Без права на забыццё

Падзеі

Не так часта ў паўсядзённым жыцці сустракаюцца тыя, хто прайшоў вогненнымі дарогамі Афганістана. Але кожны год 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яны адкладваюць усе свае справы і збіраюцца разам, каб узгадаць сваю баявую маладосць і выказаць даніну павагі тым, хто загінуў у далёкай чужой краіне.

Сёлета ў Дзень памяці на мітынг-рэквіем да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Дзятлаве прыйшлі ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі органаў улады, ваеннага камісарыята, працоўных калектываў і грамадскасці, школьнікі.

У сваіх выступленнях старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік, ваенны камісар раёна Генадзь Суравец падкрэслілі мужнасць, стойкасць і адвагу беларусаў, якія выконвалі свой воінскі абавязак у Афганістане.

– Гэта была вайна, у якой няма дня перамогі, але ёсць подзвігі і трагедыі тысяч людзей,–гаварыў на мітынгу старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.– Адпраўляючы салдат і афіцэраў у чужую азіяцкую краіну, ніхто не ведаў, што іх чакае, але нашы воіны захавалі вернасць прысязе і выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак да канца. Мы ўдзячны воінам-інтэрнацыяналістам раёна за іх мірную працу, за тое, што яны шануюць памяць аб сваіх загінулых таварышах, за тое, што вядуць патрыятычную работу сярод моладзі.Здароўя, поспехаў і дабрабыту вам, паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты. Хай заўсёды над намі будзе мірнае неба.

Не пакінулі нікога раўнадушным кранальныя творчыя нумары, падрыхтаваныя вучнямі СШ №3 горада Дзятлава.

Хвілінай маўчання, вянкамі і кветкамі ўшанавалі прысутныя памяць загінулых на чужой зямлі.

Эстафету памяці прадоўжылі мітынгі ля магілаў загінулых воінаў-інтэрнацыяналістаў, нашых землякоў, Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава ў Дварцы і Наваельні.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *