Ці засвояць бацькі ўрок?

Падзеі

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжана пытанне аб магчымасці вяртання бацькам сына, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і два хадайніцтвы аб прыняцці мераў да бацькоў непаўналетніх, якія належным чынам не выконваюць свае абавязкі.

Прадастаўлены сам сабе

Некалькі месяцаў непаўналетні правёў у сацыяльным прытулку, пакуль з яго бацькамі, абавязанымі асобамі, працавалі спецыялісты службаў прафілактыкі. Дарослыя доўга марудзілі, перш чым прыняць важныя рашэнні.

Падлетак быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за таго, што маці, з якой ён жыве (у яго бацькі — новая сям’я), надавала сыну мала ўвагі. Жанчына злоўжывала алкаголем, а хлопчык быў прадастаўлены сам сабе. Ён не падпарадкоўваўся патрабаванням школьнай дысцыпліны, учыняў і правапарушэнні.

Маці за час знаходжання сына ў прытулку дапусціла некалькі прагулаў на рабоце, прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, была п’янай. Лячэнне ад алкагольнай залежнасці жанчына доўга адкладвала, спасылаючыся на адсутнасць грошай на кадзіроўку.

Закадзіравалася толькі пасля чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім ёй патлумачылі, што без праходжання лячэння ад алкагольнай залежнасці сына не вернуць.

Бацька непаўналетняга не пажадаў забраць сына ў сваю сям’ю, тлумачыў, што не можа належным чынам клапаціцца пра хлопчыка, быў згодны на пазбаўленне бацькоўскіх правоў.

Паколькі маці праявіла больш зацікаўленасці лёсам дзіцяці і нарэшце прайшла кадзіроўку, сына жанчыне вярнулі. Аднак яе і непаўналетняга папярэдзілі, што іх сям’я па-ранейшаму знаходзіцца пад пільным кантролем зацікаўленых службаў. Калі жанчыну заўважаць п’янай, яна будзе накіравана ў ЛПП, тым больш, што папярэдні медыцынскі агляд ужо прайшла. Калі ж парушэнні будзе дапускаць хлопец, яго чакаюць два гады вучобы ў спецыялізаванай навучальнай установе закрытага тыпу.

Папярэдзілі загадзя

Сям’я, дзе гадуюцца двое непаўналетніх, некалькі гадоў знаходзіцца на ўліку як сацыяльна ненадзейная. Першапачатковай прычынай сямейнага недабрабыту былі паводзіны бацькі, які злоўжываў спіртнымі напоямі, агрэсіўна сябе паводзіў. Цяпер мужчына знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, а сітуацыя не наладжваецца ўжо з-за паводзінаў маці. Спецыялісты адказных службаў пры наведванні адзначаюць, што ў доме, дзе жыве сям’я, бывае брудна, пры гэтым не заўсёды можна патрапіць у хату, бо гаспадыня адмаўляецца адчыняць, маўляў, папярэджваць яе аб такіх візітах трэба загадзя. Таксама быў выпадак, калі жанчына забрала дзяцей і паехала ў невядомым накірунку. Непаўналетнія прапусцілі заняткі ў школе, іх адшуквалі педагогі. Навошта і куды вазіла дзяцей, гора-маці не прызнаецца. А нядаўна жанчына нанесла сыну цялесныя пашкоджанні, патлумачыўшы свае паводзіны тым, што хлопчык не хацеў рабіць урокі. Больш дэталёва ў гэтай сітуацыі будзе разбірацца суд.

Праз некалькі месяцаў з месцаў пазбаўлення волі вызваліцца бацька, як гэта паўплывае на жыццё сям’і ў далейшым, пакуль невядома. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама гора-маці пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18, папярэдзілі аб недапушчэнні падобных парушэнняў, расказалі, што з-за яе паводзінаў пачаты збор дакументаў на прызнанне дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Не разлічылі сямейны бюджэт

Сям’я знаходзіцца на ўліку як сацыяльна ненадзейная з-за таго, што бацькі не ў поўнай меры выконваюць абавязкі па выхавані чатырох дзяцей.

Старэйшы сын вучыцца ў спецшколе для дзяцей з парушэннямі мовы. Трое малодшых дзяцей жывуць з бацькамі ў двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, якую дарослым выдзеліла гаспадарка, дзе яны працуюць (маці знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў). Праўда, у дзяцей няма цацак, а ў бацькоў — вялікія запазычанасці за дзіцячы сад, камунальныя паслугі і банкаўскі крэдыт. Паколькі 50% зарплаты мужа ідзе на пагашэнне запазычанасці, сям’я жыве на астатнія грошы і дапамогу на дзяцей. Дарослым, якія раней няправільна разлічылі сямейны бюджэт, цяпер цяжка пагасіць усе запазычанасці. З-за гэтага ў сям’і не заўсёды хапае прадуктаў харчавання. Аднак не толькі складанае фінансавае становішча перашкаджае сям’і жыць нармальна. Гаспадыня не клапоціцца аб падтрыманні належнага парадку дома, хаця ўвесь дзень праводзіць у кватэры з малодшым дзіцём. Жанчына нават не прыехала на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, спасылаючыся на тое, што няма з кім пакінуць малое.

Бацьку пад роспіс азнаёмілі з патрабаваннямі Дэкрэта №18 і папярэдзілі, што ў кватэры, дзе гадуюцца дзеці, неабходна падтрымліваць належны парадак. Таксама для непаўналетніх пастаянна павінен быць запас прадуктаў. Калі дзеці не будуць забяспечаны ўсім неабходным для жыцця, іх прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Каб папоўніць бюджэт сям’і, маці варта задумацца аб выхадзе на работу, а дзіця ўжо можна афармляць у сад.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *