«Увага! Небяспечны лёд!» Праваліліся пад лёд

Здарэнні і бяспека

У студзені на вадаёмах Беларусі загінулі 12 чалавек. Сярод загінулых 9 чалавек праваліліся пад лёд, у тым ліку, двое непаўналетніх. Тры выпадкі – гэта падзенне ў адкрытую ваду.

Забарона выхада на лёд, якая дзейнічае ў Гродзенскай вобласці з 23 студзеня 2018 года, многіх грамадзян, асабліва рыбакоў-аматараў і школьнікаў, не спыняе – не звяртаюць людзі ўвагі на небяспеку. Між тым, рашэнне аб забароне прынята з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў у час інтэнсіўнага раставання лёду.

Калі тэмпература паветра вышэй за 0ºС утрымліваецца больш за тры дні, трываласць лёду змяншаецца на 25%. Некаторыя ўласцівасці лёду можна вызначыць візуальна: лёд блакітнага колеру трывалы; трываласць белага – у два разы меншая; шэры, матава-белы або з жаўтаватым адценнем лёд самы ненадзейны.

Аказваючы дапамогу чалавеку, які праваліўся пад лёд, памятайце, што да яго трэба набліжацца толькі паўзком. Лепш за ўсё падаваць пацярпеламу жэрдку, багор, шалік, пояс, каб дапамагчы выбрацца з палонкі. Той, хто праваліўся пад лёд, павінен захоўваць спакой, абаперціся грудзьмі на край лёду, выкінуць наперад рукі і паспрабаваць выбрацца з вады. Затым адпаўзці ў бок ад небяспечнага месца. У першую чаргу трэба ўхутаць пацярпелага і хутка даставіць у цёплае памяшканне.

Уладзімір БАРАВІК, 
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *