Калі салдат дае прысягу
Опубликовал

Калі салдат дае прысягу

23 лютага ў Беларусі адзначаюць 100-годдзе Узброеных Сіл. Гэта адметная дата сімвалізуе патрыятызм, гераізм і мужнасць абаронцаў, якія вызвалялі родную зямлю на ўсіх этапах яе гісторыі, якім мы абавязаны мірным небам над галавой, магчымасцю жыць, гадаваць дзяцей. Таксама 23 лютага – агульнае свята тых, хто служыў, служыць ці будзе служыць у войску, людзей, якія любяць сваю Радзіму і гатовы ўсімі даступнымі сродкамі абараняць яе.

Безумоўна, армейская служба лёгкай не бывае, але гэты жыццёвы этап павінен прайсці кожны юнак для таго, каб стаць больш самастойным і мужным.

Як служыцца нашым землякам, як праходзяць іх вайсковыя будні, карэспандэнтка газеты даведалася, пабыўшы ў вайсковай часці 33933 горада Слоніма.

Юрый Аўсяннікаў, малодшы сяржант першай разведвальнай роты:

– Служу дзевяць месяцаў. Першыя паўгода правёў у вучэбным цэнтры пад Барысавам. У Слоніме службу прадоўжыў у званні сяржанта. Дома, у вёсцы Ахонава, мяне чакаюць бацькі, два браты і сястра. Старэйшы брат Раман адслужыў гадоў дзесяць таму, і калі мне прыйшла павестка, падтрымліваў і даваў карысныя парады. Малодшаму Ільі яшчэ давядзецца служыць. Сваімі ўражаннямі пра армію з ім падзялюся я.

Мне служыцца някепска, бо, як бачыце, змог стаць сяржантам. Ды і ў армію пайсці хацелася – тут юнакі вельмі хутка сталеюць. Мяне вайсковая служба навучыла імкнуцца да лепшага і дасягаць поспехаў. У арміі сустрэў шмат новых сяброў і таварышаў. Юнакам, якія чакаюць павестак, раю не баяцца і не сумнявацца, спакойна ісці ў армію: тут выхоўваюць сапраўдных мужчын. Усім, хто ў страі, жадаю моцнага здароўя, цярпення, паспяховай службы і каб дома дачакаліся.

Вадзім Бортнік, радавы першай разведвальнай роты:

– На службе дзевяць месяцаў. Дома, у Наваельні, чакаюць бацькі, сястра, жонка Анастасія, сябры. У армію я ішоў з упэўненасцю, што абавязак кожнага мужчыны – паслужыць Радзіме. Тут юнакі набываюць новыя навыкі, фізічна загартоўваюцца, вучацца дысцыпліне і пунктуальнасці. У арміі зусім па-іншаму пачаў ацэньваць свае магчымасці. Служыцца лёгка, бо раней сябраваў са спортам: гуляў у футбол і валейбол, займаўся лёгкай атлетыкай, ездзіў на спаборніцтвы. Юнакам прызыўнога ўзросту раю таксама заняцца спортам і самазагартоўкай, бо тым, хто ігнаруе здаровы лад жыцця, складана прызвычайвацца да актыўных службовых будняў і фізічных нагрузак. Наогул жа, службы баяцца не варта. Армія – школа жыцця, якую трэба прайсці. Прызыўнікам і вайскоўцам жадаю аптымізму, здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Ігар Нікіпорчык, радавы роты аховы і абслугоўвання:

– У войску я дзевяць месяцаў. Напачатку было складана прывыкаць да армейскай дысцыпліны, бо дома мы рабілі, што захочам, а тут – што загадаюць, плюс строгі распарадак дня. Працую вадзіцелем на “УАЗ-3151”, часта езджу ў вялікія гарады – Брэст, Мінск, Гродна. Перш, чым даверыць мне такую адказную справу, кіраўніцтва ўважліва адсочвала мае паводзіны, навыкі, асабістыя якасці, веданне тэхнікі. Адбор быў строгі. Да арміі мой вадзіцельскі стаж складаў чатыры гады, цяпер мяне можна лічыць прафесіяналам, правераным шматлікімі пазаштатнымі сітуацыямі. Я адказваю не толькі за спраўнасць сваёй тэхнікі, але і за пунктуальнасць камандзіра. Выклікалі яго куды-небудзь у вызначаны час – я павінен даставіць абавязкова. Калі па дарозе падводзіць машына, трэба праяўляць кемлівасць і тэрмінова ўхіляць паломку.

Дома, у аграгарадку Вензавец, мяне чакаюць родныя і дзяўчына. Чакае і дружны, зладжаны калектыў Дзятлаўскай ветлабараторыі, дзе да прызыву працаваў вадзіцелем, куды хачу вярнуцца пасля службы.

Пакуль мы служым, нашы родныя і сябры могуць спаць спакойна – краіна на замку. Жадаю армейцам цярпення і мужнасці.

Антон Румянцаў, радавы першай роты, сёмага асобнага танкавага батальёна:

– За плячыма – дзевяць месяцаў службы, і я магу сказаць, што мне тут падабаецца. Я механік-вадзіцель, ваджу танк, і калі што-небудзь і перашкаджае ў гэтай справе, то выключна неспрыяльнае надвор’е – усё астатняе залежыць ад мяне. Дапамагае мне пераадольваць службовыя цяжкасці мая рота, мой дружны экіпаж. Калектыў тут – галоўнае.

У арміі я навучыўся кіраваць баявой машынай, страляць з розных відаў зброі. Крыху складанай для мяне з’яўляецца фізічная падрыхтоўка, бо мы, танкісты, шмат часу праводзім на тэхніцы, сочым за яе станам і трэніравацца асабліва няма калі.

Дома мяне і малодшага брата Дзмітрыя чакаюць родныя. Дзіма пайшоў служыць праз паўгода пасля мяне, наступным прызывам. Цяпер ён у вучэбным цэнтры пад Барысавам. Тэлефаную брату на выхадных. Калі мяне накіравалі ў вучэбны цэнтр, ён вельмі радаваўся сустрэчы.

Мяркую, што праз пару тыдняў атрымаю водпуск. Сумую па родным горадзе і сябрах, перадаю ім прывітанне. Усім, хто ў войску – удачы і памятайце, што дома вас чакаюць.

Ілья Сёмуха, радавы інжынерна-сапёрнага батальёна:

– У арміі – тры месяцы. Служыцца добра, хаця напачатку было цяжкавата прывыкаць і асвойвацца. З арміі мяне чакаюць бацькі і жонка Ганна. Яна вельмі перажывала, калі я атрымаў павестку. Ганна працуе тут, у Слоніме, і на выхадных прыходзіць мяне наведаць. Як магчымы варыянт нашай будучыні, я разглядаю ідэю пасля тэрміновай службы застацца ў часці на кантрактнай аснове.

Тут цікава, нас вучаць тэорыі і практыцы, выязджаем на палігоны. У далейшым можна будзе атрымаць запатрабаваную ваенную спецыяльнасць.

Тым, хто ў войску, жадаю здароўя і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара

 

 

1 0 449 23 Февраль, 2018 Раённыя падзеі Февраль 23, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *