Вярнуцца ў гады юнацтва
Опубликовал

Вярнуцца ў гады юнацтва

Штогод у першую суботу лютага выпускнікі спяшаюцца ў свае школы, якія калісьці ў дзяцінстве сталі роднымі на ўсё жыццё.

3 лютага для сустрэчы з выпускнікамі адчыніла свае дзверы і сярэдняя школа №3 горада Дзятлава. У родную школу выпускнікі з’ехаліся з усіх куткоў Беларусі.

Вучні і класныя кіраўнікі 11-х класаў Аксана Якаўчык і Святлана Урбан падрыхтавалі ўрачыста-забаўляльную праграму, на працягу якой былі жарты, сцэнкі са школьнага жыцця, гучалі песні на рускай і англійскай мовах у выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля, кіраўніком якога з’яўляецца Валянцін Палухін. Выхаванцы ВІА “Арэал” і “Юніс” дэманстравалі майстэрскую ігру на музычных інструментах. Адкрыў святочны канцэрт выпускнік школы, а цяпер настаўнік інфарматыкі Мікіта Чубрык з песняй “Аднакласнікі”.

Для віншавання ўсіх прысутных з гэтым выдатным святам вядучыя прадаставілі слова дырэктару школы Івану Кібіню, які пажадаў прысутным не забываць родныя пенаты, прыводзіць вучыцца ў школу сваіх дзяцей, часцей заходзіць у госці, бо дзверы школы заўсёды адчынены ўсім выпускнікам.

На працягу вечара забаўлялі гасцей удзельнікі тэатральнай студыі “Юныя акцёры”, “новыя рускія бабкі” – Уладзіслаў Круглоў і Ягор Стракоўскі, працавалі карэспандэнты гуртка “Юны журналіст”.

Кожны год школа ўшаноўвае выпускнікоў-юбіляраў. У гэтым годзе такога гонару ўдастоіліся выпускнікі 1993, 1998, 2003, 2008 і 2013 гадоў. Для юбіляраў была падрыхтавана прэзентацыя фатаграфій, на якіх прысутныя з задавальненнем пазнавалі сябе і сваіх сяброў. Выпускнікі-юбіляры падрыхтавалі віншаванні для сваіх першых настаўнікаў і класных кіраўнікоў, выказалі ўдзячнасць у іх адрас, уручылі букеты, а выпускнікі 1998 года падарылі ўсім прысутным песню.

Мы папрасілі выпускнікоў і педагогаў падзяліцца з намі думкамі аб тым, з якім настроем яны ішлі сёння ў школу, чаго чакалі ад вечара сустрэчы са школьнымі сябрамі, ці сумуюць яны па школе.

Ларыса Брагіна: “Вельмі ўдзячная маім выпускнікам – маладым калегам Аксане Якаўчык і Святлане Урбан за тое, што запрасілі мяне на гэты выдатны вечар, які дазволіў мне, няхай нават ненадоўга, вярнуцца ў гады маёй маладосці. Шчаслівая, што традыцыі, якія былі пачаты даўно намі, падтрымліваюцца маладымі творчымі настаўнікамі. Падрыхтоўка падобных канцэртаў па-ранейшаму застаецца на самым высокім узроўні. Гэта заслуга, канечне, і Валянціна Палухіна. Я не магла надыхацца школай, атрымала асалоду ад размовы са сваімі дарагімі калегамі. Для мяне вечар сустрэчы – гэта добры зарад энергіі, бадзёрасці”.

Ірына Камарова, выпускніца 1998 года: “З многімі сваімі аднакласнікамі я не бачылася 20 гадоў, з таго часу, як мы скончылі школу. Гэта была вельмі цёплая і прыемная сустрэча школьных сяброў, з якімі мы правялі дзяцінства і юнацтва. Рады былі зноў пабачыцца з класнымі кіраўнікамі Таццянай Марцінкевіч і Крысцінай Орсік (іх наведалі напярэдадні дома) і Раісай Мялешка, першым настаўнікам – Святланай Ванчук. Для мяне трэцяя школа родная ўдвая, бо тут цяпер вучыцца мая дачка”.

Вольга Роўба, выпускніца 2003 года: “15 гадоў з моманту заканчэння школы праляцелі непрыкметна. Мае аднакласнікі засталіся ў душы дзяўчынкамі і хлапчукамі, хоць шмат чаго дасягнулі ў жыцці. Яны ведаюць, што дзверы школы для іх заўсёды адчынены, і за гэта ўдзячны адміністрацыі і настаўнікам. Усім маім аднакласнікам хачу пажадаць заставацца такімі вясёлымі і добразычлівымі, як і шмат гадоў таму. Няхай усе планы і мары, якія яны не паспелі яшчэ ўвасобіць у жыццё, абавязкова спраўдзяцца”.

Сяргей Каціла, выпускнік 2013 года: “Яшчэ зусім нядаўна я сам стаяў на сцэне як выпускнік 11 класа і вітаў усіх гасцей. Не магу паверыць, што прайшло ўжо 5 гадоў з таго часу. Сёння выдатнае свята нам падарылі адзінаццацікласнікі і іх настаўнікі. Я ганаруся тым, што сам з’яўляюся выпускніком гэтай школы, і тым, што наш выпуск прынёс нямала перамог школе ў навуковай і спартыўнай сферы”.

Вераніка ЛАМАКА,
удзельніца гуртка “Юны журналіст” сярэдняй школы №3 г. Дзятлава

4 0 668 07 Февраль, 2018 Раённыя падзеі Февраль 7, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *