За парнаграфію ў Інтэрнэце – пазбаўленне волі

Здарэнні і бяспека

У мінулым годзе на Дзятлаўшчыне намецілася некаторае падзенне злачыннасці. Для раёна застаюцца характэрнымі як крадзяжы з дачных дамоў, так і бытавы гвалт. Аднак усё часцей праяўляюцца злачынствы, звязаныя з глабальнай сеткай Інтэрнэт.

Так, у 2017 годзе ў вытворчасці Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь знаходзілася пяць крымінальных спраў аб злачынствах, звязаных з незаконным распаўсюджваннем матэрыялаў парнаграфічнага характару.

1 лютага бягучага года ўзбуджана крымінальная справа па частцы другой артыкула 343 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь на раней не асуджанага грамадзяніна Х., 1986 года нараджэння, жыхара аднаго з населеных пунктаў раёна. З дапамогай мабільнага тэлефона з доступам да сеткі Інтэрнэт ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” размясціў у адкрытым доступе чатыры відэаролікі парнаграфічнага зместу.

Адной з прычын учынення такога віду злачынстваў з’яўляецца прававая неадукаванасць нашага насельніцтва. Напрыклад, чалавек выклаў у сетцы “ВКонтакте” які-небудзь відэаролік ці фатаграфію парнаграфічнага зместу. Гэты ролік ці фатаграфію прагледзелі іншыя асобы. У дзеяннях чалавека, які выклаў парнаграфічны відэаролік ці фатаграфію, утрымліваецца састаў злачынства “выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару”. Санкцыя артыкула, пры ўмове выкарыстання глабальнай сеткі Інтэрнэт, прадугледжвае пазбаўленне волі ад двух да чатырох гадоў.

Безумоўна, гэта сур’ёзнае пакаранне, таму раённы аддзел Следчага камітэта звяртаецца ў першую чаргу, да бацькоў дзяцей – актыўных карыстальнікаў сацыяльных сетак. Рэгулярна вывучайце, што змяшчаецца ў профілях сацыяльных сетак вашых дзяцей на прадмет наяўнасці там файлаў парнаграфічнага зместу, паколькі такія файлы могуць выклікаць прыцягненне дзіцяці да крымінальнай адказнасці.

Таццяна ПРАТАКОВІЧ,
намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *