Камандзір, які не бачыў кулі
Опубликовал

Камандзір, які не бачыў кулі

Абараняць сваю зямлю, прымаць удары і ахвяраваць жыццём – гэта подзвіг, за які шмат хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны атрымліваў званне Героя Савецкага Саюза. Сярод такіх герояў – Рыгор Тарасаў. З 1951 года ён займаў пасаду раённага ваеннага камісара ў Дзятлаве, і яго імя назаўжды заняло значнае месца ў гістарычных хроніках постсавецкай прасторы.

Ён нарадзіўся 25 студзеня 1913 года ў сяле Верхняя Добрынка Жырноўскага раёна Валгаградскай вобласці ў сялянскай сям’і. Савецкі хлопец з ранніх гадоў праяўляў самастойнасць і імкнуўся працаваць. У пошуках заробку ён пераехаў у Туркменістан, у горад Ашхабад, і працаваў там трактарыстам, падлікоўцам. Пасля заканчэння чыгуначнай школы працаваў майстрам, а потым – ва ўпраўленні Ашхабадскай чыгункі. Выконваючы свой мужчынскі абавязак, з 1933 па 1937 год праходзіў тэрміновую службу ў Чырвонай Арміі. Хто ведаў, што ўсе навыкі, якія ён атрымае ў войску, праз некалькі гадоў давядзецца зноў успамінаць. У лістападзе 1941 года Рыгора зноў прызвалі на службу, а разам з тым у 1942 годзе ён паспеў скончыць Арлоўскае ваеннае пяхотнае вучылішча, якое было эвакуіравана ў туркменістанскі Чарджоу.

Потым Рыгор Тарасаў стаў камандзірам батальёна 25-га гвардзейскага стралковага Вісленскага палка, камандзірам гвардыі. Змагаўся на Паўднёва-Заходнім фронце і там атрымаў раненне. Пасля лячэння прыбыў на Сталінградскі фронт. У складзе 24-й арміі ўдзельнічаў у абарончых баях на паўночным захадзе ад Сталінграда, быў другі раз паранены. Але неўзабаве Рыгор Іванавіч вярнуўся ў сваю часць і ўдзельнічаў у контрнаступленні і разгроме Сталінградскай групоўкі праціўніка. За свае ваенныя дзеянні ён быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда».

Герой СССР удзельнічаў у састаўной часці Чарнігаўска-Палтаўскай стратэгічнай аперацыі, у час якой яго дывізія вызваляла Сумскую і Чарнігаўскую вобласці левабярэжнай Украіны. У баях за вёску Камароўка ў Чарнігаўскай вобласці 14 верасня 1943 года камандзір стралковай роты гвардыі старшы лейтэнант Тарасаў падышоў да вёскі і авалодаў яе ўсходняй ускраінай. Адбіў контратаку саперніка. Падняўшы роту ў атаку, узяў вёску Смаляк і знішчыў да 60 салдат і афіцэраў праціўніка. З асабістай зброі ён знішчыў 6 гітлераўцаў. Усё гэта давалася нялёгка, але цвёрды характар браў сваё. Наступная ўзнагарода за подзвігі – ордэн Айчыннай вайны 1-ай ступені.

Пры фарсіраванні Дняпра ў раёне Чарнобыля ў ноч з 22 на 23 верасня 1943 года гвардыі старшы лейтэнант Тарасаў пераправіў сваю роту на падручных сродках, не маючы стратаў у асабістым складзе і матэрыяльнай часткі. На правым беразе ўступіў у бой з праціўнікам. Пасля гэтага атрымаў званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».

Ва ўзнагародным лісце на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза камандзір 25-га гвардзейскага стралковага Вісленскага палка гвардыі падпалкоўнік Абросімаў адзначыў, што пры прарыве абароны саперніка 12 студзеня 1945 года і ў наступных наступальных баях Рыгор Тарасаў паказаў сябе выключна мужным і адважным камандзірам, дасведчаным у сваёй справе, які ўмее кіраваць падраздзяленнямі ў складаных баявых умовах.

Вайна скончылася, калі герой СССР удзельнічаў у Пражскай стратэгічнай наступальнай аперацыі.

Пасля доўгачаканай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 24 чэрвеня 1945 года Герой Савецкага Саюза гвардыі капітан Рыгор Іванавіч Тарасаў удзельнічаў у Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.

Пра свае перажыванні, страты, боль у час вайны і пра свае эмоцыі ад перамогі па-сапраўднаму ведалі толькі ўдзельнікі гэтай страшнай падзеі. Яны гэта адчувалі значна глыбей за астатніх, і многім з гэтымі пачуццямі даводзілася жыць далей.

Рыгор Іванавіч, разумеючы сваё прызванне ў жыцці, працягваў службу ва Узброеных Сілах.

У 1951 годзе яго прызначылі на пасаду раённага ваеннага камісара ў Дзятлаве, але тут  ён прабыў толькі 2 гады. Такую ж пасаду далей ён займаў у Дзяржынскім і Слуцкім ваенных камісарыятах, а ў 1959 годзе быў звольнены ў запас Узброеных Сіл. Гады ўжо не дазвалялі знаходзіцца на ваеннай службе.

Ён выехаў у Ленінград і працаваў там дырэктарам гандлёвага прадпрыемства, а потым перабраўся ў гарадскі пасёлак Кузьмалоўскі.

Так склаўся лёс, што Герой СССР Рыгор Іванавіч Тарасаў на працягу амаль усяго свайго жыцця мяняў краіны, гарады і пасёлкі. У маі 1993 года яго не стала. Ён пахаваны на могілках пасёлка Токсава Усеваложскага раёна – зусім не там, дзе нарадзіўся. Але, нягледзячы на гэта, ён памёр на сваёй Радзіме, якую з адданасцю і мужнасцю адстойваў у ворагаў.

Матэрыял падрыхтавалі
Валянцін АБУХАЎ,
вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні ваенкамата Дзятлаўскага раёна;   
Юлія БАКУНОВІЧ,
карэспандэнтка газеты “Перамога”

1 0 216 23 Февраль, 2018 Сацыяльная сфера Февраль 23, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *