Марафонка Галіна Карнацэвіч
Опубликовал

Марафонка Галіна Карнацэвіч

Дзятлаўская зямля дала свету таленавітых спартыўных людзей. Сярод іх – майстар спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь Галіна Карнацэвіч (дзявочае прозвішча – Барук).

Галіна Барук нарадзілася ў лістападзе 1969 года ў вёсцы Буйкі, якая на той час размяшчалася на тэрыторыі калгаса “Новае жыццё”. На вучобу ў Яварскую школу хадзіла за тры кіламетры. Як прыпамінае класны кіраўнік Галіны Ірына Гульнік, “Галя заўсёды вельмі адказна ставілася да вучобы. У выпускным класе яна была выдатніцай. Усе грамадскія даручэнні выконвала старанна. З’яўлялася старшынёй савета дружыны піянерскай арганізацыі, а затым – сакратаром камсамольскай арганізацыі. Па характары спакойная, добрая і спагадлівая дзяўчына”.

У пачатку 80-х гадоў на працу настаўнікам фізкультуры ў Яварскую школу быў накіраваны Дзмітрый Кароль (цяпер ён працуе ў Дзятлаўскай гімназіі). Дзмітрый Фёдаравіч неадкладна арганізаваў у школе работу секцыі лёгкай атлетыкі, якою апекавалася сельскае спартыўнае таварыства “Ураджай”.

– Галя Барук дысцыплінавана і сумленна ставілася да выканання заданняў у секцыі, – расказаў Дзмітрый Кароль. Пры пастаянных трэніровачных нагрузках яна была адной з лепшых. Удзельнічала ў раённых спаборніцтвах па атлетыцы. Асабліва ёй удаваліся забегі на доўгія дыстанцыі. У школе яна была, вядома, спартыўным лідарам.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Галя Барук у 1988 годзе паступіла на вучобу ў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, які закончыла ў 1993 годзе па спецыяльнасці гісторыя, выкладчык сацыяльна-педагагічных навук.

На працягу вучобы ва ўніверсітэце Галя прадоўжыла займацца спортам. У 1993 годзе, акрамя ўніверсітэцкага дыплома, яна здабыла і сярэбраны медаль чэмпіянату Беларусі ў бегу на 3000 метраў, выканала нарматыў майстра спорту. Пасля гэтага поспеху Галіну Барук уключылі ў склад зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы. Яна выступала на чэмпіянаце свету 1994 года.

Пачаўшы з дыстанцыі 800 метраў, яна неўзабаве пашырыла свой дыяпазон дысцыплін: 1500, 5000, 10000 метраў. А з 1995 года Галіна Барук выйшла, больш дакладна – выбегла, на міжнародныя марафонскія дыстанцыі.

Застаючыся дзеючай спартсменкай, яна да 1998 года з’яўлялася і спартсменам-інструктарам нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы. У 1999 годзе стала інструктарам-метадыстам Дзяржаўнай установы “Гродзенская абласная школа вышэйшага спартыўнага майстэрства”. Цяпер гэта Гродзенскі абласны комплексны цэнтр алімпійскага рэзерву. З кастрычніка 2014 года спалучае працу трэнера-выкладчыка і інспектара-метадыста цэнтра.

Галіна Карнацэвіч з’яўляецца пераможцай і прызёрам шэрагу марафонаў: Вроцлаў, Леборк (Польшча), Сан-Дыега (ЗША), Будапешт (Венгрыя), Рэймс (Францыя, 3-е месца). Яна была ў  васьмёрцы лепшых у марафонскіх забегах у Венецыі (Італія), Франкфурце, Гамбургу (Германія), Ля-Рашэль (Францыя), Мумбайі (Індыя), Лас-Вегасе (ЗША), Празе (Чэхія). Бегала марафон у Чыба-Экідэна (Японія), у Пекіне (Кітай). Яна пастаянная ўдзельніца марафонскага бегу Дружбы “Друскінінкай – Гродна”, забегаў Міру.

На чэмпіянаце свету ў Хельсінкі (Фінляндыя) у 2003 годзе яна ўстанавіла асабісты рэкорд, удзельнічала ў марафоне на чэмпіянаце Еўропы. Усяго яна прабегла звыш 60 марафонаў, заключны – у 2015 годзе.

Некаторыя свае ўзнагароды, асабістыя медалі Галіна Карнацэвіч падарыла землякам, яны захоўваюцца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Сёння Галіна Паўлаўна Карнацэвіч – паспяховы трэнер-выкладчык.

– Я трэнірую чатырох дзяўчат. Гэта Юлія Кароль, Вікторыя Кушнір, Вольга Краўцова, Ірына Смолава. Яны перспектыўныя спартсменкі. У 2017 годзе выканалі пастаўленую задачу – удзельнічалі ў чэмпіянаце Еўропы.

Дарэчы, Вікторыя Кушнір – ужо майстар спорту міжнароднага класу, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 2017 года ў эстафеце, сярэбраны прызёр чэмпіянату Рэспублікі Беларусь 2017 года на дыстанцыі 800 метраў.

Галіна Карнацэвіч, як і ў свае школьныя гады, актыўная ў грамадскім жыцці. У Цэнтры алімпійскага рэзерву з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. Разам з мужам, які працуе ў гэтым жа цэнтры, выхоўвае сына.

Напрыканцы нашай размовы Галіна Карнацэвіч пажадала землякам здароў’я, поспехаў у працы, міру і дабра.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК, краязнаўца

0 0 280 25 Февраль, 2018 Хто крылы расправіў на роднай зямлі Февраль 25, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *