА” ўстановаў адукацыі раёна, педагогі-арганізатары. У якасці ганаровых гасцей пленума прысутнічалі ветэраны піянерскага і камсамольскага руху Яўгенія Савань, Людміла Халопік, Ганна Скрундзь.

Старт мерапрыемству даў урачысты вынас сцяга Дзятлаўскай раённай піянерскай арганізацыі. Удзельнікаў сустрэчы павіталі загадчыца аддзела ЦТДМ горада Дзятлава Ірына Лагун і члены гарадскога піянерскага штаба.

З парадкам дня, дзе было прапанавана разгледзець тры пытанні, прысутных азнаёміла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава па рабоце з дзіцячымі арганізацыямі і аб’яднаннямі Ірына Мішчанка. Яна ж выступіла з асноўным дакладам па першым пытанні “Аналіз дзейнасці піянерскіх дружын раёна за 2017 год і вызначэнне перспектываў далейшага развіцця”.

У прыватнасці зазначыла, што ў раёне 1826 піянераў з 14 дружын. Яны ўдзельнікі многіх акцый і праектаў, актывісты і валанцёры, эколагі і цімураўцы. Сярод значных піянерскіх праектаў – “На славу продкаў трымайце крок” (быў скіраваны на дастойную сустрэчу 95-годдзя Піянерыі), “Пазнаючы час, пазнаеш сябе” (актывізаваў гісторыка-даследчую дзейнасць навучэнцаў). У скарбонцы піянераў Дзятлаўшчыны – новыя перамогі: у абласным аглядзе-конкурсе піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг” – другое месца ў намінацыі “Лепшы атрад барабаншчыкаў” у гімназіі №1 горада Дзятлава, а ў намінацыі “Лепшая сцягавая група” – трэцяе ў Дварэцкай сярэдняй школы; пераможцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу важатых піянерскіх дружын “Суперважаты” стала Іна Дзедава (сярэдняя школа №1 горада Дзятлава); два першыя месцы ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных карэспандэнтаў “Жывы летапіс Піянерыі” занялі навучэнцы Казлоўшчынскай і Наваельнянскай сярэдніх школ. Па выніках удзелу ў рэспубліканскім лідар-форуме “Моладзевае лідарства: сучасны фармат” каманда клуба “Лідар” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава ўзнагароджана дыпломам пераможцы нацыянальнага дзіцячага аздараўленча-адукацыйнага цэнтра “Зубраня” за лепшую прэзентацыю сацыяльна-значнага праекта ў намінацыі “Жыві для творчасці, стварай для жыцця”. Па выніках рэалізацыі праграмы дзейнасці Гродзенскай абласной піянерскай арганізацыі ў 2016/2017 навучальным годзе Дзятлаўскі раённы савет ГА “БРПА” адзначаны дыпломам трэцяй ступені.

Другім пытаннем пленума была білборд-акцыя “3D-час адзіных дзеянняў”. У рамках яе прысутныя пабачылі бенефіс “Я, ты, ён, яна – піянерская краіна”, накіраваліся ў віртуальны тур “Піянерскі фармат”, паўдзельнічалі ў лідар-party “Мы разам”.

Трэцім пытаннем было абмеркаванне мегапраекта “Музей гісторыі піянерскага руху на Дзятлаўшчыне”. Удзельнікі пленума не на словах, а на справе далі старт праекту: прынялі ўдзел у рабоце лідар-студый “Музей будучыні” і “Юныя экскурсаводы”. На дапамогу піянерам прыйшлі ветэраны моладзевага руху і работнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, якія сталі спецыялістамі лідар-студыі “Архівы мінулых гадоў”. Вядома, работа над стварэннем раённага музея піянерыі толькі пачалася, але праект быў падтрыманы ўдзельнікамі пленума адзінагалосна.

Напрыканцы сустрэчы падвялі вынікі пасяджэння, прынялі пастанову пленума. У планах раённай піянерскай арганізацыі – стварыць віртуальныя зборнікі “Я – грамадзянін краіны Піянерыя” і “Жывы летапіс Піянерыі”, а таксама раённы інтэрнэт-праект да Года малой радзімы, прадоўжыць работу над рэалізацыяй мегапраекта “Музей гісторыі піянерскага руху на Дзятлаўшчыне”.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне ўзнагародаў пераможцам раённых піянерскіх конкурсаў.

Ірына КАЎКЕЛЬ

0 0 390 12 Март, 2018 Сацыяльная сфера Март 12, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *