Прыняты ў атрад юных ахоўнікаў правапарадку

Падзеі

У лютым раённы моладзевы атрад аховы правапарадку імя Івана Талерчыка адзначыў свой чарговы «дзень нараджэння». З гэтай нагоды адбыўся ўрачысты прыём ва ўдзельнікі атрада навучэнцаў старэйшых класаў Наваельнянскай сярэдняй школы. Першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Хілімончык і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч уручылі пасведчанні дзесяці навучэнцам установы адукацы ў прысутнасці іх равеснікаў і педагогаў.

Не адносіцца да новых абавязкаў фармальна, а стаць надзейнымі памочнікамі адміністрацыі школы і праваахоўнікаў заклікаў “навабранцаў” Віктар Петрукевіч. Ён нагадаў навучэнцам, што добрыя справы на карысць краіны – абавязак кожнага грамадзяніна. Таксама начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх правёў з прысутнымі прафілактычную размову на тэму “Бяспека ў інтэрнэт-прасторы і падлеткавыя кіберзлачынствы”, назваў прыклады правапарушэнняў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій, характэрных для непаўналетніх.

Аб тым, што ўяўляе сабой атрад, якія яго задачы і мэты, а таксама правы і абавязкі кожнага, хто ўступіў у яго, расказала Кацярына Хілімончык. Моладзевы лідар падкрэсліла, што ў выпадку добрасумленнага выканання членамі моладзевага атрада аховы правапарадку сваіх абавязкаў раённы камітэт ГА «БРСМ» і раённы аддзел унутраных спраў могуць хадайнічаць пра паступленне ва ўстановы адукацыі міліцэйскага, ваеннага профілю або Міністэрства надзвычайных сітуацый сваіх дружыннікаў, выдаць ім характарыстыкі. Моладзевы атрад аховы правапарадку ў нашым раёне дзейнічае даўно. Старэйшае яго звяно – працоўная моладзь, сярэдняе – вучні старэйшых класаў. На Дзятлаўшчыне ўжо ёсць прыклады паступлення былых удзельнікаў атрада ў навучальныя ўстановы МУС Рэспублікі Беларусь. І пра сваю будучыню паклапаціцца можна ўжо сёння.

У Беларусі моладзевыя атрады аховы правапарадку ўпершыню з’явіліся ў 2004 годзе. Цяпер патрыятычная дзейнасць, ахова правапарадку і прафілактыка правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў работы ГА «БРСМ». Удзельнікі МААП на працягу многіх гадоў аказваюць дапамогу супрацоўнікам праваахоўных органаў у забеспячэнні грамадскага парадку ў час правядзення масавых мерапрыемстваў.

Напрыканцы сустрэчы некаторыя з прысутных у зале навучэнцаў пацікавіліся ў гасцей, ці могуць і яны ўступіць у атрад.

– Гэта магчыма, – адказала Кацярына Хілімончык, – калі у вас выдатныя паводзіны, станоўчая характарыстыка і вы не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *