Бяспека прадукцыі і свабода бізнэсу: як забяспечыць баланс?
Опубликовал

Бяспека прадукцыі і свабода бізнэсу: як забяспечыць баланс?

23 лістапада 2017 года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны Дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Ён накіраваны на паляпшэнне бізнэс-клімату ў краіне, і прадугледжвае змяненне ўзаемадзеяння дзяржорганаў і бізнэсу, мінімальнае ўмяшальніцтва ў яго работу з боку службовых асобаў, узмацняе механізмы самарэгуліравання бізнэсу. У некаторых палажэннях дэкрэта разглядаюцца пытанні, звязаныя са стандартызацыяй тавараў і паслуг. Гэтыя пытанні датычацца прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў розных формаў уласнасці — як вытворцаў прадукцыі і аказваючых паслугі, так і тых, хто займаецца рэалізацыяй прадукцыі.

Неабходна звярнуць увагу на некаторыя асноўныя моманты. Першае — пункт 3.9 дэкрэта. У ім ідзе гаворка пра тэхнічныя кодэксы ўстаноўленай практыкі (ТКП). ТКП — гэта тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты (ТНПА), якія змяшчаюць тэхнічныя патрабаванні да працэсаў распрацоўкі, вытворчасці, эксплуатацыі, рэалізацыі прадукцыі або да аказання паслуг. Да прыняцця Дэкрэта №7 ўсе суб’екты гаспадарання (і гэта было прапісана ў законе аб стандартызацыі) абавязаны былі выконваць патрабаванні ТКП і СТБ (ДАСТ). Цяпер захаванне названых ТНПА добраахвотнае. Што тычыцца канкрэтна ТКП, то выключэннямі з’яўляюцца толькі 4 выпадкі: калі на абавязковасць іх выканання ёсць спасылка ў заканадаўчых актах, у нарматыўных прававых актах (НПА) Савета Міністраў, у Тэхнічных рэгламентах Рэспублікі Беларусь (ТР РБ) і калі сам прадпрымальнік па сваёй ініцыятыве заяўляе аб абавязковасці выканання ТКП. Што тычыцца дзяржаўных стандартаў СТБ (ДАСТ), то іх выкарыстанне зараз абавязкова толькі ў двух выпадках: калі на гэта ёсць спасылка ў Тэхнічных рэгламентах Рэспублікі Беларусь і калі суб’ект гаспадарання сам добраахвотна заяўляе аб захаванні ДАСТа.

Але гэта не значыць, што вытворцы зараз могуць вырабляць прадукцыю, як ім захочацца. Вытворчасць прадукцыі ў любым выпадку рэгламентуецца якім-небудзь нарматыўным прававым актам (тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты (ТНПА) гэта: СТБ (ДАСТ), Тэхнічны рэгламент Рэспублікі Беларусь, Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза і іншае). Пры распрацоўцы новай прадукцыі, гэта будуць ТУ (тэхнічныя ўмовы).

Калі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў дзяржаўныя стандарты (СТБ (ДАСТ) або ТКП) з’яўляюцца абавязковымі для выканання юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, то павінна быць праведзена абавязковая юрыдычная экспертыза гэтых ТНПА ў Нацыянальным цэнтры прававых даследаванняў, і яны павінны быць афіцыйна апублікаваныя на Нацыянальным прававым Iнтэрнэт-партале.

Як паказвае практыка міжнароднага гандлю, указанне вытворцам інфармацыі аб выпуску прадукцыі па стандартах істотна павышае яе канкурэнтаздольнасць, аблягчае фарміраванне заказаў, павышае давер спажыўцоў да якасці і бяспекі прадукцыі, сведчыць аб высокай адказнасці вытворцы перад спажыўцом. Для многіх прадпрымальнікаў, якія займаюцца вытворчасцю прадукцыі і аказваюць паслугі гэта вельмі важна.

Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца тых суб’ектаў гаспадарання (вытворцаў), якія распрацоўваюць на выпускаемую прадукцыю ТУ (тэхнічныя ўмовы). Раней тэрміны дзеяння ТУ былі абмежаваныя. Цяпер распрацоўшчык самастойна вызначае тэрмін іх дзеяння. Яны распрацоўваюцца і рэгістрыруюцца ў БелДІСС (РУП «Будтэхнорм», калі гэта тычыцца будаўнічай галіны) па заяўнаму прынцыпу (без правядзення экспертызы) адзін раз. Тэхнічныя ўмовы і змены зараз не трэба ўзгадняць з дзяржаўнымі органамі (напрыклад, з Міністэрствам аховы здароўя, Мінсельгасхарчам).

Прадукцыя, якая выпускаецца і рэалізуецца, павінна быць бяспечнай і адпавядаць абавязковым для выканання патрабаванням. Гэтыя патрабаванні ўстанаўліваюцца ў тэхнічных рэгламентах Рэспублікі Беларусь і Мытнага саюза. Для таго, каб атрымаць сертыфікат адпаведнасці на прадукцыю або аформіць дэкларацыю аб адпаведнасці, прадпрымальнік можа праводзіць яе іспыты ў любой лабараторыі, акрэдытаванай у Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі (па ўсёй Беларусі, на свой выбар), незалежна ад ведамаснай прыналежнасці.

Акрамя гэтага, пры прымяненні палажэнняў Дэкрэта №7, распрацаваны праект пастановы, які ўносіць змены ў пералік аб’ектаў абавязковага пацвярджэння адпаведнасці, зацверджаны Пастановай Саўміна Рэспублікі

Беларусь №849 ад 21.10.2016 года (змены заключаюцца ў скарачэнні гэтага пераліку). Таксама Дзяржстандартам распрацаваны праект пастановы, накіраваны на лібералізацыю працэдур адпаведнасці, скарачэнні аб’ёму і перыядычнасці правядзення перыядычнай ацэнкі сертыфікаванай прадукцыі, аказання паслуг, кампетэнтнасці персаналу. Гэты праект прадугледжвае і шэраг іншых магчымасцяў для прадстаўнікоў бізнэс-супольнасці. У іх ліку — магчымасць выкарыстання пры сертыфікацыі і дэклараванні адпаведнасці гатовай прадукцыі ўжо наяўных пратаколаў выпрабаванняў на сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя вырабы, пратаколаў выпрабаванняў на аналагічную прадукцыю, атрыманых іншым заяўнікам, пры згодзе ўладальніка пратаколу выпрабаванняў.

За больш падрабязнымі тлумачэннямі прадпрымальнікі могуць звяртацца на сайт РУП «Лідскі ЦСМС» і на сайт Дзяржстандарту, ці непасрэдна ў аддзел па стандартызацыі, сертыфікацыі прадукцыі, паслуг і сістэм якасці РУП «Лідскі ЦСМС».

Валянціна МIКУЛIЧ,
начальнік аддзела па стандартызацыі, сертыфікацыі прадукцыі, паслуг і сістэм якасці РУП «Лідскі ЦСМС»

0 0 180 14 Март, 2018 Сацыяльная сфера Март 14, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *