Жыццё ў яркіх фарбах
Опубликовал

Жыццё ў яркіх фарбах

28 лютага споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння беларускага мастака Вікенція Іванавіча Ражко, ураджэнца вёскі Гярбелевічы Дзятлаўскага раёна.

Вікенцій Іванавіч у шматдзетнай сялянскай сям’і быў сёмым дзіцём. З дзяцінства любіў бываць на прыродзе, любаваўся яе прыгажосцю і марыў стаць мастаком. У 13-14 гадоў бацька збіраўся аддаць хлопчыка ў вучылішча іканапісу, але лёс распарадзіўся інакш.

Першыя прафесійныя навыкі атрымаў у 9-10 класах ад мастака-педагога Уладзіміра Жука, які прыехаў з Мінска на працу ў Казлоўшчынскую школу. Свайго настаўніка Вікенцій Іванавіч успамінае і цяпер з вялікай удзячнасцю.

У 1966 годзе, пасля школы, будучы мастак паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Авалодваў майстэрствам алейнага жывапісу ў вядомага беларускага мастака А. Някрасава. Акварэль у інстытуце выкладаў адзін з выдатных заснавальнікаў беларускай акварэлі Ф. Гумен. Дзякуючы гэтым педагогам,  Вікенцій Іванавіч атрымаў грунтоўныя веды і падрыхтоўку ў галіне выяўленчага мастацтва. Ужо ў студэнцкія гады юнак прымаў удзел у шматлікіх гарадскіх мастацкіх выставах.

Пасля заканчэння педінстытута, з 1971 года, Вікенцій Іванавіч выкладаў выяўленчае мастацтва ў першай школе гарадскога пасёлка Зэльва. У 1975 годзе пераехаў у Ваўкавыск, працаваў мастаком у філіяле Гарадзенскіх мастацка-вытворчых майстэрняў “Мастацтва” да 1992 года. Два гады настаўнічаў у СШ №6 горада Ваўкавыска. З 1994 года выкладаў выяўленчае мастацтва ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы.

Цяпер Вікенцій Іванавіч на заслужаным адпачынку, жыве ў Ваўкавыску, мае двух сыноў. Малодшы, Аляксей, скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці радыёфізіка, працуе ў Калінінградзе. Старэйшы, Аляксандр, скончыў завочна юрыдычны факультэт у тым жа ўніверсітэце. Дарэчы, сыны вельмі здольныя і маглі б стаць добрымі мастакамі, але выбар зрабілі яны, а Вікенцій Іванавіч не настойваў. Да гэтай пары бацька  беражэ іх дзіцячыя малюнкі.

Вікенцій Іванавіч Ражко – удзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставаў з 1971 года. Член Беларускага Саюза мастакоў з 1991 года.
Працуе ў станковым жывапісе (акварэлі), пераважна ў жанры пейзажа і партрэта, станковай графіцы. Сярод вядомых яго твораў – “Месяц”, “Марозны вечар”, “Прайшоў летні дождж”, “Легенда аб горадзе”, “Краявід з храмам”, “Сакавік”, “Партрэт сястры”, прысвечаны роднай сястры Яніне і іншыя. Адзін з яго твораў пад назвай “Валокі” прысвечаны малой радзіме – роднай вёсачцы.

Творы мастака знаходзяцца ў прыватных зборах Польшчы, Чэхіі, Канады, Германіі і Беларусі.

Дзякуючы настойлівай працы, пастаяннаму пошуку, Вікенцій Іванавіч авалодаў сакрэтамі акварэльнага жывапісу, менавіта ў гэтым жанры знайшоў сваё прызванне. Простая тэхніка маляўнічых палотнаў вельмі тонка перадае сувязь яго душы з прыродай.

На малой радзіме Вікенцій Іванавіч бывае даволі часта. У Казлоўшчыне жыве родная сястра Яніна Грамадская, у Явары пахаваны яго бацькі.

Ірына ЯКАЎЧЫК,
галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Стоит почитать:

Працаваць – значыць працаваць добрасумленна

Заўсёды ў цэнтры падзей

Марафонка Галіна Карнацэвіч

Акадэмік вярнуўся дадому

2 0 439 28 Февраль, 2018 Хто крылы расправіў на роднай зямлі Февраль 28, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *