Шырокая Масленіца

Падзеі

У нядзелю, 11 лютага, дзятлаўчане адсвяткавалі Масленіцу – з шумным гуляннем, з блінамі праводзілі зіму і сустракалі вясну. Традыцыйна былі падрыхтаваны святочныя мерапрыемствы, спартыўныя конкурсы, наладжаны гандаль.

Вялікі асартымент бліноў прапаноўвалі ўстановы культуры раёна: з яблыкамі, мясам, грыбамі, шакаладам. Паласавацца блінамі, выпечкай, шашлыкамі можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, а пасмакаваць розныя гатункі сыроў запрашала “Сырная страна”. Актыўна ўдзельнічалі і дарослыя, і дзеці ў бяспройгрышных латарэях, куплялі вырабы народных майстроў.

“Хвінявіцкі дом культуры” запрашаў усіх жадаючых да “Варотаў шчасця”: неабходна было завязаць стужку, прайсці праз вароты, каб усё дрэннае засталося за імі.

Актывісты раённых арганізацый “Беларускага саюза жанчын”, “Таварыства Чырвонага Крыжа” і “БРСМ” праводзілі ў гэты дзень пікет у падтрымку кандыдатаў у абласныя і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Частавалі ўсіх гарачым чаем.

Асноўныя святочныя падзеі разгарнуліся каля Цэнтра культуры і народнай творчасці. Тут адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Збірайся народ, Масленіца ідзе”, канцэртную праграму праводзілі калектывы і артысты Дзятлаўскага раёна.

“Будзем спяваць і танцаваць, Зіму з вамі праводзіць!” – заклікалі ўсіх на свята вясёлыя Матрошкі.

З прывітальнымі жартамі і песнямі, пажаданнямі ўсім дабра і шчасця запрашалі далучацца да свята ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Прымакі”. Яны правялі цікавую віктарыну, гульні, забавы і конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні.

Каб Зіма пайшла і саступіла месца Вясне, прыйшлося выканаць яе жаданні, таму ўсе жадаючыя паўдзельнічалі ў танцавальным флэш-мобе, а самыя маленькія – у забаве ад Ямелі.

Віталі сёння Вясну, дарылі ўсім добры настрой песнямі Іван Кашко, Таццяна Загорцава, Ганна Харлінская, народны ансамбль песні і музыкі “Ятранка”, народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі”.

 

А гэтым часам у Цэнтры культуры “Усадзьба БульбаЁсціка” праводзіла інтэрактыўную праграму “Разам весялей”. На міні-футбольнай пляцоўцы стадыёна “Колас” праходзіў зімні чэмпіянат па міні-футболе сярод аматарскіх каманд, у якім прымалі ўдзел каманды “Ніва”, “Лібертас”, “Фэйз” і “Дынама”.

На спартыўныя спаборніцтвы паміж працоўнымі калектывамі раёна запрасіў Дзмітрый Ёда. У гэтым годзе ўдзельнікаў было як ніколі шмат – 11 каманд: РУП “ЖКГ”, ТАА “Ізакам”, РАНС, лясгас, КСУП “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, “Войневічы”, Дзятлаўски сыраробны завод, РЭС, гаргаз, раённая бальніца, якія змагаліся ў пяці конкурсах. Спаборніцтвы праходзілі вельмі эмацыянальна, бурна і азартна. У баі мяшкамі на бервяне перамогу заваявала каманда Дзятлаўскага лясгаса, лепшыя хакеісты – у камандзе раённай бальніцы, упартую перамогу ў перацягванні каната атрымалі ратаўнікі, у конкурсе па пераносе калодак зноў перамагла каманда РАНСа.

Карпатліва падлічыўшы ўсе ачкі, галоўны суддзя спаборніцтваў агучыў вынікі. Першае месца ў турніры заняла каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, другой стала каманда РУП ЖКГ, а на трэцяй пазіцыі – ТАА “Ізакам”.

А напрыканцы Масленіцы, па традыцыі, спалілі пудзіла Зімы, развіталіся з ёю да наступнага года.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 

При любом использовании материалов активная гиперссылка на diatlovonews.by обязательна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *