Валейбол. Дзятлава — Ліда — 3:0 (абноўлена)

Спорт і турызм

У трэцім туры жаночага чэмпіянату Гродзенскай вобласці па валейболе першы матч на сваёй пляцоўцы правяла жаночая  каманда “Дзятлава”. Да гэтага ў двух гасцявых матчах былі пачаргова абыграны каманды Астраўца і Ашмянаў – абедзве па 3:0.

Лідская каманда таксама абыграла каманды Ашмянаў і Астраўца, і таксама па 3:0. Такім чынам дзятлаўскі матч павінен быў даць адказ, хто ў групе “А” стане аднаасобным лідарам. Чакалася напружаная барацьба.

Чаканне спраўдзілася, але толькі для першага сэта. “Дзятлава” ўсё-такі даціснула саперніц – 25:22. А затым… гульня лідскай каманды рассыпалася на драбкі. Кажуць, у складзе саперніц не было асноўнай распасоўшчыцы. Вядома, няма добрага паса, няма і атакуючага дагульвання. Але бракавала лідчанкам не толькі пасу. Не слухаўся іх мяч, пачынаючы з прыёму падачы. Відаць, хутка паверылі ў сваё паражэнне і апусцілі рукі. Як ні “піхала” сваім таваркам трэнер-ігрок Надзея Воранава, завесці каманду не змагла.

Без напружання дзятлаўская каманда пераможна завяршыла два наступныя сэты амаль з аднолькавым лікам  25:13, 25:14. На сетцы ў абароне паспяхова дзейнічала цэнтравая “Дзятлава” Яўгенія Волік. Найбольш вынікова атакавала Вольга Трыпуць. Удала падавала Алена Бойка. Лібера Марта Міцюк справілася са сваімі абарончымі абавязкамі. Не псавала гульню Аліна Сляпцова. Напрыканцы матча з разлікам на наступны пераход у зону першага нумара трэнер Васіль Русін выпусціў на пляцоўку дэбютантку Кацярыну Барысенка. Але дайсці да зоны падачы ёй так і не ўдалося, лідчанкі без прамаруджання здалі канцоўку сэта і матча.

Цяпер каманда “Дзятлава” — аднаасобны лідар групы “А” з максімумам ачкоў пасля трох перамог у трох матчах. Першы круг чэмпіянату завяршыўся.

Другі круг пачнецца праз месяц, у сярэдзіне сакавіка. “Дзятлава” дома прыме саперніц з Астраўца (17 сакавіка) і Ашмянаў (24 сакавіка) і выедзе на апошні матч групы “А” ў Ліду (31 сакавіка). Каб перамагчы ў групе “А” камандзе “Дзятлава” дастаткова выйграць у асноўных канкурэнтак – лідчанак – адзін сэт. Вядома, пры ўмове, што да лідскага матча будуць абыграны дома Астравец і Ашмяны, што прагназуецца.

У наступны этап чэмпіянату з групы выйдуць дзве каманды. Першая каманда групы “А” сустрэнецца ў стыкавым матчы з другою камандаю групы “Б”. Таму стратэгічна важна заняць у групе першае месца і пазбегнуць паўфінальнай сустрэчы з ОСДЮШОР імя Сапегі. “Сапяжанкі” з групы “Б” уяўляюцца самымі грознымі саперніцамі. Калі ж нехта іх апярэдзіць у групе “Б” (там сапернічаюць яшчэ Свіслач, Слонім, Ваўкавыск, Ліда), то падарункам, відавочна, для нас таксама не стане. Стыкавыя паўфінальныя матчы адбудуцца 5 і 12 мая. Першы стыкавы матч – у гасцях.

Каманды вітае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус. Каманда «Дзятлава». Нашы госці з Ліды. Вольга Трыпуць — з лепшых у «Дзятлаве». Паспяховая атака з чацвёртай зоны.

Лідчанкі здаліся ў другім сэце. Перамога. 3:0.Б. Варна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *