Вандалізм ці недахоп выхавання?
Опубликовал

Вандалізм ці недахоп выхавання?

У рэдакцыю газеты “Перамога” патэлефанавалі работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ і паведамілі, што нядаўна на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры быў пашкоджаны сімвал горада – герб Дзятлава (шкляны барэльеф, які знаходзіўся пад аркай). Тут праходзілі ўсе гарадскія мерапрыемствы і ўрачыстасці. На фоне аркі любілі фатаграфавацца госці райцэнтра, якія прыязджалі не толькі з розных куткоў нашай рэспублікі, але і з-за мяжы. Мяркую, падобныя фотаздымкі ёсць і ў альбомах саміх дзятлаўчан.

На жаль, нядаўняе здарэнне высветліла, што далёка не ўсе жыхары нашага горада беражліва адносяцца да яго сімвалаў, традыцый і гістарычнай спадчыны. Балюча гэта разумець, ацэньваючы ўчынкі сучаснікаў. А вось вялікія дзеячы мінулага шмат клапаціліся пра былы Здзецела, робячы яго больш прыгожым і ўтульным, стараючыся для будучых пакаленняў.

Упершыню Дзятлава ўзгадваецца ў гістарычных дакументах у1498 годзе, калі “Двор Здзецела” (так тады называлася гэтая мясцовасць) быў падораны палкаводцу Вялікага Княства Літоўскага князю Канстанціну Астрожскаму, дарэчы, праўнуку святога Феадосія Пячэрскага (Фёдара Данілавіча Астрожскага), які таксама быў палкаводцам, а ў старасці падвізаўся ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Герб Астрожскіх з’яўляецца часкай герба Дзятлава як напамін пра гэты вядомы і заслужаны род. І менавіта на ім, па іроніі лёсу, аказалася адна з “прабоінаў”.Ці ўсе жыхары нашага горада дакладна ведаюць гісторыю родных мясцін? Імёны ранейшых мецэнатаў? Відаць, што не ўсе, інакш не паднялася б рука псаваць гістарычныя сімвалы. Між іншым, бессэнсоўна жорсткае разбурэнне гістарычных помнікаў і культурных каштоўнасцяў – гэта вандалізм. Але ацэнку непрыгожаму ўчынку дзятлаўчаніна павінны даць прафесіяналы.Больш падрабязна пра здарэнне на плошчы карэспандэнтка газеты даведалася ад дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргея Луні.– У рэканструкцыю плошчы 17 Верасня ў горадзе Дзятлаве ў свой час былі ўкладзены значныя сродкі. Гэта рабілася для таго, каб наш горад быў прыгожы і ўтульны, каб па яго цэнтры з задавальненнем гулялі, адпачывалі тут у вольны час дарослыя і дзеці.Герб горада знаходзіўся на плошчы пад аркай. Прыгожы шкляны барэльеф радаваў і мясцовых жыхароў, і гасцей на працягу некалькіх гадоў. Аднак у адзін са студзеньскіх ранкаў 2018 года работнікі камунгаса, якія прыбіралі тэрыторыю, заўважылі, што сімвал горада варварскі пашкоджаны ўдарам.Пра здарэнне камунгас паведаміў у аддзел унутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Па свежых слядах міліцыя высветліла, хто і чаму разбіў герб. Аказалася, што адзін з удзельнікаў гэтай “акцыі” – жыхар горада. Праваахоўнікі спрацавалі аператыўна: па відэазапісах з камер назірання ўстанавілі парушальніка.Адразу пасля гэтага да нас прыйшлі “хадакі” з просьбай мінімізаваць наступствы ад непрыгожага ўчынка, абяцаючы аднавіць герб і выплаціць матэрыяльны ўрон. Але пра што вінаваты думаў раней? А маладому чалавеку, які трапна запусціў бутэлькай у сімвал горада, — 21 год. Мяркую, у такім узросце ён ужо здольны ацэньваць свае дзеянні. Дарэчы, кошт герба даволі значны. У сувязі з гэтым узбуджана крымінальная справа.Няхай судовая справа над дзятлаўчанінам стане ўрокам для тых, хто надумаў нашкодзіць у родным горадзе. А жадаючыя, на жаль, знаходзяцца. Дзятлаўскі РУП ЖКГ займаецца ўборкай не толькі вуліц горада, але і прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў. У нас для гэтага ёсць невялікі штат дворнікаў. І кожны год назіраем такую карціну: калі растае снег, пад вокнамі і балконамі некаторых курыльшчыкаў “вырастаюць падснежнікі” – дзясяткі, а то і сотні бычкоў ляжаць на зямлі. Амаль у кожным шматпавярховым доме знаходзяцца 2-3 кватэры, з якіх курыльшчыкі рэгулярна кідаюць іх уніз, замест попельніцы. Гэтыя кватэры мы ведаем. Сёлета мяркуем сабраць  “падснежнікі” і заклікаць раённыя радыё і газету “Перамога” на ўрачыстае ўручэнне іх гаспадарам з абавязковым фота на памяць.Яшчэ адна праблема нашага горада – надпісы на сценах шматпавярховых дамоў ад аматараў графіці. Каб іх зафарбаваць, такасама неабходны грашовыя сродкі.Варта ўзгадаць і пра урны для смецця, якія стаяць на вуліцах. Сумна, калі пасля выхадных яны перавернуты, а смецце валяецца вакол. Несумленная моладзь “адпрацоўвае” на іх удары нагамі. Падобнае раней адбывалася і на вуліцы Кірава з бетоннай агароджай, і з вулічнымі ліхтарамі па Чырвонаармейскай, у якія стралялі з пнеўматыкі.Чаму людзі ніяк не могуць усвядоміць, што чыста і ўтульна там, дзе не смецяць і не псуюць. Што на выпраўленне ўсіх гэтых “мастацтваў” ідуць грошы з гарадскога бюджэту, які фарміруем мы з вамі за кошт падаткаў з кожнай зарплаты. Гэта нашы грошы і наш горад, няўжо так цяжка іх берагчы, а маладзецкую энергію накіроўваць на добрыя справы? Каментарый спецыяліста Аляксей Кашко, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку АУС Дзятлаўскага райвыканкама:– Калі ў міліцыю паступіла паведамленне Дзятлаўскага РУП ЖКГ аб тым, што пад цэнтральнай аркай на плошчы 17 Верасня горада Дзятлава невядомая асоба пашкодзіла пано з выявай герба, на месца здарэння выехала аператыўна-следчая група. Пачалі адпрацоўваць бар “Дзядзя Ваня” і запісы камер відэаназірання. Выйшлі на трох чалавек, якія ў той вечар ужывалі спіртное ў бары. У час размовы з імі высветлілася, што супрацьпраўныя дзеянні ўчыніў жыхар Дзятлава, 1996 года нараджэння, які нядаўна вярнуўся з арміі, нідзе не працуе. З бара хлопец выйшаў з сябрамі і бутэлькай піва ў руках. Напярэдадні малады чалавек пасварыўся са сваёй дзяўчынай. Гэты факт і ўздзеянне спіртнога падштурхнулі яго на супрацьпраўны ўчынак: ён кінуў пустую бутэльку ў пано і разбіў яго. Як толькі асколкі шкла пасыпаліся на зямлю – нецвярозая кампанія ўцякла з месца здарэння.На правапарушальніка ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства). Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ да 2-х гадоў, або арышту, або абмежавання волі да 2-х гадоў, або пазбаўлення волі да 3-х гадоў.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 

2 0 386 08 Февраль, 2018 Здарэнні Февраль 8, 2018

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *